Tribuna/Футбол/Блогі/Як чытаць «Трыбуну» ў Беларусі і не патрапіць на «суткі»? Сабралі рэкамендацыі

Як чытаць «Трыбуну» ў Беларусі і не патрапіць на «суткі»? Сабралі рэкамендацыі

Адразу папярэджваем: гэта складана.

Аўтар — bytribuna com
26 студзеня, 15:27
2
Як чытаць «Трыбуну» ў Беларусі і не патрапіць на «суткі»? Сабралі рэкамендацыі

25 студзеня зʼявілася інфармацыя пра тое, як рэжым пакараў за цікавасць да інфармацыі «Трыбуны». У цяперашніх умовах «прысуд», хоць гэта і гучыць дзіка, можна назваць поспехам для таго, хто патрапіў у рукі лукашэнкаўскіх «сілавікоў».

Ніжэй – пра тое, як зрабіць прагляд нашых публікацый больш бяспечным для тых, хто застаецца ў Беларусі.

Глядзець і чытаць публікацыі «Трыбуны» на тэрыторыі Беларусі стала асабліва небяспечна з 5 снежня 2023 года, калі «МУС» Лукашэнкі ўпісала нашыя сайт, сацсеткі, аплікацыі і нават лагатып у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў». «Трыбуна» стала ў ім адным са шматлікіх у ганаровым шэрагу незалежных медыя, якія рэжым усімі сіламі спрабуе задушыць. Да гэтага са жніўня 2021-га ўсе нашы публікацыі лічыліся «экстрэмісцкімі матэрыяламі», але «фармаванне» – гэта ўжо іншая «прыступка».

«Экстрэмісцкія» артыкулы рэжымнага «крымінальнага кодэкса» прапісаныя так, каб па жаданні «сілавікоў» іх трактоўка была максімальна шырокай. Але калі зыходзіць з таго, як іх ужо ўжывалі, і згадаць, што наша медыя не збірала данаты ад чытачоў, то «крыміналка» ў Беларусі пагражае людзям, у якіх знойдуць сляды перадачы «Трыбуне» любой інфармацыі.

Калі вы ў Беларусі, не трэба падпісвацца на акаўнты «Трыбуны» ў сацсетках, лайкаць пасты ў іх і пакідаць каментары – за гэта могуць даць «суткі». Для «крыміналкі» за дачыненне да «фармавання» патрэбна «мэта» здзейсніць «экстрэмісцкае» злачынства – пакуль такой «мэты» ў падпісках і нават рэпостах не знаходзілі, але заўсёды ёсць рызыка, што рэжым можа памяняць трактоўкі сваіх «законаў». Таму адпішыцеся ад нас і выдаліце лайкі, калі вы іх ставілі.

Што ж, і ў такіх умовах «Трыбуна» працягвае быць адзіным незалежным спартовым медыям у Беларусі, якое распавядае пра рэальны стан спраў у беларускім спорце. На ўмовах ананімнасці мы па-ранейшаму дастаем звесткі з рэжымных устаноў і знаходзім тых, у каго ёсць меркаванне наконт таго, што адбываецца, а яшчэ выцягваем цікавую інфармацыю з адкрытых крыніц і прыгожа падаем яе ў фармаце карцінак і відэа. Увогуле, шмат працуем для таго, каб у вас захоўвалася магчымасць ведаць тое, што спрабуюць схаваць махінатары-чынушы.

Як жа больш бяспечна сачыць за «Трыбуной» тым, хто застаецца ў Беларусі? Не бачым сэнсу пісаць новыя падрабязныя гайды на гэтую тэму, калі яны ўжо ёсць – у прыватнасці, шмат намаганняў прыклала «Наша Нiва». Звярнем увагу на некаторыя пэўныя моманты, да якіх прыкладзём патрэбныя спасылкі.

У найбольшай небяспецы за цікавасць да «Трыбуны» ў Беларусі – людзі, якія дасылалі нам любую інфармацыю праз бот у Telegram, які меў адрас @ByTribunaComBot. Ад яго выкарыстання мы ўжо адмовіліся, але «тэрміну даўніны» для «сілавікоў» няма. Ачысціць гісторыю перапіскі з ботам складана і няхутка, але абавязкова трэба. Калі «сілавікі» знаходзяць сляды выкарыстання такіх ботаў на тэлефонах тых, каго затрымалі па іншых прычынах, то радасна паціраюць рукі – таму што за перадачу якой-небудзь інфармацыі «экстрэмістам» праз боты ўжо не раз давалі тэрміны за кратамі ў некалькі гадоў. Як выдаліць гісторыю робата: СПАСЫЛКА НА ІНСТРУКЦЫЮ.

Выкарыстанне VPN – гэта заўсёды добра, але, як паказвае практыка, важней не пакідаць слядоў на ўласным прыладзе. Тым не менш вось некаторыя VPN, якія добра сябе зарэкамендавалі: 1.1.1.1, ProtonVPN, Psiphon, Tachyon.

Калі вы чытаеце «Трыбуну» праз аплікацыю, то сёння сам факт яе наяўнасці на вашым тэлефоне ў Беларусі можа стаць падставай для «сутак». Таму выдаліце нашы аплікацыі і ачысціце іх згадванне ў Google Play, калі спампоўвалі адтуль (СПАСЫЛКА НА ІНСТРУКЦЫЮ).

Калі вы чытаеце «Трыбуну» на сайце праз браўзер, то чысціце гісторыю гэтага браўзера (як гэта зрабіць: СПАСЫЛКА). Або захадзіце на «Трыбуну» толькі ў браўзерным рэжыме інкогніта, у якім запісаў у гісторыю проста не будзе (як гэта зрабіць: СПАСЫЛКА). І, вядома, калі вы ў Беларусі, то нікому не дасылайце спасылкі на нашы матэрыялы і пасты праз сацсеткі ці месенджары! Вельмі непажадана, каб «сілавікі» рэжыму маглі знайсці на вашай прыладзе, што вы «распаўсюджвалі матэрыялы» «экстрэмісцкага фармавання».

Тое ж самае, калі вы публікавалі спасылкі на наш сайт у сваіх пастах у сацсетках ці рэпосцілі нас. Ізноў жа, калі ваш пост/рэпост у цяперашні момант даступныя, то «тэрміну даўнасці» няма. У рэжымнага кіраўніка федэрацыі баскетбола Максіма Рыжанкова спасылкі на «Трыбуну» і іншыя «экстрэмісцкія» для яго рэжыму медыя даступныя ў Twitter дагэтуль, але так можна далёка не ўсім. Астатніх мы просім выдаліць свае пасты са спасылкамі на нас і рэпосты ад нашых акаўнтаў, калі вы гэтага яшчэ не зрабілі.

Ідзем у сацсеткі. Іх праблема і ў тым, што ў шмат якіх выпадках любому карыстачу бачныя чужыя лайкі пад вызначаным запісам, роўна як і вашыя падпіскі, калі ў вас, напрыклад, адкрыты акаўнт. У дырэктара ДзЮСШ «Смаргоні» быў менавіта такі – хутчэй за ўсё, яго напаткала рэжымная «праверка» для супрацоўнікаў дзяржструктур. Нядаўна мы пісалі пра недарэчную гісторыю такога «правяральніка» – жлобінскі спортчыноўнік адглядаў чужыя лайкі ў «экстрэмісцкіх» акаўнтах, нібыта выпадкова (у гэта верыцца) паставіў свой, а потым сам, відаць, патрапіў пад «праверку», пасля чаго «заехаў на суткі».

Дык вось, калі вы ў Беларусі, не трэба падпісвацца на акаўнты «Трыбуны» ў сацсетках, лайкаць пасты ў іх і пакідаць каментары. Калі вы гэта рабілі, то адпішыцеся і выдаліце лайкі. Як гэта зрабіць у VK і Facebook: СПАСЫЛКА НА ІНСТРУКЦЫЮ. Як гэта зрабіць у Instagram: СПАСЫЛКА НА ІНСТРУКЦЫЮ. Калі вы пісалі паведамленні нашаму акаўнту ў Instagram Tribuna.com Беларусь (@tribunaby), то ў той жа інструкцыі прачытайце, як выдаліць гэтую перапіску, і выдаліце.

У TikTok у дадатак да вышэйпералічанага варта выдаліць і гісторыю праглядаў. Як усё гэта зрабіць: СПАСЫЛКА НА ІНСТРУКЦЫЮ. Таксама на ўсялякі выпадак варта ачысціць прагляды ў YouTube, калі вы глядзіце канал «ЧестнОК», на які ў Беларусі таксама лепш не падпісвацца. Як выдаліць прагляды: СПАСЫЛКА НА ІНСТРУКЦЫЮ.

Самая складаная гісторыя з Telegram. Яго «сілавікі» асабліва любяць правяраць у затрыманых, і чысціць там трэба не толькі падпіскі і лайкі, як у іншых выпадках. Калі вы, напрыклад, глядзіце фота і відэа ў нашым Telegram, то яны застаюцца ў спецыяльных раздзелах вашага акаўнта, а таксама на прыладзе – і ўсё гэта лёгка правяраецца. Таму трэба рэгулярна чысціць укладкі «Медыя» і «Загрузкі» (СПАСЫЛКА НА ІНСТРУКЦЫЮ, там жа расказана, як адпісацца ад канала, калі вы падпісаныя), а таксама выдаляць кэш Telegram на вашым гаджэце (СПАСЫЛКА НА ІНСТРУКЦЫЮ, там жа можна прачытаць і іншыя парады па карыстанні Telegram). Калі на вашым акаўнце ўжо шмат «грахоў» для рэжыму, лепш наогул выдаліць профіль (СПАСЫЛКА НА ІНСТРУКЦЫЮ).

Аднак у канцы гэтага паста мы вымушаныя прызнаць: усё гэта толькі памяншае верагоднасць таго, што на вас звернуць увагу – пры праверцы лайкаў унутры сістэмы, калі вы там застаяцеся, пры даглядзе на мяжы і ў іншых сітуацыях. Калі ж вы ўжо па якой-небудзь прычыне патрапілі ў лапы «сілавікоў», то з вашага прылады яны могуць здзейсніць што заўгодна і сказаць, што вы зрабілі гэта самі, – як вядома, у «судзе» рэжыму павераць ім. Проста ў «сілавікоў» больш папулярныя выдуманыя «абвінавачанні» ў сувязях з, напрыклад, планам «Перамога» ці палком Каліноўскага.

Бяспечны спосаб спажываць і распаўсюджваць інфармацыю «Трыбуны» – знаходзіцца ў гэты час па-за Беларуссю без планаў туды вяртацца, пакуль рэпрэсіі працягваюцца. Такіх людзей мы заклікаем ставіць лайкі і рабіць рэпосты ў нашыя сацсеткі:

Тым беларусам унутры Беларусі, якія хочуць заставацца ў курсе падзей, рэкамендуем асвоіць нейкі адзін канал спажывання інфармацыі і патраціць час на тое, каб разабрацца ў правілах бяспекі. Хаатычнае спажыванне кантэнту на розных платформах пакідае сляды і павышае рызыкі.

Калі нейкія навіны на «Трыбуне» вас зачапілі, і вы хочаце імі падзяліцца з сябрамі – не трэба адпраўляць спасылкі. Лепш проста перакажыце навіну сваімі словамі, не спасылаючыся на «Трыбуну» – мы на гэта дакладна не пакрыўдзімся.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты