Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У БАТЭ збіраюцца рабіць стаўку на маладых. Вось на каго там можна звярнуць увагу

У БАТЭ збіраюцца рабіць стаўку на маладых. Вось на каго там можна звярнуць увагу

Светлая будучыня?

Аўтар — bytribuna com
15 студзеня, 17:01
У БАТЭ збіраюцца рабіць стаўку на маладых. Вось на каго там можна звярнуць увагу

У суботу БАТЭ выйшаў з адпачынку і пачаў працу пры новым галоўным трэнеры Ігару Крывушэнку.

Каманда трэнуецца на штучным полі «Мінска» ў Вяснянцы. У першым занятку «жоўта-сініх» удзельнічалі 28 футбалістаў. Пераважна гэта былі маладыя гульцы. Пасля занятку Крывушэнка распавёў, што клуб збіраецца «будаваць каманду з маладых хлопцаў, сваіх выхаванцаў». Аднак гэта не выключае таго, што БАТЭ збіраецца «кагосьці прыцягваць з іншых каманд».

Пра каго з маладых барысаўцаў вы ўжо маглі чуць? Расказваем пра тых, хто ўжо мае досвед у дарослым футболе.

Уладзіслаў Ігнацьеў, 20 гадоў, брамнік

Цяжка было прадказаць, што дублёр БАТЭ, выхаваны ў «Мінску», у сезоне-2023 стане стабільным першым нумарам каманды з верхняй паловы табліцы «вышкі». У сакавіку мінулага года Ігнацьеў зʼехаў у арэнду да «Астраўца». У Д2 сталай практыкі не меў – правёў усяго тры матчы (пяць мячоў прапусціў) за першы круг.

Але Андрэй Гараўцоў пасля свайго прызначэння ў «Гомель» вырашыў арандаваць маладога брамніка ў БАТЭ – і без разварушвання пачаў ставіць у аснову. У другім крузе вышэйшай лігі толькі адзін матч гамельчукоў абышоўся без Ігнацьева. Ён паўдзельнічаў у 14 сустрэчах, пяць разоў згуляў на нуль, а ўсяго прапусціў 21 мяч. Малады галкіпер мог як памыліцца, так і ўратаваць у няпростых сітуацыях. У лістападзе дэбютаваў за моладзевую зборную, адгуляўшы другі тайм супраць Расіі (1:3).

Пасля заканчэння сезона БАТЭ паведаміў пра расстанні з брамнікам, аднак у студзені-2024 падпісаў з ім кантракт на два гады. Калі меркаваць па ростары, Ігнацьева перавялі з дубля «жоўта-сініх» у першы склад.

Аляксандр Мартынаў, 19 гадоў, абаронца

Ураджэнец Арэнбурга пачынаў футбольны шлях у «Мінску», але ў дзевяць гадоў перабраўся ў сістэму БАТЭ. За першую каманду дэбютаваў яшчэ ў жніўні 2022-га пры Аляксандры Міхайлаве. Праўда, стаць гульцом стартавага складу здолеў не адразу.

Сезон-2023 Кірыл Альшэўскі пачаў са схемай у чатыры абаронцы, дзе ў цэнтры выходзілі Сідзі Банэ і Захар Волкаў. У траўні адбылася перабудова на пяць дэфаў, узнікла патрэба ў яшчэ адным выканаўцы ў цэнтры, якім і стаў Мартынаў. З таго часу ён стабільна праводзіць поўныя матчы за БАТЭ.

На запатрабаванасць Мартынава не паўплывала і вяртанне да схемы з чатырма абаронцамі. Хіба што часам Альшэўскі адпраўляў маладога на правы фланг абароны. Паспеў гулец засвяціцца і ў мінулай еўракубкавай кампаніі – паразіў вароты «Арыса» у матчы ў адказ (3:5).

Хоць у вышэйшую лігу Мартынаў і заяўлены пад расійскім грамадзянствам, яго часам выклікаюць у юнацкую зборную Беларусі, дзе ён за апошнія паўтара года правёў чатыры матчы.

Сідзі Банэ, 20 гадоў, абаронца

Стабільным гульцом старту сенегалец стаў менш, чым праз месяц пасля прызначэння Альшэўскага ў кастрычніку 2022-га. З таго часу Банэ не трапляе ў склад толькі праз праблемы са здароўем.

Колькі б яго не крытыкавалі і як бы ён не прывозіў у розных турнірах, калегі ўсё роўна лічаць, што афрыканец мае неабходны талент, каб вырасці ў якаснага цэнтральнага абаронцу. У Банэ добрая хуткасць і каардынацыя, ён працуе з мячом двума нагам і нядрэнна дзейнічае ў паветры. Аднак тактычная падрыхтоўка пакуль вымушае чакаць лепшага.

Банэ мог развітацца з БАТЭ яшчэ ў верасні-2023, калі адправіўся на прагляд у эмірацкую «Аль-Джазіру». Агледзіны прайшлі паспяхова, аднак цэнтрдэф атрымаў траўму і выбыў да канца сезона. Так у Барысава сарвалася здзелка на суму ў раёне 300-350 тысяч еўра.

Анатоль Саннікаў, 19 гадоў, абаронца

Пасля двух гадоў у барысаўскім дублі цэнтрдэф у пачатку 2023-га на сезон зʼехаў у арэнду да «Нафтана», чыім выхаванцам зʼяўляецца (а нарадзіўся ў Полацку).

Першае кола прасядзеў у запасе. Дэбют за «Нафтан» і ўвогуле ў вышэйшай лізе прыпаў толькі на матч 15-га тура супраць «Нёмана» (0:3), калі Саннікаў выйшаў на нязвыклай для сябе пазіцыі левага абаронцы. Далей Анатоль Рыбак да канца сезона не выпусціць маладога толькі ў двух матчах. 11 разоў Саннікаў пачынаў у старце, часцяком – у цэнтры абароны, дзе да таго стабільна дзейнічала звязка Сідар – Бруй.

Дакладны ўдар футбаліста ў лістападзе прынёс Наваполацку перамогу над «Слуцкам» (2:1).

Агулам за сезон абарона «Нафтана» прапусціла 57 разоў – горш дзейнічалі толькі «Смаргонь» (59) і «Белшына» (61).

Мацвей Свідзінскі, 19 гадоў, абаронца

Выхаванец віцебскай СДзЮШАР-6 у 2020-м апынуўся ў дублі БАТЭ. Праз тры гады ў першую каманду яго падняў Альшэўскі. Сезон-2023 Свідзінскі пачынаў у запасе, але ў сёмым туры дэбютаваў, калі трэнер выпусціў правага абаронцу на шэсць хвілін супраць «Белшыны» (3:0).

Наступнага шанцу Свідзінскі чакаў да верасня, калі ў БАТЭ праз траўмы ўзнік дэфіцыт абаронцаў. Альшэўскаму не заставалася іншага, як на дзевяць заключных тураў даверыцца маладому падапечнаму – і той шэсць разоў пачынаў з першых хвілін. Фулбек пакінуў нядрэннае ўражанне, а старшыня праўлення Андрэй Капскі прагаласаваў за Свідзінскага як за найлепшага футбаліста Беларусі-2023.

Якасны восеньскі адрэзак заўважылі ў маладзёжнай зборнай, куды абаронцу пачалі выклікаць. Нядаўна Свідзінскі працягнуў кантракт з клубам яшчэ на два гады.

Кірыл Чарнавок, 21 год, паўабаронца

Летам 2023-га БАТЭ стаў чацвёртым клубам выхаванца верхнядзвінскай ДзЮСШ (трэнаваўся ў свайго бацькі Ігара Чарнавока), які да таго засвяціўся ў брэсцкім «Дынама», «Руху» і «Мінску». Апошні пагадзіўся адпусціць гульца стартавага складу за 80 тысяч еўра. «Жоўта-сініх» не збянтэжыла сціплая статыстыка разнапланавага гульца атакі, які за першы круг ЧБ выбіў 1+0 у 13 матчах.

Калі ў сталіцы Чарнавок выходзіў пераважна на флангу, то ў Барысаве разгледзелі ў ім цэнтральнага паўабаронцу. Да канца верасня навічок стаў больш-менш стабільным гульцом старту. Праўда, за другое кола таксама не ўразіў выніковасцю – усяго 1+0. Адзіны мяч за БАТЭ футбаліст аформіў пры збіцці «Нафтана» (7:0), здалёк адправіўшы мяч пад самую штангу.

З «Мінска» Чарнавока стабільна выклікалі ў моладзевую зборную, а вось пасля пераходу ў БАТЭ гэтая практыка спынілася.

Раман Пілецкі, 20 гадоў, паўабаронца

У разгроме «Нафтана», але з іншага боку, удзельнічаў гэты гулец БАТЭ. Сезон-2023 ён цалкам правёў у арэндзе ў Наваполацку. Выхаванец МТЗ-РІПА паўдзельнічаў у 28 матчах, у 16 выйшаў у старце, але зарабіў усяго адзін асіст, якім дапамог Андрэю Панюкову прыгожа адкрыць лік у матчы з «Белшынай» (3:0).

Да «Нафтана» Пілецкі, які некалькі гадоў таму лічыўся адным з самых перспектыўных беларусаў па сваім узросце, атрымаў мімалётны досвед гульні за БАТЭ. У кастрычніку 2021-га Віталь Жукоўскі выпусціў вінгера ў самым канцы супраць «Славіі» (1:3). Першую палову 2022-га Пілецкі правёў у «Слуцку», дзе нагуляў чатыры сустрэчы.

Летам 2023-га Пілецкага ўпершыню выклікалі ў моладзевую зборную, але дэбютаваць пакуль не далі.

Даніла Жульпа, 19 гадоў, паўабаронца

За дубль «жоўта-сініх» цэнтральны паўабаронца, які пачынаў футбольную адукацыю ў іўеўскай ДзЮСШ, упершыню згуляў у 2021-м. У наступным годзе хлопец правёў за аснову першы тайм кубкавага матчу са «Стэнлесам» (2:1), прычым менавіта ён адкрыў лік, і 11 хвілін у вышэйшай лізе супраць «Слуцка» (4:0). Футбаліст нават зʼездзіў на матчы Лігі канферэнцый з «Каньяспарам», за якімі назіраў з запасу. Пасля прыходу Альшэўскага Жульпу адправілі назад у дубль.

Сезон-2023 паўабаронца правёў у арэндзе ў «Арсенала», якому дапамог вярнуцца ў вышэйшую лігу: стабільна выходзіў у стартавым складзе, за 25 матчаў набраў 5+3 – сёмы паказнік па камандзе. Матчаў і выніковых дзеянняў магло быць і больш, калі б футбаліст не прапусціў канцоўку сезону праз траўмы.

Крывушэнка, як і абяцаў, першым чынам пачаў праглядаць гульцоў, якія мінулы сезон правялі ў арэндзе, таму Жульпу зноў падключылі да трэнаванняў з першым складам.

Вадзім Кісялёў, 18 гадоў, нападаючы

Выхаванец школы БАТЭ, якая базуецца ў Мінску. Першым трэнерам Кісялёва быў Міхайлаў, які пазней працаваў з асновай «жоўта-сініх».

Дэбютны матч на ўзроўні дублёраў футбаліст правёў у 2022-м, а летась з 20 галамі ў 26 матчах стаў другім бамбардзірам першынства рэзервістаў. У канцы сезона-2023 Альшэўскі звярнуў увагу на форварда і даў магчымасць дэбютаваць у вышэйшай лізе – у заключным туры выпусціў на чатыры хвіліны супраць «Шахцёра» (0:3). Летась адбыўся дэбют і за юніёрскую зборную (за яе ўжо набеглі чатыры матчы).

Па выніках 2023-га Капскі-малодшы паставіў Кісялёва на другое месца ў галасаванні за найлепшага футбаліста Беларусі.

Аляксандр Шасцюк, 21 год, нападаючы

Выхаванец брэсцкага ЦАР ужо паспеў пакалясіць па клубах. У карʼеры пасля 4+3 у 29 матчах за брэсцкае «Дынама»-2021 былі расійскі «Ніжні Ноўгарад» і латвійскі РФШ. За мяжой форвард так і не згуляў за першыя каманды, а потым вярнуўся да дынамаўцаў. З пачатку 2023-га Шасцюк зʼяўляецца гульцом БАТЭ.

Пакуль яму не ўдалося стаць асноўным выканаўцам. У чэмпіянаце-2023 Шасцюк толькі тройчы выходзіў у старце, хаця паўдзельнічаў у 20 матчах. Гуляючы ў сярэднім усяго 19 хвілін, форвард набраў 1+2. Таксама паспеў запомніцца нерэалізаваным пенальці ў гульні з брэсцкім «Дынама» (4:0). Як аказалася, прабіўшы, парушыў устаноўку Альшэўскага – той прызначыў штатным пенальцістам Валерыя Грамыку. Тут жа рушылі дысцыплінарныя меры – пропуск наступнай гульні, штраф і набыццё для каманды «Кола-Колы».

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты