Tribuna/Футбол/Блогі/Той, хто паклаў два БАТЭ, калicьцi не атрымаў ад Ганчарэнкi шанцу ў Расii – хаця як быццам ключавы матч правёў вынiкова

Той, хто паклаў два БАТЭ, калicьцi не атрымаў ад Ганчарэнкi шанцу ў Расii – хаця як быццам ключавы матч правёў вынiкова

Гулец «Гомеля» шмат гадоў не разумее рашэння беларускага трэнера.

Аўтар — Pam-pam
12 красавіка, 06:00
Той, хто паклаў два БАТЭ, калicьцi не атрымаў ад Ганчарэнкi шанцу ў Расii – хаця як быццам ключавы матч правёў вынiкова

У матчы 3-га тура чэмпіянату Беларусі «Гомель» на выездзе адолеў БАТЭ (3:1).

Дубль з пераможным голам у гэтай сустрэчы аформiў 25-гадовы расійскі паўабаронца Цімур Пухаў, які вызначыўся дублем. Свой першы мяч, са штрафнога, гулец адзначыў эфектным сальта.

Пасля матча Пухаў даў iнтэрв’ю парталу дзяржТБ. I адной з тэм стала то, што на світанку сваёй кар’еры Пухаў, які выступаў тады ў «маладзёжцы» ЦСКА, паспеў папрацаваць з беларускім коўчам Віктарам Ганчарэнкам, якi трэнiраваў першую каманду клуба.

Па ўспамінах гульца, да асноўнай каманды «армейцаў» яго стаў прыцягваць яшчэ Леанід Слуцкі. Праўда, у хуткім часе, у канцы 2016-га, той пакінуў каманду, а на яго месца прыйшоў Віктар Ганчарэнка. Ён больш за год не праяўляў цікавасцi да маладога футбаліста. Пры гэтым у дублі Пухаў сапраўды нядрэнна глядзеўся – у сезоне-2016/17 забіў 10 мячоў, у наступным на адзін менш. У Юнацкай лізе УЕФА (аналаг ЛЧ) у сезоне-2016/17 паўабаронца правёў 8 матчаў і адзначыўся 2 галамі і 3 асістамі.

Гулец заяўляе, што ў той час ім зацікавіўся адзін з клубаў элітнага дывізіёна Харватыі, але Ганчарэнка быццам бы адгаварыў маладога футбаліста ад пераходу, паабяцаўшы дэбют у РПЛ. Але там Пухаў не згуляў – пяць матчаў на лаўцы, не больш за тое.

Адзіны матч футбалiста за аснову «армейцаў» здарыўся 10 кастрычнiка 2018 года. Тое была гасцявая гульня Кубку Расii супраць «Цюмені». Паўабаронца выйшаў у старце i не быў заменены. Асноўны час скончыўся 0:0, а на 108-й хвiлiне лiк адкрыў як раз Пухаў. Але на 120+1-й «Цюмень» зраўняла, i была серыя пенальцi – гаспадары бiлi бездакорна, а вось ЦСКА ўсе тры ўдары запароў (вынiк для армейцаў – 1:1, 0:3 пен.). Сярод тых, хто не забiў з 11 метраў, быў i Пухаў – кiпер Станiслаў Бучнеў перавёў мяч у штангу (адзнака 2:33).

За дублёраў Пухаў працягваў гуляць добра – за 16 матчаў першай паловы сезона-2018/19 забiў восем разоў.

«На той момант я быў у вельмі добрай форме, і ў ментальным плане, і ў фізічным. Перад гульнёй у Кубку Ганчарэнка мне казаў: «Выйдзеш, дакажаш – выпушчу ў РПЛ». Я забіў, вельмі добры матч правёў. А вось у РПЛ шанцу так і не атрымаў. Да гэтага часу не магу зразумець чаму. Не лічу, што я недацярпеў, адчуваў, што не зусім разлічваюць на мяне», – цяпер кажа Пухаў.

З-за такога адчування ў пачатку 2019-га футбалiст канчаткова вырашыў паехаць у Еўропу – але ў Харватыi аказаўся ўжо непатрэбны. Пераход быў аформлены ў лютым 2019-га – у літоўскі «Жальгірыс». Па даных Transfermarkt, ЦСКА нават зарабіў «ажно» 5 тысяч долараў.

Але i ў «Жальгiрысы» Пухаў амаль не гуляў – кажа, што яму не давяраў трэнер, якiм тады быў Марэк Зуб – той самы паляк, якi ўпусцiў перамогу ў ЧБ-2017 у двух апошнiх турах, калi ўзначальваў салiгорскi «Шахцёр».

Летам 2019-га паўабаронца вярнуўся ў Расiю – у «Шыннік» з Д2. Праз паўтара сезона з 4 галамi за 42 матча Пухаў змянiў каманду ўнутры лiгi на «Iртыш». Сезон-2020/21 прайшоў ужо ў Д3 – па паўгода ў «Навасібірску» і «Амкары».

Пасля свайго пермскага этапу карʼеры Пухаў вырашыў яшчэ раз паспрабавць сілы за мяжой і зʼехаў у армянскі «Арарат», але там гульца нават спускалі ў дубль. А ў пачатку 2023-га падвярнуўся варыянт з «Нафтанам» – i Пухаў вырашыў, што гэта лепш, чым вяртанне ў расiйскi Д3.

У ЧБ-2023 Пухаў згуляў 21 матч, за якiя аформiў тры галы ды сем асiстаў. У тым лiку забiў расiянiн пры нечаканай перамоге ў гасцях над БАТЭ – праўда, дапамог рыкашэт.

Па словах Пухава, пасля сезона-2023 ён меў варыянты ў Расii i Казахстане, але перабраўся ў «Гомель». Хаця сам прызнаецца, што быў бы «вельмi рады нейкай прапанове з Еўропы». Але ж не тое каб разлiчвае на яе – i вiнавацiць у гэтым не толькi тое, што яму ўжо 25 без нейкiх асаблiвых дасягненняў, але i «неспрыяльную сітуацыю ў свеце». Магчыма, Пухаў глядзеў расiйскую прапаганду i верыць у нейкую «русафобiю» ў Еўропе – хаця нават у топ-лiгах спакойна гуляюць расiяне, якiя маюць пэўны ўзровень.

Ганчарэнку жа Пухаў не вiнавацiць. I нават жадае «кожнаму маладому гульцу трапіць менавіта пад такога трэнера».

«Ён, па сутнасці, адправіў мяне на выхад? Ну як ёсць. Але з першай трэніроўкі з асноўнай камандай я адчуў, што гэта вельмі круты спецыяліст. Вельмі інтэнсіўныя трэніроўкі, нават дасведчаныя хлопцы трэніраваліся на максімуме. Ці не кожнага маладога вадзіў за руку. Мы шмат займаліся дадаткова, выконвалі заданні на развіццё мыслення, завяршэнне атак. Яго памочнік Аляксандр Ермаковіч таксама вельмі моцна дапамагаў моладзі», – успомнiў Пухаў.

Спадабаўся расiянiну, дарэчы, i «настаўнiк» Ганчарэнкi Юрый Пунтус. З iм Пухаў паспеў папрацаваць у Наваполацку i цяпер вельмі цёпла адклікаецца. Маўляў, коўч зноў усяліў у гульца ўпэўненасць у сваіх сілах. Цяпер гулец шкадуе, што трэнер хутка сышоў з «Нафтана».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты