Усе навіны

«У Карэі засумавала па дому і хацела гуляць бліжэй да яго». Гандбалістка Кішко пра пераход у расійскую «Ладу»

14 чэрвеня, 12:58

Гандбалістка зборнай Беларусі Аліна Кішко перайшла ў «Ладу з Тальяці. Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба.

У мінулым сезоне Кішко выступала ў БНТУ-БелАЗ, пасля чаго восенню з'ехала ў Паўднёвую Карэю, дзе з клубам «Пусан Біско» стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату краіны.

Адзначым, што нядаўна «Ладу» ўзначаліў экс-трэнер «Мяшкоў Брэст» Дзмітры Ціхан. У клубе выступаюць яшчэ тры беларускі: брамнікі Валянціна Вайтулевіч і Юлія Кунцэвіч, лінейная Ірына Мокат.

«Як толькі паступіла прапанова ад расійскага клуба, я адразу ім зацікавілася, бо за некалькі месяцаў у Карэі засумавала па хаце і хацела далей гуляць бліжэй да яго.

Іншыя варыянты таксама былі, але, старанна ўсё ўзважыўшы, я спынілася на «Ладзе». Пагутарыла з Ірай Мокат, з якой, як і з Валяй Вайтулевіч, мы разам гулялі за БНТУ-БелАЗ. Яна падзялілася сваімі станоўчымі эмоцыямі, пасля чаго я ўжо доўга не разважала. Пра Тальяці, на жаль, чула пакуль мала. Ведаю толькі пра раку Волгу. Але гару жаданнем хутчэй пазнаёміцца з горадам. Хачу ў тальяцінскім клубе ўдасканаліць свае спартыўныя вынікі. Таму я тут», – прыводзіць словы Кішко прэс-служба «Лады».