Tribuna/Футбол/Блогі/Лідар па гульнявым часе, галоўныя забівалы і яшчэ 8 футбалістаў (плюс 2 топы на нізкім старце). Як разбягаецца БАТЭ

Лідар па гульнявым часе, галоўныя забівалы і яшчэ 8 футбалістаў (плюс 2 топы на нізкім старце). Як разбягаецца БАТЭ

Што застанецца ад каманды?

19 студзеня, 15:47
Лідар па гульнявым часе, галоўныя забівалы і яшчэ 8 футбалістаў (плюс 2 топы на нізкім старце). Як разбягаецца БАТЭ

Мінулы сезон атрымаўся балючым для заўзятараў БАТЭ. Каманда паўтарыла свой найгоршы вынік па набраных пунктах і па выніковым месцы ў вышэйшай лізе. У еўракубках выступленне таксама складана назваць паспяховым. У першым раўндзе Лігі чэмпіёнаў удалося прайсці «Партызані», а пасля былі разносы ад «Арысу» ў ЛЧ, ад «Шэрыфу» ў ЛЕ і ад «Балкані» ў ЛК. Што праўда, у Еўропе БАТЭ зарабіў 1,41 мільёна еўра, але не скарыстаўся магчымасцю забяспечаыць сабе міжнародную восень.

Падобна, што ў новы сезон барысаўцы ўвойдуць з большага абноўленай камандай – і вельмі наўрад ці, што больш моцнай. Справа не ў змене трэнераў (замест Кірыла Альшэўскага галоўным стаў Ігар Крывушэнка), а ў тым, што багата хто з заўважных выканаўцаў ужо пакінуў Барысаў. Клуб плануе неяк даваць рады ў сезоне-2024 уласнымі выхаванцамі і маладымі гульцамі.

Вось каго яны мусяць замяніць.

Андрэй Кудравец, 23 гады

У сезоне-2023: 32 матчы, 46 прапушчаных мячоў

Брамніка яшчэ летам 2023-га прадалі ў маскоўскае «Дынама» (сума трансфера склала менш за 400 тысяч еўра, а ў сезоне-2022 спрабавалі ўзяць за гэтага ж гульца 500 тысяч з турэцкага «Каньяспора» - не атрымалася). Расіяне пакінулі падпісанта за дыктатуру дагульваць сезон у Барысаве, але той прапусціў канцоўку чэмпіяната праз траўму. Ужо трэнуецца з новай камандай на зборы ў Катары.

Аляксандр Гутар, 34 гады

У сезоне-2023: 1 матч, 1 прапушчаны мяч

Галкіпер прыйшоў мінулым летам, каб перадаць досвед маладым і падстрахаваць, калі што, але гісторыя з «чорнымі спісамі» не адпусціла, нягледзчы на сеанс публічнага самапрыніжэння. Аказалася, што кантракт падпісаць з БАТЭ можна, а гуляць за БАТЭ нельга.

Сяргей Волкаў, 24 гады

У сезоне-2023: 27 матчаў, 2 гала, 1 галявая перадача

Волкава падпісалі яшчэ ў 2021 годзе з «Віцебска», але выявілася, што Барысаву ён не вельмі да патрэбы. Ездзіў па арэндах, і напярэдадні сезона-2023 мусіў ехаць. Але кадравая сітуацыя праз дзеянні лукашэнкаўскіх чынуш склалася так, што апорнік пачаў гуляць. Аднак паўнавартасным гульцом асновы не стаў, з'яўляючыся то ў старце, то з лавы, а то і ўвогуле сядзеў у запасе.

Даніла Нячаеў, 24 гады

У сезоне-2023: 23 матчы

Падпісант рэжымнага ліста спартсменаў прапусціў першую палову чэмпіянату праз знаходжанне ў чорным спісе так званага міністэрства спорту. Пачаў гуляць ад еўракубкавай кампаніі, дзе з'яўляўся ў старце ва ўсіх матчах, пасля быў асноўным і ва ўсіх унутраных турнірах.

Сеад Ісламавіч, 24 гады

У сезоне-2023: 31 матч, 3 галы

Серб так і не стаў гульцом асновы. Самае яркае выступленне паўабаронцы – хет-трык у 1/16 Кубка Беларусі ў вароты «Міёраў» з Д3. Пасля сезона вярнуўся ў «Нові Пазар», адкуль і прыехаў у Барысаў.

Валерый Бачароў, 23 гады

У сезоне-2023: 41 матчаў, 3 галы, 2 галявыя перадачы

Перад сезонам-2023 паўабаронца прыняў капітанскую павязку ад Станіслава Драгуна, якому абарвалі кар'еру чынушы. Толькі адзін з 40 матчаў паўабаронца пачаў не ў стартавым складзе. Атрымалася, што ў мінулым годзе нагуляў больш за ўсіх беларускіх футбалістаў.

З'яўляецца рэкардсменам па згуляным часе сярод усіх беларускіх футбалістаў – 48 матчаў (8 еўракубкавых, 27 у вышэйшай лізе, 6 кубкавых сустрэч плюс 7 матчаў за зборную). Пасля заканчэння сезона перайшоў ва «Урал».

Дзмітрый Падстрэлаў, 25 гадоў

У сезоне-2023: 20 матчаў, 3 галы, 5 галявых перадач

Вінгер перабраўся ў БАТЭ перад пачаткам еўракубкавай кампаніі. Запомніўся класным спрынтам і галявой перадачай пасля выхаду на замену на 90+11-й матчу ў адказ з «Партызані» (адзнака 3:13):

Падстрэлаў часцей выходзіў з запаса. Пасля гасцявога матчу з «Тарпеда-БелАЗ» груба адказаў Альшэўскаму на прэтэнзіі, праз што спускаўся ў дубль і прапусціў дзве сустрэчы ЧБ.

Ілля Васілевіч, 23 гады

У сезоне-2023: 18 матчаў, 2 галы, 3 галявыя перадачы

У Барысаве вінгер не атрымліваў стабільнай практыкі пры Кірыле Альшэўскім. Яркім момантам стаў пераможны мяч на 90+4-й хвіліне ў выязным матчы са «Смаргонню». Новы сезон пачне ў «Тарпеда-БелАЗ».

Дзяніс Лапцеў, 32 гады

У сезоне-2023: 34 матчы, 17 галоў, 6 галявых перадач

Нападаючы вярнуўся ў Беларусь пасля года ў маскоўскім «Тарпеда» дзе спачатку дапамог камандзе выйсці ў РПЛ, але там практычна не гуляў. Па суме ўсіх турніраў стаў найлепшым бамбардзірам БАТЭ, але так атрымалася, што самы яркі эпізод з удзелам нападаючага звязаны не з Барысавам. Лапцеў прынёс перамогу зборнай Беларусі над Андорай, забіўшы першы мяч у сваім 31-м матчы. Наступны сезон форвард пачне ў «Тарпеда-БелАЗ».

Дзмітрый Анцілеўскі, 26 гадоў

У сезоне-2023: 37 матчаў, 11 галоў і 8 галявых перадач

Нападаючы правёў адзін з найлепшых сезонаў у кар'еры. Можна ўзгадаць і гол «Партызані» ў 1-м кваліфікацыйным раундзе ЛЧ, і хет-трык у вароты «Слуцка», і пераможны гол мінскаму «Дынама». Заўзятары БАТЭ абралі яго найлепшым гульцом сезона. Ярка выступіў форвард і ў зборнай. Яго дзеянні дапамаглі камандзе Алоса здабыць нічыю супраць Швейцарыі (гол і асіст), а мяч супраць Косава стаў адзіным і пераможным– 1:0. Нядзіўна, што з Анцілеўскім звязаны, мабыць, пакуль самы гучны пераход міжсезоння. Форвард складзе кампанію Дзянісу Палякову ў «Хапаэлю» з Хайфы.

Хто яшчэ можа сысці?

Арцём Канцавы, 24 гады (у сезоне-2023 38 матчаў, 12 галоў і 12 галявых), і Дзяніс Грачыха, 24 гады (30 матчаў, 8 галявых)

Магілёўскія футбалісты перайшлі ў БАТЭ з мінскага «Дынама» перад сезонам-2023. Канцавы выдаў якасны год і стаў адным з лідараў барысаўцаў, а з прыходам Алоса пачаў рэгулярна выклікацца ў зборную. Па выніках сезона Канцавы быў прызнаны найлепшым паўабаронцам чэмпіянату Беларусі. Футбаліст зацікавіў цэлы шэраг замежных клубаў: румынскі «Сэпсі», венгерскі «Мезекевешд», батумскае «Дынама», расійскую «Радзіму» (Д2), а таксама бялградскі «Партызан», які ўзначальвае турнірную табліцу чэмпіянату Сербіі. Па нашай інфармацыі, ён працягне кар'еру ва «Урале», а барысаўцы заробяць на трансферы каля 150 тысяч долараў.

Грачыха выступіў больш сціпла. З васьмі галявых перадач шэсць прыпалі на кубкавыя разгромы «Белшыны» і «Міёраў». Футбаліст шмат прапусціў праз пашкоджанні, у тым ліку два апошніх месяцы сезону. Праўда, выйшаўшы на 23 хвіліны ў апошнім туры супраць «Шахцёра». У паўабаронцы дзейнічае кантракт да канца 2024 года, аднак была інфармацыя, што ён можа апынуцца ў «Актобэ».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты