Усе навіны

Беларускі трэнер: «Нас чакае падзенне ўзроўню чэмпіянату, адсутнасць еўракубкавых поспехаў, а грамадскасць і чыноўнікі будуць незадаволеныя беларускім футболам. Вось такі сюррэалізм»

1 студзеня, 19:58

Беларускі трэнер выказаўся пра магчымае паніжэнне столі заробкаў у чэмпіянаце Беларусі.

«Ліміт на заробкі быў уведзены раней, і відавочна, што ўзровень чэмпіянату знізіўся. З'ехалі многія легіянеры і ўсе мясцовыя, хто змог знайсці больш-менш прымальныя варыянты працаўладкавання за мяжой. А далей будзе толькі горш. Будуць зʼяжджаць, на іх месца будуць прыходзіць маладыя і гульцы з ніжэйшых ліг. Пра еўракубкавыя поспехі можна забывацца.

Пры гэтым чыноўнікі гавораць, што зніжаюць столь якраз з-за адсутнасці поспехаў нашых клубаў у еўракубках. Шкада, [так званае] «Мінспорту» не ўдакладніла, што менавіта мела на ўвазе пад «поспехамі». Можна падумаць, раней мы змагаліся за перамогу ў Лізе Еўропы ці Лізе канфэрэнцый. Калі браць за поспех выхад ў групавую стадыю, то няхай прааналізуюць склады БАТЭ і «Дынама» тых гадоў, калі гэтыя калектывы там выступалі. Потым – узровень заробкаў тых гульцоў. Людзям, якія разбіраюцца ў футболе, ўсё стане зразумела.

Што да ўзроўню аплаты па новым ліміце, то для простых людзей ён усё роўна будзе здавацца завышаным. Але гэта, зноў жа, адлюстраванне агульнабеларускай сітуацыі.

Калі падсумаваць, то нас чакае далейшае падзенне ўзроўню ўнутранага чэмпіянату, адсутнасць еўракубкавых поспехаў, а грамадскасць і чыноўнікі ўсё роўна будуць незадаволены беларускім футболам. Вось такі сюррэалізм», – сказаў трэнер.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.