Tribuna/Прочие/Блоги/Фоткаўся з Кавальчуком, хацеў здаць іншых, але выпадкова лайкнуў «не тое» сам: сумны лёс чынушы са Жлобіна

Фоткаўся з Кавальчуком, хацеў здаць іншых, але выпадкова лайкнуў «не тое» сам: сумны лёс чынушы са Жлобіна

Сістэмны суд прадстаўніка сістэмы не пашкадаваў.

Автор — KentYara98
10 января, 18:00
Фоткаўся з Кавальчуком, хацеў здаць іншых, але выпадкова лайкнуў «не тое» сам: сумны лёс чынушы са Жлобіна

На пачатку студзеня стала вядома пра тое, што начальніку аддзела спорту і турызму выканкама Лукашэнкі па Жлобіне Яўгену Ахрэменку прысудзілі 15 сутак арышту.

Як высветлілася, рэжымнага чыноўніка затрымалі за лайк, пастаўлены на адной са старонак у Instagram, што прызнаныя лукашэнкаўскімі ўладамі экстрэмісцкімі. У пасце, які «спадабаўся» Ахрэменку, аўтары «віншавалі» жлобінскіх супрацоўнікаў так званага КДБ з «прафесійным» святам і нагадвалі, што дзеянні рэжымных сілавікоў не будуць забытыя.

Пост гэты не карыстаўся папулярнасцю – усяго 13 лайкаў, адзін з якіх ад самога канала, так што праверыць усіх, хто ўпадабаў публікацыю, было нескладана.

Справу Ахрэменкі на падставе ч. 2 арт. 19.11 рэжымнага КаАП (Распаўсюджванне так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў) разглядала ў адкрытым працэсе «суддзя» рэжыму Наталля Качалава, якая мае пэўны досвед у палітычных справах.

Як піша «Гомельская вясна», ў матэрыялах справы гаворцца, што Ахрэменка «ў сацыяльнай інтэрнэт-сетцы Instagram на асабістай старонцы адзначыў як ўпадабаную публікацыю ў суполцы Free_Zhlobin, што ўключаная ў рэспубліканскі спіс [так званых] экстрэмісцкіх матэрыялаў», павялічыўшы такім чынам «ахоп аўдыторыі для яе прагляду».

Сам Ахрэменка віну прызнаў толькі часткова і растлумачыў, што гэта было зроблена ненаўмысна, выпадкова. Чыноўнік пераконваў суд, што не меў мэты распаўсюду, а толькі перачытваў публікацыі названай суполкі, каб выявіць і спыніць супрацьпраўныя дзеянні сваіх супрацоўнікаў і спартсменаў. Такая вось іронія лёсу: той, хто хацеў «закласці» калег, у выніку патрапіў у пастку сам.

«Самы справядлівы суд у свеце» не паверыў Ахрэменке і не ўлічыў той факт, што ён мае трох непаўналетніх дзяцей. Чынуша атрымаў 15 сутак арышту і застаўся без мабільнага тэлефона, які рэжымны суд палічыў «прадметам злачынства».

Што яшчэ вядома пра «палітычнага вязня»?

У 2019 годзе ён займаў пасаду загадчыка сектара спорту і турызма аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама. Тады ж засвяціўся ва ўчастковай выбарчай камісіі ў якасці намесніка старшыні, куды быў вылучаны праўладнай Гомельскай абласной арганізацыяй «Сацыял-дэмакратычнай партыі Народная згода».

Ёсць подпіс чыноўніка і пад праўладным лістом спартоўцаў. Там ён пазначаны як уладальнік 1 спартовага разраду ў футболе. У сакавіку 2021-га чалавек з такім жа імем і прозвішчам каментаваў для «Трыбуны» магчымыя змены ў фармаце мінорных ліг - ён прадстаўляўлся як дырэктар ФК «Жлобін».

У інстаграме лукашэнкаўскага чынушы толькі ідэалагічна вывераны кантэнт – фота дрэннай якасці са спартыўных мерапрыемстваў у рэгіёне, анонсы і розныя віншаванні.

Вось Ахрэменка (другі злева) пераразае стужку на адкрыцці пляцоўкі для міні-футбола восенню 2021-га. Адмысловага сімвалізму падзее, па версіі чыноўніка, надаваў той факт, што ўсё адбывалася ў так званы Дзень народнага адзінства – свята, прыдуманае пасля падзей 2020-га.

А тут ён дзеліцца фатаграфіяй з зімовай рэспубліканскай галіновай Спартакіяды работнікаў фізічнай культуры, спорту і турызму. На фота можна заўважыць і так званага міністра спорта Сяргея Кавальчука.

Сярод адзначаных публікацый можна знайсці яшчэ адно сумеснае фота гэтых персанажаў - на спартакіядзе ў Стайках.

У верасні мінулага года Ахрэменка падзяліўся фатаграфіяй граматы, што атрымаў за «добрасумленную працу і актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні на высокім узроўні II гульняў краін СНД». У жніўні 2023-га Жлобін прымаў спаборніцтвы па самба ў межах гэтага прапагандысцкага турніру.

Пасля зʼяўлення інфармацыі пра арышт журналісты гомельскага «Флагштока» патэлефанавалі на працу Ахрэменке, але там адказалі сувора:

«Яго няма і не будзе. Ён не працуе ўжо тут. З пачатку новага года не працуе», – заявілі былыя калегі.

Другие посты пользователя

Все посты