Tribuna/Футбол/Блогі/Топ-зарплаты еўрапейскіх ліг: грандыёзны адрыў Мбапэ, у дзесятцы АПЛ усяго адзін гулец «Чэлсі»

Топ-зарплаты еўрапейскіх ліг: грандыёзны адрыў Мбапэ, у дзесятцы АПЛ усяго адзін гулец «Чэлсі»

А «ПСЖ» і «Баварыя» поўнасцю запоўнілі рэйтынгі сваіх ліг.

16 кастрычніка, 14:04
Топ-зарплаты еўрапейскіх ліг: грандыёзны адрыў Мбапэ, у дзесятцы АПЛ усяго адзін гулец «Чэлсі»

Пакуль еўрапейскі клубны футбол на паўзе ў сувязі з матчамі зборных, углядаемся ў грашовы аспект. У гэтым матэрыяле сабрана па 10 самых высокіх заробкаў у кожнай з топ-5 ліг Еўропы паводле звестак рэсурсу Capology.

Адразу скажам, што далёка не ўсе гэтыя лічбы афіцыйна пацверджаны, бо клубы і футбалісты вельмі рэдка раскрываюць сумы ў сваіх кантрактах. Аднак цалкам можна сцвярджаць, што гэтыя мільёны блізкія да рэальнасці – хіба што з невялікай папраўкай у той ці іншы бок.

Ітак.

АПЛ

Улічваючы, колькі грошай спускае «Чэлсі» на трансферы, магло скласціся ўражанне, што іх прадстаўнікі займуць калі не палову, то хаця б траціну месцаў у дзесятцы найбольш высокааплатных футбалістаў АПЛ. Аднак у спісе толькі Рахім Стэрлінг. Лонданскі клуб робіць стаўку на маладых гульцоў, якія яшчэ не патрабуюць высокіх заробкаў. Напрыклад, Мудрыку, па дадзеных Capology, плацяць каля 6 млн еўра ў год – гэта 98-е месца ў лізе.

«Манчэстэр Юнайтэд» траціць на ўзроўні «Сіці» – і гэта тычыцца не толькі сум за трансферы, але і заробку футбалістаў. Праўда, пакуль вынікі манкуніянскіх клубаў і блізка не стаяць побач.

Ла Ліга

Нечакана на першым месцы з прыкметным адрывам Фрэнкі дэ Ёнг. Такая высокая зарплата была адной з прычын, па якой мінулым летам «Барселона» спрабавала пазбавіцца ад гульца. Mundo Deportivo паведамляе, што клуб ужо вядзе з нідэрландцам перамовы наконт новага кантракту – на паніжаных умовах (так ужо зрабілі з тэр Штэгенам). Паглядзім, ці атрымаецца.

Адразу за дэ Ёнгам размясціліся 5 прадстаўнікоў «Рэала». Але нешта падказвае, што праз 2-3 сезоны адзін хлопец з гэтага спісу будзе ўпэўнена займаць першы радок. Мы, вядома ж, пра Белінгема.

Серыя А

У італьянцаў самыя нізкія заробкі сярод топавых ліг. Душан Улахавіч са сваімі 12,9 млн еўра не патрапіў бы ў дзясятку АПЛ і Ла Лігі, а таксама стаў бы толькі дзясятым у рэйтынгу Бундэслігі і восьмым у Лізе 1.

Прысутнасць Рамелу Лукаку ў гэтым спісе вельмі спрэчная, паколькі вядома, што «Рома» і «Чэлсі» доўга вялі перамовы па зніжэнні зарплаты бельгійца на арэндны сезон у Рыме. Але добра – давайце пакінем Рамелу тут, таму што без яго былі б прадстаўнікі толькі «Юве» і «Інтэра», а гэта сумна.

Бундэсліга

А вось дзе не пазбегнуць было нуды, дык гэта ў чэмпіянаце Германіі. «Баварыя» заняла ўсе 10 месцаў у рэйтынгу заробкаў Бундэслігі, прычым на першым – пажылы навічок. Хары Кейн цяпер зарабляе ўдвая больш, чым у Тотэнхэме, таму ягоны пераход можна зразумець не толькі з пункту гледжання пагоні за трафеямі.

На другім месцы – Мануэль Ноер, які апошні раз выходзіў на поле ў складзе «Баварыі» 12 лістапада мінулага года. Але хутка вернецца.

Ліга 1

Яшчэ менш здзівіла татальная дамінацыя «ПСЖ» у Лізе 1. А ў мінулым сезоне яшчэ былі Месі (63,6 млн. еўра) і Нэймар (56,3 млн. еўра). Так што парыжане яшчэ нават разгрузілі зарплатную ведамасць.

Калі б мы пашырылі гэты топ да 15, то туды патрапілі б толькі два прадстаўнікі іншых клубаў лігі – П'ер-Эмерык Абамеянг («Марсель») і Вісам Бэн-Едэр («Манака»).

***

А вось так выглядае топ-10 самых высокіх заробкаў у еўрапейскіх лігах. Калі «Барселона» дамовіцца з дэ Ёнгам пра новы кантракт, то адрыў Кіліяна Мбапэ ад астатніх стане проста касмічным.

Чый заробак вас здзівіў больш за ўсё? Напішыце ў каментарах.