Tribuna/Футбол/Блогі/Кампані вядзе «Бернлі» да вяртання ў АПЛ – накупіў гульцоў з Бельгіі і ўпэўнена лідзіруе ў Чэмпіёншыпе

Кампані вядзе «Бернлі» да вяртання ў АПЛ – накупіў гульцоў з Бельгіі і ўпэўнена лідзіруе ў Чэмпіёншыпе

Каманда нарэшце гуляе ў прывабны футбол.

7 лютага 2023, 14:14
1
Кампані вядзе «Бернлі» да вяртання ў АПЛ – накупіў гульцоў з Бельгіі і ўпэўнена лідзіруе ў Чэмпіёншыпе

Пакуль усе жартавалі пра тое, што сенсацыйную перамогу над «Арсеналам» аформіў не «Эвертан», а «Бернлі», сапраўдны «Бернлі» ў літаральна паралельным матчы ў Чэмпіёншыпе вынес «Норвіч» з лікам 3:0 і зрабіў яшчэ адзін крок да вяртання ў англійскую прэм'ер-лігу.

Праўда, гэты «Бернлі», акрамя некалькіх футбалістаў, якія засталіся ў абойме, не мае нічога агульнага з той камандай Шона Дайча. Зараз за штурвалам стаіць Венсан Кампані, які пераносіць у трэнерскую дзейнасць веды і досвед сваёй футбольнай кар“еры – і яны дапамагаюць трансфармаваць антыфутбольных «кларэтаў» у каманду, якая не проста лідзіруе ў чэмпіянаце, але і гуляе ў прывабны футбол.

«Бернлі» ўпэўнена лідзіруе ў Чэмпіёншыпе, нягледзячы на песімізм фанатаў. Адна з прычын – крутая трансферная палітыка

У сезоне 2021/22 «Бернлі» скончыў сваё 6-гадовае (часам вельмі паспяховае) знаходжанне ў АПЛ – Шон Дайч сышоў яшчэ да канца сезона пасля серыі няўдалых матчаў, але і без яго клуб не змог утрымацца.

Маштабная перабудова, змена пакаленняў і зыход найлепшых футбалістаў зусім не надавалі аптымізму заўзятарам, а самыя песімістычныя з іх увогуле асцерагаліся паўтарэння гісторыі з «Сандэрлендам» – вылету ў Лігу 1 у першым жа сезоне.

Зрэшты, усё склалася дыяметральна супрацьлегла – пасля 29 матчаў «кларэты» ўпэўнена займаюць першы радок у Чэмпіёншыпе:

У падапечных Венсана Кампані ўсяго 2 паразы ў бягучым сезоне, а адрыў ад найбліжэйшага праследавацеля складае 7 ачкоў – надзвычай вялікі кантраст у параўнанні з першымі пяццю паядынкамі ў сезоне 2022/23, у якіх у «Бернлі» была толькі адна перамога і месца на экватары турнірнай табліцы.

У кубкавых турнірах – таксама адносна нядрэнная сітуацыя. У Кубку лігі Кампані і кампанію на «Олд Трафард» спыніў «Манчэстэр Юнайтэд», а ў Кубку Англіі каманда ўсё яшчэ працягвае свой шлях – згуляла ўнічыю з «Іпсвічам» у 1/16-й фіналу, таму чакае паўторнай гульні.

Адзін з галоўных фактараў, чаму клуб так упэўнена крочыць на працягу сезона – карэктная трансферная палітыка. Нават у Чэмпіёншыпе наўрад ці можна ўявіць клуб, які без адносна невялікіх выдаткаў будзе лічыцца адным з галоўных канкурэнтаў на прамоўшн. Аднак «Бернлі» сёлета разбурае і гэты стэрэатып.

З 73,5 млн еўра, якія клуб зарабіў на трансферах летам 2022-га (прадалі Натана Колінса, Максвела Карне, Дуайта Макніла і Ніка Поўпа), у новых футбалістаў «Бернлі» інвеставаў усяго 24 млн еўра. На першы погляд, сума не ўражвае, аднак раскрываецца пад новым вуглом, калі гаворка ідзе адразу пра дзевяць новых футбалістаў.

Адно з галоўных патрабаванняў Венсана Кампані да кіраўніцтва складалася ў сталым супрацоўніцтве са скаўтамі і менеджарамі клуба датычна трансфераў. Менавіта таму галоўнае ўзмацненне прыбыло ў «Бернлі» з чэмпіянату Бельгіі – адразу 5 футбалістаў.

Узімку з Лігі Жупіле прыехалі яшчэ 2 навічкі.

Як большасць з іх адразу ж зайгралі ў «Бернлі»? Кампані хацеў падпісаць гэтых гульцоў яшчэ ў «Андэрлехт», калі быў трэнерам бельгійскага клуба, таму зараз, калі атрымаў добра знаёмых і жаданых футбалістаў, пачаў адразу ж даваць з імі вынік.

Кампані лічылі няўдалым выбарам клуба, але ён даказаў адваротнае – «Бернлі» гуляе ў круты футбол, а Венсана называюць спадчыннікам Гвардыёлы ў «Сіці»

Яшчэ ў апошнія гады яго кар“еры ў АПЛ былі перадумовы лічыць, што Кампані стане крутым трэнерам. Бельгіец паехаў дагульваць у «Андэрлехце», але ўжо праз год скончыў кар'еру і стаў галоўным трэнерам клуба.

У першым жа сезоне ён заняў 4-е месца ў чэмпіянаце, у другім – 3-е, але для «Андэрлехта», які быў пастаянным удзельнікам барацьбы за чэмпіёнства, гэта не лічылася поспехам. Праз непаразуменне з кіраўніцтвам наконт далейшага развіцця і трансфернай палітыкі Кампані пакінуў клуб.

Яго кандыдатуру на пасаду галоўнага трэнера «Бернлі» разглядалі з песімізмам. Заўзятары ўсё яшчэ адыходзілі ад «антыфутбола» Дайча, клуб страціў сваіх лідараў, а Кампані «нічога не дабіўся нават з «Андэрлехтам». Па іроніі лёсу, сітуацыя наступная: «Бернлі» з Кампані лідзіруе ў Чэмпіёншыпе, а «Андэрлехт» – толькі 10-ы ў чэмпіянаце Бельгіі.

«Кларэты» пад кіраўніцтвам бельгійца ператварыліся ў зусім іншую каманду. Яго традыцыйныя 4-3-2-1 ці 4-3-3 выступаюць за кантроль мяча, пошук вольных зон і стварэнне небяспечных момантаў у варот сапернікаў і за хуткае вяртанне мяча пасля страт. Кампані не завязвае свой футбол вакол аднаго ці двух футбалістаў. У яго філасофіі можна перамагчы толькі тады, калі каманда функцыянуе як адзін арганізм, а гульцы дапамагаюць адзін аднаму праяўляць свае найлепшыя якасці.

«Бернлі» забіў найбольш мячоў сярод усіх каманд Чэмпіёншыпа (58), шмат кантралюе мяч (больш за 60% у сярэднім), наносіць больш за 12 удараў за матч у сярэднім і добра дзейнічае на контратаках. З іншага боку, у каманды не вельмі высокі xG (37,1 пры 58 галах) і праблемы са стандартнымі палажэннямі.

Нягледзячы на гэта, футбол Кампані прыносіць задавальненне заўзятарам і дае вялікія надзеі на вяртанне ў АПЛ ужо па выніках гэтага сезона. Вядома, у прэм'ер-лізе ўсё так проста не ўдаецца, аднак Венсан зарэкамендаваў сябе як сур'ёзны спецыяліст са сваім бачаннем.

Фота: Burnley FC, Robbie Jay Barratt/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты