Усе навіны

Веа прызнаў паражэнне на прэзідэнцкіх выбарах у Ліберыі пасля 6 гадоў ва ўладзе

18 лістапада, 17:14

Джордж Веа пакіне пасаду прэзідэнта Ліберыі.

Дзейны кіраўнік дзяржавы прайграў другі тур прэзідэнцкіх выбараў апазіцыйнаму кандыдату Джозэфу Бокаю. Апошні набраў 50,89% галасоў – за яго прагаласавала на 28 тысяч чалавек больш, чым за Веа. Джордж прызнаў паражэнне.

«Ліберыйскі народ выказаўся, і мы пачулі ягоны голас. Аднак шчыльнасць вынікаў сведчыць аб глыбокім расколе ўнутры нашай краіны.

Давайце пераадолеем рознагалоссі, выкліканыя выбарчай кампаніяй, і аб’яднаемся як адна нацыя і адзіны народ», – сказаў былы футбаліст, паабяцаўшы працягваць працаваць на карысць Ліберыі. Адзіны афрыканскі ўладальнік «Залатога мяча» (1995 года) пакіне пасаду прэзідэнта краіны ў студзені.

Экс-гулец «Манака», «ПСЖ» і «Мілана» Веа кіраваў дзяржавай са студзеня 2018 года пасля перамогі на выбарах у снежні 2017-га.

Крытыкі абвінавачвалі яго ўрад у карупцыі (так, у 2022-м тры чыноўнікі яго ўрада патрапілі пад санкцыі ЗША з-за меркаванай карупцыі), а яго самога – у невыкананні абяцання палепшыць жыццё самых бедных пластоў насельніцтва. У 2019–2020 гадах у краіне прайшлі пратэсты з-за эканамічных праблем, на якіх пратэстуючыя патрабавалі адстаўкі Веа.