Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Як беларускі футбол зарабляе на «Урале» Ганчарэнкі. Асноўныя плюшкі атрымаў БАТЭ, але не толькі ён

Як беларускі футбол зарабляе на «Урале» Ганчарэнкі. Асноўныя плюшкі атрымаў БАТЭ, але не толькі ён

Агулам атрымліваецца больш за паўмільёна еўра.

Аўтар — KentYara98
27 студзеня, 09:13
Як беларускі футбол зарабляе на «Урале» Ганчарэнкі. Асноўныя плюшкі атрымаў БАТЭ, але не толькі ён

Галоўны трэнер «Урала» Віктар Ганчарэнка папоўніў ростар сваёй каманды яшчэ адным беларусам. Дапамагаць екацерынбургскай камандзе падняцца вышэй за бягучую 12-ю пазіцыю ў турнірнай табліцы адправіўся Арцём Канцавы – 26 студзеня клуб афіцыйна аб'явіў аб трансферы.

Гулец нават паспеў правесці першы афіцыйны трэнінг, дзе прабег праз вітальны калідор новых партнёраў і атрымаў крыху па плячах.

Канцавы стаў пятым беларускім гульцом у складзе «Уралу» пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі. Акрамя таго, у трэнерскім штабе калектыву ёсць і экс-трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч.

Дзеля пераходу ў екацерынбургскі клуб Канцавы адхіліў прапанову румынскага «Сэпсі», які гатовы быў не толькі выплаціць кампенсацыю БАТЭ, але і падняць гульцу заробак. Да паўабаронцы таксама праяўлялі цікавасць венгерскі «Мезекевешд», грузінскі чэмпіён «Дынама» з Батумі, маскоўская «Радзіма» і сербскі «Партызан», але і гэтыя варыянты не зацікавілі беларуса.

На карысць «Урала» згуляла тое, што клуб прапанаваў лепшыя фінансавыя ўмова. Хоць гульца таксама схіліла на расійскі бок адсутнасць моўнага барʼера і наяўнасць у складзе знаёмцаў па БАТЭ.

Трансфер Канцавога, які меў актуальны кантракт з БАТЭ, каштаваў «Уралу» паводле інфармацыі «Трыбуны» каля 150 тысяч долараў.

Месяцам раней кантракт з «Уралам» падпісаў яшчэ адзін экс-барысавец - Валерый Бачароў. Праўда, паўабаронца перайшоў у расійскі клуб свабодным агентам. Яшчэ летам 2023-га «жоўта-сінія» прапаноўвалі гульцу новую дамову з разлікам падзарабіць на трансферы Бачарова. Але гулец на такі крок не пайшоў і ў снежні сышоў практычна бясплатна. Практычна, таму што нейкую суму за беларуса БАТЭ ўсё ж атрымае – спрацуе правіла ФІФА па кампенсацыі за падрыхтоўку гульца ва ўзросце да 23 гадоў уключна.

Адзін з беларускіх футбольных агентаў лічыць, што падпісанне Бачарова – гэта прыклад таго, як Віктар Ганчарэнка дапамагае трымацца на плаву ў фінансавым плане свайму былому клубу, бо сам футбаліст, маўляў, не цягне ўзровень РПЛ.

Яшчэ «Урал» заплаціў БАТЭ за пераход Уладзіслава Малькевіча. Падпісант за дыктатуру змяніў прапіску ў верасні 2023-га, патлумачыўшы адʼезд тым, што клуб не патрапіў у групу еўракубкаў. Па звестках партала Transfermarket, трансфер прынёс Барысаву 200 тысяч еўра.

Гэтыя грошы дакладна дапамагаюць трымацца на паверхні клубу Адрэя Капскага, які не можа атрымліваць фінансаванне з рэжымнага бюджэту праз шкодніцтва рэжымнага ж «міністра» па спорце. У мінулым годзе Сяргей Кавальчук не падпісаў БАТЭ план развіцця. Такая сітуацыя можа паўтарыцца і ў новым сезоне.

Але не за ўсе трансферы барысаўскіх гульцоў клуб Ганчарэнкі плаціў. Брамнік Дзяніс Шчарбіцкі пакінуў Барысаў, дзе правёў 15 гадоў, свабодным агентам. Траўмаваным на той момант кіперам цікавіўся і клуб з Польшчы, але фактар Ганчарэнкі выканаў сваю ролю - і беларус адправіўся ва «Урал».

19 студзеня стала вядома, што галкіпер падоўжыў дамову з расійскім клубам да жніўня 2027-га, прытым што ён дагэтуль ні разу не згуляў за новую каманду.

БАТЭ - не адзіны клуб, які атрымліваў фінансавую выгаду ад пераходаў гульцоў у екацерынбургскую каманду. Увосень 2022-га туды перабраўся няхай і экс-барысавец, але ж гулец «Шахцёра» Ягор Філіпенка. Той пераход мог не адбыцца – абаронца не хацеў пакідаць салігорскі клуб, пакуль той не разлічыцца па даўгах, якія складалі пару сотняў тысяч долараў. У Салігорску не маглі аднамаментна разлічыцца з Філіпенкам, таму доўг «гарнякоў» пагасіў «Урал».

Мяркуючы па ўсім, беларускі дэсант не моцна бянтэжыць прэзідэнта «Урала» Грыгорыя Іванова. Яшчэ ў кастрычніку ён прагназаваў зʼяўленне новых беларускіх гульцоў у складзе. Толькі вось кантракт з самім галоўным трэнерам, які заканчваецца летам гэтага года, ён пакуль не працягнуў, хаця і запэўнівае ўсіх, што ўсё будзе ў парадку.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты