Tribuna/Гандбол/Блогі/Пинта-Шминта/З Расіі ў Брэст прыехаў гулец, які сядзеў там 3 месяцы за бойку, у Гомель – фаны «Зеніта» са сцягам (шмат дзе непажаданым) імперыі

З Расіі ў Брэст прыехаў гулец, які сядзеў там 3 месяцы за бойку, у Гомель – фаны «Зеніта» са сцягам (шмат дзе непажаданым) імперыі

Дзіўныя госці беларускага гандбола.

Аўтар — KentYara98
25 студзеня, 06:24
З Расіі ў Брэст прыехаў гулец, які сядзеў там 3 месяцы за бойку, у Гомель – фаны «Зеніта» са сцягам (шмат дзе непажаданым) імперыі

Беларускія клубы працягваюць удзел у газпромаўскай SEHA-лізе. 22 і 23 студзеня хатнія матчы правялі лідар групы А «Мяшкоў» і яе аўтсайдар «Гомель».

Брэстаўчане сустракаліся з «Пермскімі мядзведзямі», у складзе якіх на пляцоўцы з'явіўся левы крайні Аляксандр Сініцын. Расіянін ведае горад над Бугам з самых розных бакой. У 2022 годзе, будучы гульцом «Данскіх казакоў – ЮФУ», ён паспеў нават патрапіць у лукашэнкаўскую турму. Прычынай затрымання сталі паводзіны гульца ў мясцовым кароке-бара, дзе ён ударыў аднаго з супрацоўнікаў, пакінуўшы таму сіняк пад вокам. Тады дырэктар «казакоў» сцвярджаў, што канфлікт здарыўся праз словы «Вы, рускія, убірайцеся адсюль» (аднак ці казаў хто такое насамсправе, невядома).

У дачыненні да Сініцына распачалі крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства», а клуб з'ехаў з горада, пакінуўшцы без аніякай падтрымкі. На судзе спартсмен прызнаў віну і атрымаў пакаранне ў выглядзе трох месяцаў арышту, што значна менш, чым тое, што атрымліваюць беларусы за лайк ці каментар.

Гэтым разам Сініцын нічога не закінуў і нікога не збіў, але ў адной з атак сваёй каманды заваліў суперніка – не пашанцавала ветэрану брастаўчан Максіму Баранаву.

«Мяшкоў» перамог з лікам 37:32 і ўжо чакае матч плэй-оф з «Машэкам», які заняў чацвёртае месца ў групе Б.

А ў Гомель на матч мясцовай каманды з «Зенітам» дабралася некалькі дзясяткаў расійскіх фанатаў. Яны зладзілі шэсце па горадзе. Наўрад ці яно было ўзгоднена з лукашэнкаўскімі чынушамі, але, мяркуючы па відэа, мясцовых «сілавікоў» ніяк не зацікавіла.

Потым госці (хаця не факт, што ямы пачуваліся гасцямі) яшчэ куражыліся ў зале. На некаторых мужчынах можна было пабачыць футболкі з надпісам «Слава Расіі». Падобна, што весялей за ўсё было вазочніку.

На адным са здымкаў можна заўважыць на трыбуне сцяг Расійскай імперыі - той самай дзяржавы, дзе беларускія тэрыторыі апынуліся ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай, а спроба паўстання Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў была патопленая ў крыві. Заўзятары з Санкт-Пецярбургу вырашылі нагадаць гамельчукам пра «слаўныя» старонкі гісторыі, але нічога - усё ж імперскі сцяг не ў бел-чырвона-белых колерах. Цікава, што «імперку» (так яшчэ называюць стары флаг расійскай дзяржавы) забаранялі ў РФ на футбольных матчах, а УЕФА ўключаў яго ў спіс атрыбутыкі, непажаданай на трыбунах.

Пад гэтым сцягам зрабіла фота прыезджая каманда. Наяўнасць імперскай сімволікі, мяркуючы па ўсім, не збянтэжыла беларускіх гульцоў «Зеніта» Ігара Чэрнікава і Віктара Зайцава.

А вось гэтая ж кампанія фатаграфуецца са сваёй сімволікай на фоне чырвона-зялёнага сцяга - у прынцыпе, выглядае гарманічна.

На памяць гораду піцерскія госці пакінулі графіці.

Заўзятары гандбольнага «Зеніта» - цікавыя персанажы. Яны з’яўляюцца прадстаўнікамі «Віража» – групы фанатаў футбольнага «Зеніта», якія пасля ўвядзення ў Расіі Fan ID (яго яшчэ называюць пашпартам заўзятара) сталі байкатаваць футбольныя матчы і пераключыліся на гандбольную каманду.

Нагадаем, што прадстаўнікі расійскіх фанацкіх футбольных рухаў удзельнічаюць у вайне з Украінай на баку Расіі. У жніўні 2023-га ўкраінскія вайскоўцы паведамілі, што знішчылі частку расійскага акупацыйнага падраздзялення «Эспаньёла», якое складаецца з футбольных фанатаў.

«Гомель» прайграў «Зеніту» з лікам 28:36. Беларускай камандзе засталося правесці адну сустрэчу «рэгуляркі» – 6 лютага яна сустренуцца з «Пермскімі мядзведзямі».

Заўзятарам «Зеніта» ўжо выпадала гуляць па беларускай зямлі. Пяць гадоў таму іх куды болей прыехала ў Мінск - таксама абышлося без пытанняў з боку лукашэнкаўскіх сілавікоў, хаця так званага АМАПу там было многа.

Іншыя пасты блога

Усе пасты