Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Польскi клуб зноў нятанна прадаў гульца «Арысу» Шпілеўскага – а набывае iншых раз-пораз у ЧБ (ехаць зусiм недалёка)

Польскi клуб зноў нятанна прадаў гульца «Арысу» Шпілеўскага – а набывае iншых раз-пораз у ЧБ (ехаць зусiм недалёка)

I гэта не ўсе сувязi «Ягелонii» з Беларуссю.

Аўтар — KentYara98
31 студзеня, 06:26
Польскi клуб зноў нятанна прадаў гульца «Арысу» Шпілеўскага – а набывае iншых раз-пораз у ЧБ (ехаць зусiм недалёка)

Бадай, самы беларускі клуб Еўропы «Арыс» пакуль ідзе на другім радку турнірнай табліцы чэмпiянату Кiпра, адстаючы ад лідара АПАЭЛ на 6 ачкоў. У зімовае міжсезонне у «Арыс» перайшоў гулец польскай «Ягелоніі» – 19-гадовы цэнтральны абаронца Мілаш Матысік, з якiм падпiсалi кантракт да канца 2028-га года. Трансфер перспектыўнага паляка, які дэбютаваў на дарослым узроўні ў мінулым сезоне, абышоўся ў 500 тысяч еўра. У бягучым сезоне Матысік толькі 8 разоў выходзіў на поле.

«Арыс» не ўпершыню набывае гульца «Ягелоніі». У ліпені 2022-га за 400 тысяч еўра пераехаў у Кiпр паўабаронца Караль Струскi. Футбаліст хутка змог замацавацца ў аснове новага клуба, стаўшы адным з ключавых гульцоў. У свой дэбютны сезон ён правёў 20 матчаў, за якія паспеў адзначыцца 4 галамі і 2 галявымі перадачамі, i стаў чэмпіёнам краіны. У бягучым сезоне ў актыве 23-гадовага паляка 16 матчаў і 1 гол.

«Ягелонія» таксама не чужая беларускім аматарам футбола каманда. Па-першае, каманда базуецца ў Беластоку – горадзе на мяжы з Беларуссю, якi нават пару гадоў быў уключаны ў БССР па вынiках дамовы савецкага i нямецка-фашысцкана ўрадаў.

Таксама ў «Ягелонii» некалi няўдала гуляў вядомы ў белфутболе гродзенец Павел Савiцкi (i чыслiўся яго сённяшнi напарнiк па «Нёмане» Ягор Зубовiч).

А ў 2020-я «Ягелонiя» не раз брала гульцоў з досведам ЧБ i нават наўпрост з вышэйшай лiгi.

Бразільскі нападаючы Дыега Сантас, які ў 2019-21 гадах падарожнічаў паміж «Віцебскам» і «Шахцёрам», улетку 2021-га перабраўся ва ўкраінскі «Колас». Але гэтаму супрацоўніцтву перашкодзіла распачатая вайна – гулец скарыстаўся правіламi ФІФА і адправіўся ў арэнду якраз у беластоцкі клуб.

У польскай Экстракласе бразільскі вінгер паспеў правесці 8 матчаў, забіўшы ў іх 2 мячы і аддаўшы адну галявую перадачу. Затым у экс-гульца «Віцебску» былі такія ж паўгадавыя арэнды ў венгерскі «Залаэгерсег», дзе ён правёў усяго 5 матчаў, і ў азербайджанскі «Сумгаіт», дзе гулец выйшаў на поле ў 10 матчах і вызначыўся 1 забітым мячом.

Улетку бразілец вярнуўся ва Украіну, але ўжо ў жніўні 2023-га збег з краіны. Мясцовыя СМІ пісалі, што гэта здарылася пасля чарговага абстрэлу Расіяй украінскіх тэрыторый, якія напалохалі гульца. Але потым той вярнуўся пасля размовы з суайчыннікам з «Коласа» Рангелем. Дыега паспеў правесці 5 матчаў чэмпіянату Украіны (яшчэ ў 7 ён быў па-за заяўкай), пасля чаго выбыў з-за пашкоджання.

Літовец Фёдар Чарных, які з 2009-га па 2014-ы гуляў у «Дняпры» і «Нафтане», залятаў у «Ягелонію» двойчы. Першы пераход здарыўся ў жніўні 2015-га і каштаваў беластоцкай камандзе 125 тысяч еўра – зарабіў на трансферы польскі «Гурнік», куды вінгер перабраўся за год да гэтага. У «Ягелоніі» Чарных замацаваўся на тры сезоны, з якіх самым выніковым стаў 2016/17. Тады вінгер правёў 34 матчы, у якіх забіў 12 мячоў і яшчэ 9 разоў паспяхова асіставаў партнёрам.

Затым у кар’еры гульца былі маскоўскае «Дынама» і «Арэнбург» і другое прышэсце ў «Ягелонію» ў верасні 2020-га, дзе ён правёў яшчэ тры гады, пасля чаго перабраўся на Кіпр, праўда не ў «Арыс», а ў АЕЛ. А яго праз год змяніў на індыйскі «Керала Бластэрс».

А вось нігерыйскі паўабаронца Годфры Стывен, які выступаў у «Іслачы» з сакавіка 2019-га па люты 2021-га, сваім пераходам у «Ягелонію» прынёс «ваўкам» 250 тысяч еўра. Але згуляў футбаліст катастрафічна мала – у сезоне-2020/21 ён выйшаў на поле ў трох матчах, а яшчэ праз год толькі ў адным. Яго нават «ссылалі» ў моладзевую каманду, дзе бразілец часта заставаўся па-за заявай.

У студзені 2022-га абаронца адправіўся ў арэнду ў тбіліскае «Дынама», а праз год на правах свабоднага агента перайшоў у расійскую «Волгу». Бягучы сезон 23-гадовы футбаліст праводзіць у венгерскім «Д’яшд’ёры», дзе гуляе і беларускi падпiсант за рэжым Уладзіслаў Клімовіч.

Дагэтуль застаецца гульцом «Ягелонii» 29-гадовы Боян Насцiч. Баснiец паехаў у Беласток у пачатку 2021-га з БАТЭ, якi атрымаў каля 300 тысяч еўра. Першыя два с паловай гады на новым месцы абаронца быў асноўным у камандзе, аднак у цяперашнiм сезоне ўсё змянiлася – Насцiч сумарна правёў толькi 27 хвiлiн у Экстракласе. Спачатку ён прайграваў канкурэнцыю, а ў лiстападзе парваў ахiлава сухажылле i надоўга выбыў з шыхту.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты