Усе навіны

Аляксандр Ануфрыеў: «Памылкі БАТЭ – нашыя праблемы»

7 красавіка, 12:22

Паўабаронца БАТЭ Аляксандр Ануфрыеў падвёў вынік матчу супраць «Гомеля» (1:3).

– Не магу сказаць, чаго не хапіла. Накшталт і імкнуліся, і выконвалі тое, што прасіў трэнерскі штаб. Ня ведаю, як сказаць. Ратацыя ці не наш дзень. Лічу, недазваляльна перад сваімі заўзятарамі гуляць так, як мы ў першым тайме. Гэта – нашы памылкі, нашы праблемы. Думаю, трэнерскі штаб усё пакажа нам на відэа, мы разбяром недахопы і будзем рухацца далей і цешыць нашых заўзятараў.

– Ці можна сказаць, што непрыемна здзівіў каманду хуткі гол «Гомеля»?

– Так, так. Гэта стандарт, разбяром памылку пасля прагляду відэа і будзем рухацца далей.

– Як адчуванні ад гульні на натуральным полі?

– Тыдзень трэніраваліся на траве. Лічу, што ў нас усе былі гатовы. Добры, якасны газон, які даваў камбінаваць і гуляць у футбол. Нажаль, не ўсё атрымалася.

– Не магу не спытаць пра гомельскае мінулае. Ці наведала пачуццё настальгіі?

– Ды не, зараз я гулец БАТЭ. Я тут пачынаў гуляць, тут мае бацькі і я вельмі шчаслівы быць у Барысаве. Так, прыемна бачыць рабят, з якімі гуляў. Па ўсіх засумаваў, усіх рады бачыць, з усімі добрыя адносіны. Усіх гатовы прыняць у Барысаве ў любы момант да сябе ў госці. На дадзены момант я гуляю ў БАТЭ і мне прыемна выступаць пры заўзятарах, якія сабраліся на Гарадскім. На жаль, сёння мы іх не парадавалі. Будзем выпраўляцца ў наступнай гульні, – сказаў Ануфрыеў.