Tribuna/Футбол/Блогі/Хадзіў з дубінкай, сумяшчаў лукашызм і Пагоню, бачыў п'янога Шмоліка, стаў бацькам у 45 і яшчэ шмат фактаў пра Кавалевіча

Хадзіў з дубінкай, сумяшчаў лукашызм і Пагоню, бачыў п'янога Шмоліка, стаў бацькам у 45 і яшчэ шмат фактаў пра Кавалевіча

Улюбёнец футбалістаў, які атрымліваў ад іх па азадку.

Аўтар — bytribuna com
4 снежня, 08:00
1
Хадзіў з дубінкай, сумяшчаў лукашызм і Пагоню, бачыў п'янога Шмоліка, стаў бацькам у 45 і яшчэ шмат фактаў пра Кавалевіча

Завяршыўся ЧБ-2023, у якім галоўны вынік быў максімальна прадказальным – чэмпіёнам стала мінскае «Дынама», як даўно хацеў беларускі рэжым.

А вось другое месца не так чакана заняў «Нёман», дзе, мабыць, найбольш вылучаўся не хтосьці з гульцоў, а галоўны трэнер. Ігар Кавалевіч доўга ішоў да поспеху з камандай – падрабязнасці гэтага этапу мы не так даўно расказвалі.

Цяпер жа – у цэлым пра цікавыя факты з біяграфіі 55-гадовага трэнера: частыя пераезды ў дзяцінстве, нечаканая праца, рэдкая замена шчыткам, байкі аб кампʼютарнай пісьменнасці, стыль і шмат чаго яшчэ.

Вучыўся ў расійскай школе

Кавалевіч нарадзіўся 3 лютага 1968 года ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці ў сямʼі ваеннага. Разам з бацькам у дзяцінстве будучы футбаліст нямала пераязджаў, праз што змяніў пяць школ – у тым ліку пару гадоў жыў і вучыўся ў Пермскай вобласці Расіі. Як успамінаў трэнер, праз такі рытм ён «рана пасталеў, бо ў новых школах пастаянна даводзілася нешта даказваць». Ну а ў футбол Кавалевіч вырашыў пайсці сам, калі ўжо жыў з бабуляй.

Займаўся ў бацькі паўабаронцы «Нёмана»

Займацца Кавалевіч пачаў у гарадскім пасёлку Антопаль за 55 км ад месца нараджэння. Першым трэнерам стаў Валерый Якімаў, які пазней перадаў таленавітага выхаванца ў СДзЮШАР у Брэст. А ў 1989-м у Якімава нарадзіўся сын Андрэй, якога трэнер пазней таксама стаў навучаць футболу. У выніку Андрэй Якімаў пачаў карʼеру ў дублі «Нафтана» пад кіраўніцтвам Кавалевіча-трэнера, а ў 2017-м перайшоў у «Нёман», які незадоўга да таго ўзначаліў знаёмы коўч, і гуляе там да гэтага часу. Ну а ў Антопалі не раз праводзіліся дзіцячыя турніры на прызы Кавалевіча.

Працаваў у банку

Кавалевіч меў некалькі паўзаў у карʼеры. Першая – у канцы 1980-х, калі гулец сышоў у войска. А ў 1993-м ён пакінуў брэсцкае «Дынама», думаў падпісацца з «Дняпром», але ў выніку чакаў пераходу некалькі месяцаў. У гэты момант работу гульцу прапанаваў дырэктар брэсцкай філіі дзяржбанка – аматар футбола. Так Кавалевіч на невялікі тэрмін стаў інкасатарам.

- Праца няпыльная. Насіў кожны дзень грошы праз парк у абменнікі. Плюс ездзіў у суправаджэнні ў Мінск дастаўляць валюту. Ніякага экстрыму. У мяне нават пісталета не было, толькі дубінка на поясе боўталася, – успамінаў трэнер.

Падкаціў да жонкі ў самалёце і стаў бацькам у 45

У час гульнявой карʼеры Кавалевіч сустрэў жонку па імені Наталля. Дзякуючы футбольным вынікам – у 1997-м «Белшына» з Кавалевічам у складзе ўзяла срэбра ЧБ, таму ў 1998-м паляцела ў Балгарыю на матч Кубка УЕФА з сафійскім ЦСКА. Наталля была сцюардэсай на зваротным рэйсе і адразу спадабалася 30-гадоваму футбалісту. Звярнуў на сябе ўвагу гулец проста – сказаў, што не разумее, як прышпільвацца, і папрасіў у дзяўчыны аб дапамозе. Завязалася размова, а ў Мінску будучыя муж і жонка абмяняліся тэлефонамі. Вынік – адносіны, вяселле праз сем гадоў і сумесны сын. Яму сёння 11 – гэта значыць Кавалевіч стаў бацькам у 45. Улетку трэнер распавядаў, што сямʼя жыве пад Мінскам, і сустракаюцца яны дзесьці раз у тыдзень. Па словах Кавалевіча, яго сын «для футбола не асабліва падыходзіць – мяккі па характары, вельмі інтэлігентны».

Выкарыстоўваў газету замест шчыткоў

Кавалевіч-гулец выходзіў у лініі абароны, быў двухжыльным і вельмі жорсткім, пра што нават хадзілі легенды ў белфутболе – напрыклад, казалі, што некаторыя гульцы прасілі перавесці іх на іншы фланг, баючыся скончыць карʼеру, або што на суперніках Кавалевіча неяк раз правялі тры вымушаныя замены. А Уладзімір Курнеў даў Кавалевічу мянушку «Спецназ» – маўляў, пакладзе любога.

Пры гэтым сам Кавалевіч нават не насіў шчыткі – тлумачыў гэта тым, што «калі баішся атрымаць траўму, то атрымаеш яе абавязкова». Зрэшты, зусім без абароны футбаліст на поле не выходзіў – засоўваў у гетры газету «Прэсбол».

Трымае рэкорд па картках

Нядзіўна, што Кавалевіч з такім стылем стаў рэкардсменам па атрыманых картках у гісторыі Д1. Як гулец ён за 174 матчы атрымаў 54 папярэджанні і 4 выдаленні – а ўжо калі яшчэ дадаць уведзеныя ў апошнія гады карткі для трэнераў, адрыў ад астатніх толькі ўмацуецца. Зрэшты, трэба сказаць, што Кавалевіч ніколі не лічыўся наўмысна грубым гульцом – хутчэй, гэта быў стыль і настрой на кожную гульню як самую важную.

- Абаронца атрымлівае задавальненне ад таго, што яго не змаглі перайграць. Так, часам супернікі мяне баяліся, я ж стараўся ім не саступаць. Але раней суддзі давалі гуляць. Цяпер, думаю, мяне б выдалялі ў кожнай гульні, – не так даўно ўспамінаў трэнер.

Датычны і да першага медаля «Нёмана»

Цяперашняе срэбра з «Нёманам» – не першае для Кавалевіча. Такі ж медаль ён узяў як гулец каманды ў сезоне-2002. Тады гродзенцы ўпусцілі вялікую перавагу як лідары, а потым у залатым матчы саступілі БАТЭ. На вырашальную сустрэчу Кавалевіча не дапусцілі праз перабор жоўтых картак, але ён да гэтага часу лічыць, што ўсе баны мусілі «згарэць», а ў БАТЭ проста спалохаліся на гэта пайсці.

Скончыў карʼеру пасля «не такой» замены

Як гулец Кавалевіч пабачыў нямала – узяў бронзу самага першага ЧБ у 1992-м з брэсцкім «Дынама», ездзіў у Расію, дзе выступаў у Д1 за цюменскі «Дынама-Газавік» пад кіраўніцтвам Эдуарда Малафеева, браў срэбра, бронзу і два Кубкі Беларусі ў канцы 1990-х з «Белшынай», у 2004-м паспеў падзарабіць у Азербайджане, дзе ўзяў срэбра з «Хазарам».

А гульнявую карʼеру скончыў у 2005-м у «Славіі» – прычым пасярод сезону. 20 жніўня Кавалевічу вельмі не спадабалася замена ад малдаўскага трэнера Іліе Карпа – да перапынку мазырчукі «гарэлі» «Шахцёру» 0:3, на 48-й хвіліне прапусцілі чацвёрты, і адразу пасля гэтага абаронца быў зняты з гульні.

- Змяняць на 48-й хвіліне не прынята па этыкеце. Трэба зрабіць замену – зрабі ў перапынку. Або ўжо на 55-й хвіліне. Я ўжо быў сурʼёзны таварыш, і мяне мяняць на 48-й… Я выказаў усё, што думаў на гэты конт, і завяршыў карʼеру, – успамінаў Кавалевіч.

Настройваў «Нафтан» на фінал канцэртам барда

Літаральна адразу пасля расстання са «Славіяй» Кавалевіча запрасілі трэнаваць дубль «Нафтана». У 37 гулец не вельмі хацеў заканчваць, але яго ўгаварылі. З памочнікаў праз некаторы час Кавалевіч перайшоў на пасаду галоўнага ў дублі, а ў пачатку 2007-га быў узняты ў асноўную каманду пасля сыходу адтуль Вячаслава Акшаева. Кавалевіч мусіў стаць дачаснікам – прама пры ім старшыня клуба Леанід Падліпскі тэлефанаваў патэнцыйным зменшчыкам. Але пры маладым коўчы каманда хутка набрала ход – у выніку Кавалевіча пакінулі да канца сезона, у якім «Нафтан» заняў высокае для сябе 7-е месца.

Трэнер затрымаўся ў Наваполацку да канца 2012-га і двойчы браў з «Нафтанам» трафеі – у 2009-м і 2012-м выйграваў Кубак Беларусі. І прэс-канферэнцыя пасля першага трыумфу моцна ўразіла журналістаў. Спецыяліст заявіў, што на ключавыя пазіцыі выбіраў гульцоў не сам – маўляў, брамніка Мікалая Раманюка папрасіла паставіць каманда, а форвард Валерый Стрыпейкіс напрасіўся сам, паабяцаўшы забіць, і стрымаў слова. А яшчэ Кавалевіч расказаў, што перад матчам каманду настройваў паўтарагадзінным канцэртам беларускага барда Анатоля Длускага, які для гэтага прыехаў на базу клуба. Трэнер запэўніваў, што «песні камандзе вельмі спадабаліся».

Любіць «глыбокія» песні фаната вайны і ядравых удараў

Выканаўца для матывацыі быў выбарам у духу Кавалевіча. Ён прызнаваўся, што любіць тое, што ў Расіі называюць «шансонам», гэта значыць песні з тэкстамі крымінальнага кшталту. А асабліва высокую ацэнку выказваў на адрас Аляксандра Новікава – не раз судзімага расійскага выканаўцу, лаўрэата расійскай узнагароды «Шансон года» за такія кампазіцыі, як «Вязі мяне, рамізнік», «Помніш, дзяўчынка?» і «Шансаньетка». Як казаў Кавалевіч, «у жыцці Новікава былі сурʼёзныя выпрабаванні, але ён застаўся сапраўдным мужчынам, яго песні поўныя глыбокага сэнсу». Больш за тое, трэнер лічыў Новікава «носьбітам рускай культуры нароўні з Ясеніным і Высоцкім».

«Руская культура» асабліва выявілася ў цяперашнім часе – Новікаў актыўна падтрымаў вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Апроч стандартных прапагандысцкіх наратываў тыпу «барацьбы з нацызмам», Новікаў выдаваў і зусім ужо крыважэрныя заклікі – у прыватнасці, жадаў ядравага ўдару па «недружалюбных» Расіі краінам з аргументам, што інакш «гэты зброд» нібы «ўдарыць першым».

Ведае, як судзіў пʼяны Шмолік

Добра вядома, што Кавалевіч вельмі любіць паскардзіцца на суддзяў. Па водгуках рэферы, трэнер настройвае і сваіх гульцоў на тое, што арбітры нібы будуць супраць каманды. Кавалевіч тлумачыў, што ў бытнасць футбалістам значна больш паважаў суддзяў, бо яны «ці самі гулялі, ці разумелі гульню», а цяперашнія рэферы, маўляў, тэарэтыкі, якія не разумеюць праславутага «духу». Абурэнне Кавалевіча (часам ад абсалютна правільных па судзейскай навуцы рашэнняў) рэгулярна ператвараецца ў штрафы і баны.

І так, пачалося гэта рэальна даўно – вось, напрыклад, цытата з 2009-га: «Нас узялі і проста забілі. Пʼяны Шмолік тут выглядаў бы богам». І гэта не проста параўнанне для прыгожага слоўца – у легендарным матчы з працай Сяргея Шмоліка ў неадэкватным стане якраз удзельнічаў «Нафтан» Кавалевіча, які гуляў у гасцях у «Віцебску». Той матч завяршыўся 1:1, а адразу пасля яго трэнер ніяк не скардзіўся на арбітра.

Узяў медаль МЧЕ і ездзіў на АГ

У 2009-м Кавалевіч без адыходу з клубнай працы стаў асістэнтам Георгія Кандрацьева ў моладзевай зборнай Беларусі, што не здзіўляла, бо ў «Нафтане» выдатна раскрываліся маладыя гульцы. Па апісаннях з трэнаванняў «моладзеўкі» тых гадоў, Кавалевіч ствараў у калектыве пазітыў. А на трыумфальным МЧЕ-2011, дзе беларуская каманда ўзяла бронзу, пасля выхаду ў паўфінал дзяжурыў да пяці раніцы, каб гульцы не пайшлі «святкаваць». Пасля вяртання ў Мінск трэнер запомніўся не толькі медалём на шыі, але і вялікай колькасцю пакетаў Duty Free.

Паехаў Кавалевіч, вядома, і на АГ-2012, праз што нават прапусціў матч у адказ вогненнай зарубы свайго «Нафтана» з «Црвенай Звездай» у адборы ЛЕ (3:3 пасля хатніх 3:4).

Наконт Лондана трэнер успамінаў, што ў вырашальным матчы супраць Егіпта не настаяў на замене ў перапынку Міхаіла Гардзейчука, які не вытрымліваў націску Махамеда Салаха. У выніку той забіў на 56-й хвіліне, а Беларусь прайграла 1:3 і не выйшла ў плей-оф.

У першай зборнай Кавалевіч ужо не дапамагаў Кандрацьеву. Трэнер стаў галоўным у «моладзеўцы», але з ёй не кваліфікаваўся на ЧЕ.

Гуляў з падапечнымі «на дупу»

Футбалісты не раз выказваліся пра Кавалевіча-трэнера. Агульная думка зводзілася да таго, што коўч строгі, але наўпрост тлумачыць, што не падабаецца; устае на абарону футбалістаў, а таму яго паважаюць. Сам трэнер заяўляў, што яму важна, каб у калектыве не казалі «за спіной», а наадварот, былі адзіныя і змагаліся да канца. Увогуле, прасцей за ўсё Кавалевіча апісаць як «мужык для мужыкоў».

- Заўсёды з футбалістамі паводжуся на роўных. Трэнера і гульца падзяляе толькі ўзрост. Ад таго, што мяне назавуць Мікалаевічам ці Ковай, мне ні холадна ні горача, – казаў Кавалевіч у 2011-м.

Пры гэтым коўч, па выразе Сяргея Паліцевіча, «такі чалавек, што адразу ўсе хмары разганяе – і жаданне трэнавацца адразу зʼяўляецца, і настрой тут жа паляпшаецца». Кавалевіч казаў сваім футбалістам, што для яго яны лепшыя, незалежна ад меркавання іншых. А на трэнаваннях у коўча прысутнічалі і даволі вясёлыя метады. Напрыклад, Кавалевіч гуляў разам з падапечнымі «кулі» «на дупу» – а гульцы імкнуліся перамагчы, а потым як след патрапіць мячом па азадку трэнера. Кажуць, асабліва добра гэта ўдавалася Мікіце Букаткіну ў «Нафтане» – любімчыку, якога Кавалевіч ласкава называў «такім жа тупарылым». А экс-гулец «Нафтана» Аляксей Белавусаў казаў, што «ўсе імкнуліся патрапіць у трэнера, таму што, прашу прабачэння, у яго была самая вялікая мішэнь».

Будзіў брамніка, каб уставіць дыск у кампʼютар

Вясёлую гісторыю пра Кавалевіча і кампʼютары распавёў Канстанцін Рудзянок, цяперашні брамнік «Нёмана», які выступаў у трэнера і ў «Нафтане».

– 8 раніцы, сплю, Кавалевіч залятае ў пакой: «Уставай, пойдзем!» Заспаны заходжу да яго. «Устаў гэты дыск у ноўт. Зрабі, каб футбол мне паказвала». Гэта ён разбор для сябе праводзіў. Я ўсё зрабіў, усё растлумачыў. «Мікалаевіч, вы зразумелі?» – «Так-так, ідзі адсюль». Наступны дзень, 8 раніцы, сплю. Кавалевіч залятае: «Уставай, пойдзем! Я не запомніў!» Пару разоў яшчэ дапамог Кавалевічу, а пасля ён асвоіўся, – казаў Рудзянок.

Дараваў дзікі падман лудаману

Калі пасля «Нафтана» ў Кавалевіча спыталі, пра што ён шкадуе, той адказаў, што дарма дараваў хлусню. І ўспомніў гісторыю, як адзін з ягоных гульцоў адпрасіўся дадому, выдумаўшы, што ягоная жонка патрапіла пад трамвай. Імя трэнер не называў, але потым гэты чалавек сам даў інтэрвʼю, дзе згадаў гісторыю. Аказалася, гэта быў Руслан Усаў – бадай што галоўны лудаман белспорту, які прайграў у букмекераў, паводле ўласных падлікаў, 250 тысяч долараў (яму пазычалі грошы, нават нягледзячы на прамую забарону ад Кавалевіча). Ну а гісторыю пра трамвай Усаў прыдумаў пра Гомель, дзе трамваі ўвогуле не ходзяць.

Сам Кавалевіч таксама быў не чужы азарту, але ў межах разумнага.

- Будучы гульцом, часам заходзіў у казіно. Самы буйны выйгрыш – дзве тысячы долараў. Але больш запомнілася іншае: у Цюмені я сядзеў за адным сталом з [расійскім акцёрам] Аляксандрам Абдулавым і бубначом групы «Машына часу» Пятром Падгарадзецкім, – успамінаў трэнер.

Быў празваны «гламурным»

З маладосці ў Кавалевіча былі не вельмі кароткія валасы. У бытнасць трэнерам да гэтага дадаўся абруч і расшпілены каўнер кашулі – за такі стыль у футбольных колах коўчу нават далі мянушку «Гламурны».

Змяніў стыль Кавалевіч у 2017-м, калі вырашыў, што доўгія валасы не спалучаюцца з залысінай. Сёня лукі трэнера – гэта кепкі і нярэдка камізэлькі.

Непамяркоўны

Кавалевіч – як і абсалютная большасць людзей у беларускім футболе, традыцыяналіст, да чаго лагічным чынам прыкладаецца нецярпімасць і непамяркоўнасць. Так, экс-гулец «Нёмана» камерунец Поль Бебе Кінг вінаваціў трэнера ў расізме – праўда, з прыкладаў там быў толькі зварот «###### [чортаў] афрыканец», а партнёры сцвярджалі, што да гэтага і сам Кінг павёў сябе не зусім карэктна.

Наязджаў Кавалевіч на тых, хто ставіць асабісты і сямейны камфорт вышэй за камандныя задачы.

- Цяпер у людзей мала мужчынскага стала. Адны падабцаснікі. У іх на першым месцы грошы, на другім і на трэцім, – наракаў трэнер.

Але вось што дакладна – дык гэта тое, што Кавалевіч загадзя лічыць дрэнным чалавека, калі той адчувае цягу да людзей свайго полу. У адзін з эпізодаў крайняй незадаволенасці суддзямі трэнер выправіў іх на гей-парад, а пра футбалістаў, якія могуць на нешта паскардзіцца кіраўніцтву, што для Кавалевіча недапушчальна, казаў, што яны «ходзяць туды, як гамасекі».

Зʼяўляўся ў распранальні пʼяным

Да ўжывання гульцамі алкаголю Кавалевіч ставіцца лаяльна. Нядаўна пры абмеркаванні Паўла Савіцкага трэнер заявіў, што ягоны гулец «пʼе ў меру, як і ўсе – хтосьці крыху больш, хтосьці крыху менш», а таксама прызнаўся, што нават хаваў пʼяных футбалістаў, каб іх не заўважылі кіраўнікі клуба.

Але і сам Кавалевіч выпіць умее. Па сведчаннях гульцоў, якія трэнаваліся пад ягоным кіраўніцтвам, коўч не раз зʼяўляўся на занятках з пахам перагару. А 12 верасня 2020-га чацвёрты арбітр матчу «Рух» – «Нёман» Віталь Аніхімоўскі, паводле сваёй інструкцыі, за гадзіну да гульні зайшоў у распранальню гродзенцаў – і заспеў там Кавалевіча моцна пʼяным. Прычым трэнер тады быў дыскваліфікаваны і наогул не меў права там знаходзіцца – але на напамін пра гэта адрэагаваў мацерным пасылам. Аніхімоўскі расказаў пра гэта інспектару матча і напісаў рапарт у АБФФ, але гісторыю замялі.

Выходзіў на матч у майцы з нацыянальным гербам

У чэрвені 2018-га Кавалевіч здзівіў (пра што больш падрабязна ніжэй), калі на матч з БАТЭ апрануў майку, дзе на рукаве была нашытая «Пагоня» – нацыянальны герб Беларусі, які быў дзяржаўным да наступлення рэжыму Лукашэнкі.

«Я беларус. Гэта культурна-гістарычная спадчына Беларусі. Гэта прыгожая майка, якую падарылі. Вы не блытайце маю майку з палітыкай. Чаму мне павінны рабіць заўвагі, калі герб афіцыйна дазволены?» – казаў пасля матчу Кавалевіч, хоць да гульні крыху перажываў наконт уласнай бяспекі.

Сёння «Пагоня» для беларускага рэжыму – нагода як мінімум закрыць на «суткі», а Кавалевіч неяк абыходзіцца без яе.

Гаворыць «Белоруссия»

Чаму ж майка Кавалевіча стала нечаканым ходам? Ды проста ён заўсёды публічна быў прыхільнікам «савецкай» мадэлі, у якой нацыянальным беларускім сімвалам не было месца. Трэнер нават у інтэрвʼю сумаваў па СССР.

– Часам хочацца вярнуцца ў часы Савецкага Саюза. Мне яшчэ ўдалося заспець тую духоўнасць. Тады людзі былі больш патрыятычнымі і адкрытыми. Не назіралася той чэрствасці і рвацтва ў адносінах адзін да аднаго, якія прысутнічаюць у сучасным грамадстве, – настальгаваў Кавалевіч.

Настальгія ў выступах трэнера прарываецца да гэтага часу – ён перыядычна кажа не «Беларусь», як наша краіна называецца ў перыяд незалежнасці, а па-савецку, «Белоруссия». Вось відэапацвярджэнне.

Шчыра за Лукашэнку, у добрых адносінах з ягонымі «чыноўнікамі»

Увогуле Кавалевіч стараўся трымацца далей ад палітыкі – і выказваў даволі тыповую думку ў інэртным беларускім асяроддзі. Неўзабаве пасля выбараў-2010, якія азнаменаваліся фальсіфікацыямі, гвалтам рэжыму і папаўненнем спісу палітвязняў, трэнер у інтэрвʼю сказаў, што нібыта «палітыкам трэба нарадзіцца, а не ісці кіраваць краінай, калі яшчэ ўчора ты быў музыкам».

Але ў 2020-м Кавалевіч устаў за рэжым. У канцы года, які вызначыўся небывалым гвалтам «сілавікоў» Лукашэнкі да ўсіх нязгодных з падробленымі вынікамі выбараў, подпіс трэнера зʼявіўся пад лістом у падтрымку дыктатуры. Вядома, супрацоўнікі розных медыяў паспрабавалі датэлефанавацца коўчу і даведацца ягоную пазіцыю падрабязней, але той не адказваў. А потым усё ж узяў трубку пры адным званку – ягоны голас гучаў вельмі нецвяроза, але і ў такім стане Кавалевіч упэўнена заявіў, што «ніколі не будзе перабежчыкам, як Дзевятоўскі». Як вядома, Вадзім Дзевятоўскі, экс-кіраўнік БФЛА, выпадкова адчуў на сабе жорсткія катаванні рэжыму і перастаў падтрымліваць Лукашэнку.

Не сакрэт і тое, што Кавалевіч знаходзіцца ў добрых стасунках з бачнымі рэжымнымі чыноўнікамі. Сястра трэнера – жонка Сяргея Алейніка, які доўга працаваў у «МЗС» Лукашэнка, а цяпер узначальвае «ведамства» (сын «чыноўніка», то-бок пляменнік Кавалевіча Аляксандр Алейнік – шматгадовы прэс-сакратар АБФФ).

Пазітыўна Кавалевіч выказваецца і пра старшынь выканкама Лукашэнкі па Гродне – маўляў, папярэдні «начальнік» Мечыслаў Гой шмат зрабіў для развіцця футбола, а новы, Андрэй Хмель, наогул займаўся ў дзяцінстве, таму «з ім можна размаўляць на футбольнай мове». Вядома і пра тое, што Кавалевіч прыходзіў на трэнаванні да «УУС-Дынама» – футзальнага клуба сістэмы «МУС» Лукашэнкі, які не абдзяляе ўвагай і Юры Караеў, цяпер «памочнік Лукашэнкі», а ў страшным жніўні-2020 кіраўнік усёй гвалтоўнай сістэмы МУС».

Пры гэтым Кавалевіч не лічыць, што валодае «сувязямі».

- Глупства нейкае нясуць – «сувязі». Я працаваў у Наваполацку сем гадоў. [Кіраўнікам выканкама Лукашэнкі па Наваполацку] была [цяпер максімальна набліжаная да Лукашэнкі кіраўнік верхняй палаты ягонага «парламента»] Качанава. Ну, якія ў мяне сувязі? Я ведаю, што гэта Натальля Іванаўна. Часам заходзіў у ейны кабінет, яна размаўляла з камандай. Быў Мечыслаў Браніслававіч [Гой], я да яго заходзіў у кабінет праз дзень – ён мог мяне выклікаць і спытаць, што робіцца ў камандзе, якая патрэбная дапамога. Тут якія сувязі? Юрый Хаджымуратавіч [Караеў] – ён гуляе ў футбол. Якія сувязі? З сувязямі, без сувязяў – я магу задаць пытанне, як і вы можаце яго задаць, – казаў Кавалевіч, быццам імкнучыся пераканаць, што і на зварот выпадковага чалавека, і на зварот добра ім знаёмага трэнера «чыноўнікі» рэжыму нібыта будуць рэагаваць аднолькава.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты