Усе навіны

Рэкардсменка зборнай Беларусі Арцюховіч завяршыла кар'еру ў нацыянальнай камандзе: «У Канаплёва заўсёды ў адной руцэ бізун, а ў другой пернік»

14 красавіка 2023, 16:58

35-гадовая левая паўсярэдняя «БНТУ-БелАЗ» Лілія Арцюховіч аб'явіла пра завяршэннe кар'еры ў зборнай Беларусі. За яе яна правяла 124 матчы – больш за астатніх.

Пра сваё рашэнне спартсменка аб'явіла пасля перамогі на таварыскім турніры, у якім гулялі нацыянальныя і маладзёжныя зборныя Беларусі і Расіі.

– На гэтай прыемнай ноце даўжынёю амаль у 20 гадоў настаў і мой час развітвацца. Гэта быў мой апошні турнір за зборную.

Усім дзяўчынкам, хто сустракаўся на маім шляху, хачу сказаць дзякуй за час з вамі, за працу. Былі слёзы, радасці, прыгоды, перамогі і паразы. Вы ўсе такія розныя, але ў кожнай з вас ёсць свая разыначка. Калі кагосьці пакрыўдзіла – прабачце! Жадаю вам удачы і перамог.

Вялікі дзякуй кіраўніцтву БФГ. Ва Уладзіміра Канаплёва заўсёды ў адной руцэ бізун, а ў другой пернік.

Дзякуй дактарам, масажыстам і маім настаўнікам. Дзякуй балельшчыкам за падтрымку. Кожны серыял мае свой канец, сваіх гледачоў, якім ён падабаецца. Вось і мая «Санта Барбара» падышла да канца, – напісала ў сваім інстаграм-акаўнце Арцюховіч.