Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Яшчэ адна лёгкаатлетка з Беларусі можа пачаць выступаць за Польшчу і нават паехаць на Гульні ў Парыж. Вось хто гэта

Яшчэ адна лёгкаатлетка з Беларусі можа пачаць выступаць за Польшчу і нават паехаць на Гульні ў Парыж. Вось хто гэта

Вярнулася ў вялікі спорт праз «Макдональдс», цяпер чакае рашэння па грамадзянству.

Аўтар — KentYara98
28 студзеня, 19:30
Яшчэ адна лёгкаатлетка з Беларусі можа пачаць выступаць за Польшчу і нават паехаць на Гульні ў Парыж. Вось хто гэта

На днях стала вядома, што яшчэ адна беларуска можа паехаць на Алімпійскія гульні ў Парыж у складзе зборнай Польшчы. У след за Крысцінай Ціманоўскай, якая атрымала польскі пашпарт у жніўні 2022-га, змяніць грамадзянства спрабуе і скакуха ў вышыню Марыя Жодзік.

27-гадовая лёгкаатлетка падала прашэнне аб гэтым у кастрычніку 2023-га і цяпер чакае рашэння прэзідэнта краіны Анджэя Дуды. Паскорыць бюракратычную машыну спрабуюць польскія спартыўныя медыя, якія актыўна расказваюць гісторыю таленавітай беларускі.

Калі ўсё складзецца ўдала, Алімпійскія гульні ў Парыжы стануць для Жодзік першымі ў кар'еры. На папярэдні турнір у Токіа яна не патрапіла праз нядбальства федэрацыі. Скакуха ў вышыню хоць і заваявала ліцэнзію з асабістым рэкордам 196 см, але не паехала на турнір праз недахоп допінг-проб падчас сезону. У федэрацыі проста забыліся арганізаваць дзяўчыне неабходную колькасць праверак, якая вызначаная для тых, хто плануе выступаць на Алімпіядзе.

Пасля той сітуацыі Жодзік яшчэ выступала нейкі час пад дзяржаўным сцягам. У лютым 2022-га яна стала пераможцай адкрытага чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы ў памяшканнях з вынікам 180 см, абышоўшы на пяць сантыметраў найбліжэйшых канкурэнтак.

І ўсё ж спартсменка наважылася на радыкальныя перамены і пераехала ў польскі Беласток. У гэтым ураджэнцы Баранавічаў дапамагло паходжанне – дзяўчына атрымала карту паляка, пацвердзіўшы наяўнасць польскіх каранёў.

Але ў адрозненні ад Крысціны Ціманоўскай, у Марыі ў Польшчы не было пышнага прыёму і вялікай дапамогі. Дзяўчыне нават давялося пайсці працаваць у «Макдональдс», а паралельна самастойна падтрымліваць сябе ў форме. Як пішуць польскія СМІ, толькі пасля года працы ў Польшчы ёй пашанцавала трапіць пад апеку прафесійнага трэнера – дапамогу прапанаваў Роберт Назаркевіч. Дзякуючы яму Марыя стала трэнавацца ў клубе «Падляссе Беласток».

«Калі яна прыйшла да мяне на свай першы трэнінг, было зразумела, што яе надзея ўжо сыходзіць. У яе на вочы наварочваліся слёзы, калі яна казала пра Алімпіяду. Яна была гатовая на многае дзеля гэтай мары, і я не сумняваўся, што ёй трэба дапамагчы», – прызнаецца Назаркевіч.

Калі Назаркевіч абвясціў, што прымае яе ў групу, яна проста спытала: «Колькі?»

«Мы пачынаем з заўтрашняга дня», – адказаў трэнер.

«Але колькі гэта будзе каштаваць?» – спытала спартсменка, для якой фінансы былі адной з самых вялікіх праблем пасля прыезду ў Польшчу.

Назаркевіч патлумачыў, што не зацікаўлены ў тым, каб зарабляць на яе трэнаваннях. Замест таго каб прасіць грошы для сябе, ён хутка знайшоў дадатковую дапамогу для новай падапечнай. Так што дзяўчына змагла пакінула працу ў «Макдональдсе», дзе яна стаяла за жароўняй. Праз вялікі рост (187 см) гэтая справа была для яе зусім нязручнай і прыводзіла да боляў у спіне. Так спартсменка зноў магла прысвяціць сябе скачкам.

Вынікі супрацы з трэнерам Назаркевічам выглядаюць шматабяцальнымі. На мінулым тыдні Жодзік упершыню выступала ў Торуні на Нацыянальных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы ў памяшканні. Прадстаўніца спартыўнага клуба Падляшша паказала вынік 194 см (яшчэ тройчы няўдала спрабавала скарыць планку на ўзроўні 197 см) і стала пераможцай. Бліжэйшая канкурэнта скокнула на 9 см ніжэй. Калі б Жодзік выдала тыя ж паказнікі, што і ў Торуні, на летнім чэмпіянаце Беларусі-2023, то таксама стала б чэмпіёнкай, бо пераможца турніру Карына Дземідзік узляцела толькі на 193 см.

Пры гэтым вынік патэнцыйнай польскай зборніцы на 3 см ніжэйшы за алімпійскі нарматыў. Але ж часта бывае так, што яго не выконвае неабходная колькасць спартсменаў, і тады на Гульні дабіраюць удзельнікаў проста па найлепшых выніках.

Калі заяўка Жодзік атрымае станоўчую рэакцыю ад прэзідэнта Польшчы да траўня-2024, ёсць шанец, што лёгкаатлетка зможа далучыцца да польскай зборнай на чэмпіянаце Еўропы, а пасля і на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Па звестках польскіх медыя, трохгадовы каранцін для Жодзік, каб пасля Беларусі пачаць выступаць за Польшчу на міжнародных турнірах, скончыцца ўжо ў чэрвені 2024-га. Прычым гэты тэрмін нібыта нават можа быць крыху скарочаны.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты