Tribuna/Футбол/Блогі/Дзве акцыі пратэсту, два выдаленні і сем галоў, адзін з якіх на 90+8-ай хвіліне – у Германіі прайшоў пакуль самы цікавы сёлетні матч

Дзве акцыі пратэсту, два выдаленні і сем галоў, адзін з якіх на 90+8-ай хвіліне – у Германіі прайшоў пакуль самы цікавы сёлетні матч

Беларускім заўзятарам відавочна ёсць чаму павучыцца

Аўтар — Pam-pam
10 лютага, 13:06
Дзве акцыі пратэсту, два выдаленні і сем галоў, адзін з якіх на 90+8-ай хвіліне – у Германіі прайшоў пакуль самы цікавы сёлетні матч

У Нямеччыне не цішэюць пратэсты футбольных фанатаў. А ўсё з-за таго, што на агульным зборы клубаў першых двух дывізіёнаў Германіі было прынята рашэнне аб тым, каб у Нямецкай футбольнай лігі (DFL) з'явіліся знешнія інвестары. За гэта прагаласавала дзве трэці клубаў. Аб дэтальных прычынах масавых акцый фанатаў нямецкага футбола можна пачытаць у артыкуле «Трыбуны».

У верасне 2023-га ад акцый пратэсту заўзятараў гульні нумар 1 у Германіі пацярпелі работнікі стадыёна Вавонія Рурштадыён. Падчас матчу 15-га тура Бундэслігі паміж «Бохумам» і «Уніянам» (3:0) фанаты каманды са сталіцы Нямеччыны закідалі поле шакаладнымі манетамі.

Ніякага намёку на тое, што пратэсты сціхнуць у бліжэйшы час, пакуль няма. Усё адбываецца якраз наадварот. І метады выказвання сваёй пазіцыі становяцца куды больш дасканалымі.

На гэты раз дасталася браме. У перапынку матча 21-га тура Другой нямецкай Бундэслігі паміж «Гамбургам» і «Гановерам» фанаты гаспадароў прыкавалі замкі да штанг. Работнікам стадыёна прыйшлося ладна папацець, каб каманды змаглі прадоўжыць матч. У выніку, дзякуючы балгарцы і кусачкам, другая палова сустрэчы пачалася.

Але гульня запомніцца балельшчыкам футболу не толькі перформансам з брамай, а яшчэ і драматычнай развязкай.

Да перапынку сустрэчы «Гановер» упэўнена вёў у ліку 3:1 дзякуючы голу Трэсолдзі на 11-ай хвіліне, аўтаголу Рамуша на 21-ай і голу Шаўба на 32-ой. У складзе «Гамбурга» ў першым тайме забітым мячом вызначыўся на 24-ай хвіліне Бенеш.

Зарадзіўшыся энергіяй ад працаўнікоў стадыёна, якія ўпэўнена разабраліся з замкамі, у другім тайме гаспадары неадкладна ўзяліся за справу. На 46-й хвіліне 25-гадовы абаронца «Гамбурга» Хаджыкадуніч, які выйшаў на замену хвілінай раней, адквітаў адзін гол.

На 53-й хвіліне матча суддзя быў вымушаны вывесці гульцоў з поля, бо заўзятары гасцей разгарнулі вялізны банер з мішэнню на твары Марціна Кінда, уладальніка «Гановера». Чарговы перформанс балельшчыкаў звязаны з тым, што Кінд быў адным з тых, хто прагаласаваў за прыцягненне знешніх інвестараў у футбол Германіі.

Пасля таго, як заўзятары прыбралі банер, гульня працягнулася.

На 86-ай хвіліне гаспадарам удалося зраўняць лік намаганнямі Глатцэля. Аднак радасць у балельшчыкаў «Гамбурга» была не доўгай. Праз 2 хвіліны аўтар першага гола гаспадароў Бенеш зарабіў чырвоную картку, і ўжо ў дададзены час «Гановер» здолеў вырваць перамогу ў такім драматычным матчы - на 90+8-ай хвіліне вызначыўся Эрнст. Але і на гэтым цікавыя падзеі ў матчы не скончыліся – на 90+16-ай хвіліне за другую жоўтую картку быў выдалены аўтар трэцяга гола «Гамбурга» Хаджыкадуніч.

Пасля 21-га тура «Гамбург» займае другую пазіцыю ў другой па сіле лізе Германіі і прэтэндуе на прамое павышэнне ў класе па выніках сезона. Гановер займае 5-ы радок у турнірнай табліцы.

Беларускім заўзятарам відавочна ёсць чаму павучыцца ў фанатаў з Германіі ў выражэнні сваёй пазіцыі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты