Усе навіны

Абаронца «Слуцку» Былінкін пра матч з «Уралам»: «Міжнародных гульняў мала. Гэта шанец паказаць сябе і ўбачыць узровень»

7 кастрычніка, 09:21

Абаронца «Слуцка» Мікіта Былінкін пракаментаваў перамогу над «Славіяй» (1:0) і выказаўся наконт матчу зборнай клубаў ЧБ з «Уралам» Віктара Ганчарэнкі.

– Чаму ў матчы супраць «Славіі» першы і другі таймы «Слуцка» атрымаліся такімі рознымі?

– У першай палове тактычна падладжваліся пад суперніка. Разумелі, што будзе цяжка як фізічна, так і ментальна. Прыглядаліся, спрабавалі прылаўчыцца. А ў другой, зразумеўшы як яны дзейнічаюць, дадалі ў сваёй гульні, таму стала больш атрымлівацца, супакоілі гульню. Як вынік – заслужаная перамога.

– Каманда выдала непрыемную серыю з шасці матчаў без перамог. Гэта ціснула на вас, абмяркоўвалася сярод гульцоў?

– Не асабліва. Бо ўсе гульні былі рознымі. І мы рабілі правільныя высновы. Напрыклад, апошнія дзве нічыі былі безгалевымі, але наш пазітыў заключаўся ў тым, што згулялі на нуль. Наперадзе не ўсё ладзілася, гэта праўда, але сённяшняй гульнёй мы даказалі, што зладзіліся з гэтым.

– Як ацэніце сезон «Слуцка» з пункту гледжання якасці футбола і колькасці набраных ачкоў?

– Лічу, што мы недабралі сваё ў сустрэчах з «Белшынай» і «Смаргонню», бо стварылі шмат момантаў, маглі выйграць. У цэлым па сезоне набор ачкоў нас задавальняе. Зразумела, ёсць непрыемны асадак ад матчаў, у якіх прапускалі ў канцоўцы ці не маглі рэалізаваць уласныя магчымасці на апошніх хвілінах.

– Вы атрымалі выклік у зборную клубаў вышэйшай лігі на матч супраць «Урала». Хай і не нацыянальная каманда, але тым не менш годная ацэнка вашай гульні, ці не так?

– Вядома, прыемна. Бо адчуваеш, што за табой назіраюць, адзначаюць прагрэс. Відаць, сапраўды апошнім часам паказваю добры футбол, таму заўважылі.

– Многія называюць матч з «Уралам» выставачным. Для вас у ім якая матывацыя?

– Думаю, кожны гулец, які прыедзе выступаць у нашай камандзе, будзе паказваць сябе з найлепшага боку і даказваць, што яго не проста так запрасілі. Для нас ён дакладна не будзе выставачным.

– Лічыце гэта добрай ініцыятывай?

– Так. Цяпер не так шмат міжнародных гульняў у каманд, няма замежных збораў. Праверыць сябе на фоне футбалістаў іншага ўзроўню магчымасці няма. Так што разглядаю гэта як шанец паказаць сябе, убачыць і гэты ўзровень, – сказаў Былінкін.