Tribuna/Футбол/Блогі/Д3 АБФФ валіцца – дублі Д1 ідуць толькі ў турнір рэжымнікаў, што зладзiлі «дэбаты» самі з сабою

Д3 АБФФ валіцца – дублі Д1 ідуць толькі ў турнір рэжымнікаў, што зладзiлі «дэбаты» самі з сабою

Пагаварылі пра дзяржумяшанне мары і «напугивание».

Аўтар — bytribuna com
28 красавіка, 13:00
2
Д3 АБФФ валіцца – дублі Д1 ідуць толькі ў турнір рэжымнікаў, што зладзiлі «дэбаты» самі з сабою

У белфутболе працягваецца крызіс – фактычна АБФФ губляе другую лігу. Усё пачалося са спробы федэрацыі падзяліць на Д3 з новым фарматам і Д4 з ранейшым – у «мінспорту» спачатку маўчалі, а потым запатрабавалі нічога не змяняць. АБФФ пайшла сваім шляхам – тады ў «мінспорту» зрабілі свой аналаг другой лігі, а федэрацыя атрымала масавае зняцце каманд, залежных ад дзяржгрошай.

АБФФ усё роўна паспрабавала пачаць розыгрыш свайго Д3, дзе фармальна заставалася 22 каманды. Але ўзнікла новая праблема – 12 з іх былі дублямі клубаў Д1, якія таксама збіраліся зняцца пад ціскам «мінспорту». Але тады АБФФ магла ўвесці свае санкцыі да асноўных каманд.

Аднак ужо ў першым туры Д3 АБФФ высветлілася, што каманды (і не толькі дублі) усё ж аддалі перавагу боку, які дае ім грошы. У выніку адбыўся толькі адзін матч – 26 красавіка дублі «Нёмана» і «Арсенала» ўсё ж выйшлі на поле (гродзенцы выйгралі 3:0). Далей – змрок: дублі «Слуцка», «Гомеля», «Нафтана», «Іслачы», «Мінска» і «Дняпра» (хоць апошні анансаваў гульню ў сацсетках), а таксама каманда БДУ адмовіліся ад матчаў, дубль брэсцкага «Дынама» і салігорскі «Партызан» не выйшлі на поле разам, «Полацк-2019» выйшаў, але адмовіўся гуляць афіцыйны матч – каб мiнскі «Аўтазаводзец-Трактар» прыязджаў не дарма, правялі з ім «таварняк». У той жа час у «мінспортаўскім» турніры гульні ідуць па графіку – і дублі там стартавалі.

АБФФ пакуль афіцыйна не каментавала гэтую сітуацыю. А вось на «Беларусь 5» 27 красавіка выйшла абмеркаванне Д3 у рамках самай прапагандысцкай праграмы канала «Спартыўны iнтарэс» – зразумела, што запісаная яна была да таго дня, але ўдзельнікі відавочна былі ў курсе сітуацыi. Перадача, якая мяркуецца ў фармаце дэбатаў, атрымалася тыповай для рэжыму – ад АБФФ у студыі не было нікога, і фактычна самі з сабой спрачаліся знаёмыя чынушы: «намеснік міністра спорту» Аляксандр Барауля і кіраўнік упраўлення спорту выканкама Лукашэнкі па Мінскай вобласці Яўген Булойчык.

У праграме канкрэтна не казалі пра тое, што дублі здымаюцца з Д3 АБФФ, але тэму закранулі. Булойчык заявіў, што не разумее магчымага пакарання ад АБФФ для асноўных каманд клубаў – маўляў, «мы ўсе павінны ісці ў інтарэсах клуба» (чынушы ўпэўненыя, што гэты iнтарэс ва ўдзеле дубля ў «мінспортаўскім» турніры), а клубы «фінансуюцца дзяржавай», і, цытуючы чынушу, «недарэчна «напугивание» клубаў, таму што гэта выходзіць за межы агульнага разумення развіцця футбола». Барауля ж, каментуючы намёк на магчымыя санкцыі ад УЕФА, сказаў, што «дзяржорганы фінансуюць футбол» – і «пра такое ўмяшанне можна толькі марыць».

Таксама пра Д3 АБФФ з «зонным» фарматам Барауля сказаў, што бюджэты каманд фармуюцца, маўляў, «летам папярэдняга года», таму на «рэзкія далёкія паездкi не закладзеныя сродкі» (хоць у трох зонах ад АБФФ зусім ужо далёкіх паездак і не было) . Вядома, паўтарыў рэжымнік і свае мінулыя «аргументы» за «раздзьмуты» Д3 – пры гэтым сам жа іх разбіў, заявіўшы, што «на кароткім этапе ў два-тры гады» рабіць высновы наконт паспяховасці фармату наогул нельга.

Яшчэ Барауля заявіў, што ДЗ АБФФ і турнір ад «мінспорту» – гэта «абсалютна не два паралельныя чэмпіянаты», а, маўляў, «федэрацыя самаўхіляецца» ад «канцэпцыі правядзення», калі «ёсць даручэнне» захоўваць ранейшы фармат «у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі». Калі чынушам усё ж нагадалі, што АБФФ прапаноўвала яго захаваць, проста ў рамках ужо Д4, рэжымнікі наперабой выдалі дзве палярныя версіі: першая – што «недастаткова гульцоў патрэбнага класа, каб разбіваць на столькі ліг», другая – што нейкія «моцныя» каманды з трэцяй лігі не змогуць хутка патрапіць у першую. Хоць туды па жыцці даводзілася з цяжкасцю шукаць жадаючых на павышэнне, а зараз шанцаў і зусім няма («міністэрскі» турнір не можа даваць правы на Д2, таму што не ўваходзіць у іерархію АБФФ).

– [У АБФФ] сфарміравалі, як зручна: трэцяя ліга – «аматары», гуляйце. А хто сказаў, што там нейкія слабыя каманды? Гэта самы просты спосаб адысці ад праблем і нейкіх абавязкаў. Мы павінны разумець, што другая ліга – яшчэ і селекцыйная. Чаму яе малады таленавіты гулец не можа перайсці ў першую лігу, вышэйшую лігу? – задаўся Барауля пытаннем без адказу (хто перашкаджаў бы запрашаць асобных гульцоў з Д4 у клубы Д2 і Д1 – аднаму чынушу вядома).

Вядучы Юрый Вайцянкоў нагадаў заяву АБФФ, што там узгаднялі новы фармат Д3 з абласнымі федэрацыямі, Барауля адказаў, што яму гэта «складана каментаваць», і наогул «пазіцыя рэгіёнаў зусім іншая» (калі яна мяняецца «па пстрычцы» ад рэжыму, можна заяўляць і не такое). Булойчык запэўніў, што ад АБФФ не было «нармальнага ўзгаднення з рэгіёнамі», а ён як член выканкама федэрацыі там «асабіста даводзiў», што «тэма патрабуе агульнага абмеркавання», а не проста зацвярджэння ў федэрацыйных рамках – але яго, маўляў, не паслухалі. Дарэчы, у АБФФ яшчэ да выхаду «Спартыўнага iнтарэсу» здзівіліся іншай раптоўнай прэтэнзіі Булойчыка – наконт ліцэнзавання, якое таксама спакойна ўзгаднілі на выканкамах з прысутнасцю чынушы.

Ну а выхад з любой праблемнай сітуацыі Булойчык бачыць адзін – пераводзіць клубы ў рэжымнае валоданне. У прыклад прывёў гандбольны «БНТУ-БелАЗ» – ён, маўляў, быў «на мяжы развалу», а тут стаў «дзяржаўнай установай, гуляе па нашых правілах» і ўжо прыйшоў да поспеху ў Кубку Беларусі (што клуб і так увесь час хадзіў побач з трафеямі, чынуша не згадаў). На «недзяржаўнасць» клуба спісаў рэжымнік і праблемы з заробкамі ў «Слуцку» – але паабяцаў, што ўсе даўгі выплацяць ужо ў красавіку.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты