Усе навіны

Зацверджаныя зніжаныя ліміты заробкаў для футбалістаў і трэнераў вышэйшай лігі

13 студзеня, 12:35

13 студзеня афіцыйна апублікавалі дакумент «кабміна» Лукашэнкі, які знізіў ліміт заробкаў у вышэйшай лізе ЧБ па футболе для каманд, якія атрымліваюць дзяржпадтрымку.

Ліміты дзейнічаюць на кантракты, заключаныя з 4 снежня 2023 года. Умовы дагавораў, заключаных да гэтай даты, не мяняюцца, аднак іх нельга прадоўжыць без уліку новых абмежаванняў.

Новыя гранічныя памеры выплат у месяц складаюць для:

• звычайных футбалістаў: 21 базавая стаўка (5250 рублёў, 1660 долараў на дату публікацыі дакумента), памяншэнне на 27,6%;

• футбалістаў, якія згулялі ў афіцыйным матчы за зборную Беларусі ў перыяд двух каляндарных гадоў перад датай заключэння кантракта: 64 базавыя стаўкі (16000 рублёў, 5058 долараў), памяншэнне на 16,9%;

• максімум чатырох футбалістаў, якія атрымліваюць надбаўкі не са сродкаў дзяржпадтрымкі: 64 базавыя стаўкі (16000 рублёў, 5058 долараў), памяншэнне на 22,9%, таксама раней выплаты дазваляліся пяці гульцам;

• галоўнага трэнера: 42 базавыя стаўкі (10500 рублёў, 3319 долараў), памяншэнне на 30%;

• максімум трох трэнераў, якія атрымліваюць надбаўкі не са сродкаў дзяржпадтрымкі: 22 базавыя стаўкі (5500 рублёў, 1739 долараў), памяншэнне на 8,3%.

Для спартсменаў-«стажораў» (звычайна дублёры), звычайных трэнераў, урачоў і аператараў ліміт не памяняўся, ён складае 14 базавых ставак (3500 рублёў, 1106 долараў).

Адзначым, частку названых даных 29 снежня апублікавала «Зеркало», заявіўшы, што атрымала інфармацыю з дакумента дзякуючы арганізацыі былых «сілавікоў» BELPOL.

Падрабязна змены лімітаў за апошнія гады апісаныя па спасылцы ніжэй.