Tribuna/Футбол/Блогі/Паўзу белфутбола запоўнілі расіяне – але пустыя трыбуны чакалі і клуб з беларусамі, і партнёраў Караева

Паўзу белфутбола запоўнілі расіяне – але пустыя трыбуны чакалі і клуб з беларусамі, і партнёраў Караева

Гурэнка ўсё роўна запэўнівае, што на зборную Расіі пойдуць.

Аўтар — Сабiна Алiева
16 кастрычніка, 19:21
2
Паўзу белфутбола запоўнілі расіяне – але пустыя трыбуны чакалі і клуб з беларусамі, і партнёраў Караева

У чарговым інтэрв'ю расійскім СМІ Сяргей Гурэнка адзначыўся спрэчнай заявай – экс-гулец зборнай Беларусі ў адказ на пытанне пра магчымасць яе матча са зборнай Расіі заявіў, што на такой сустрэчы ў Беларусі «людзей было б вельмі шмат».

Вось толькі вялікае пытанне, ці выклікае расійскі футбол цікавасць у беларускіх гледачоў. За прыкладам далёка хадзіць не трэба – у нядзелю, 15 кастрычніка, на матчы зборнай клубаў Беларусі і «Урала» на «Барысаў-Арэне» нават згодна з пратаколам сабралiся ўсяго 3482 гледачы, а візуальна іх было яшчэ менш. Прычым тут хаця б была цікавасць для барысаўчан – у матчы павінны былі згуляць экс-футбалісты БАТЭ Ягор Філіпенка і Дзяніс Шчарбіцкі (хоць у выніку на поле не выйшлі, пра прычыны чаго мы ўжо расказалі).

Пры гэтым Гурэнка чамусьцi заявіў, што на матчы нібыта «сабраўся поўны стадыён» – што ж, відаць, на думку Сяргея «поўны» выглядае прыкладна так.

Яшчэ большае фіяска ў Беларусі пацярпела ў суботу, 14 кастрычніка, расійская аматарская медыяліга. Яна арандавала мінскі стадыён «Дынама» для паўфіналу чарговага сезона свайго турніру – відаць, думала, што туды выйдуць пераможца мінулага сезона «Радзіма Медыя» і адна з самых папулярных каманд лігі «Амкал», на якую беларускія дзеці сапраўды могуць сабрацца вялікім натоўпам (такі ўжо ў тым ліку вынік у шматгадовай русіфікацыі Беларусі).

Але абедзве каманды ўзялі і вылецелі ў чвэрцьфінале – і ў Мінск прыехалі нічым для беларускіх дзяцей не прыкметныя каманды «Тытан» і «Файт Найтс». Апошнія напярэдадні матчу адзначыліся пастом пра тое, што іх «калектыў з'яўляецца даўнім партнёрам» беларускай федэрацыі кікбоксінга і тайскага бокса. Кіруе гэтай фэдэрацыяй Юрый Караеў – памочнік Лукашэнкі, які ў моманты самага бесчалавечнага гвалту ад рэжымных «сілавікоў» у жніўні 2020-га быў іх кіраўніком на пасадзе кіраўніка «МУС» Лукашэнкі.

На самой гульні прадказальна аказаліся пустыя трыбуны. Наведвальнасць сустрэчы засталася неназванай – кіраўнік турніру Мікалай Осіпаў толькі заявіў, што яна нібыта склала «каля чатырох тысяч» чалавек. І, зноў жа, візуальна да гэтага далёка.

Іншыя пасты карыстальніка

ислочь Славия
5 кастрычніка 2022, 11:37
Усе пасты