Усе навіны

Хакейны спецыяліст пра прагнозы Башко: «Каго ён хоча выкінуць з топ-8? Заяўляць можна ўсё. Захараў таксама ехаў на ЧС за медалямі, а ў выніку занялі перадапошняе месца»

26 студзеня 2023, 08:22

Спецыяліст, які працаваў у беларускім хакеі, на ўмовах ананімнасці падзяліўся з «Трыбунай» меркаваннем пра выказванне генеральнага сакратара ФХБ Андрэя Башко аб тым, што пасля адмены санкцый у дачыненні да белспорту зборная Беларусі вернецца ў топ-8 сусветнага рэйтынгу за некалькі гадоў.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Нядаўна генеральны сакратар ФХБ Андрэй Башко заявіў, што беларускай зборнай спатрэбіцца некалькі гадоў, каб вярнуцца ў топ-8, і ўвогуле каманду будзе як мінімум шостай у сусветным рэйтынгу. Вы падзяляеце гэты аптымізм?

– Па-першае, туды трэба наогул хоць у нейкай якасці вярнуцца. І яшчэ незразумела, у які дывізіён вернуць беларускі хакей. Башко, мусіць, так гаворыць на фоне росту і з'яўленне маладых хакеістаў. Маўляў, ёсць нейкія цікавыя ігракі, і вось яны дазволяць вярнуцца нам у топ-8 у свеце. Я такую пазіцыю не падзяляю. Хто ў нас вядучыя зборныя свету? Канада, ЗША, Расія, Фінляндыя, Швецыя, Чэхія. Ёсць яшчэ славакі і швейцарцы, немцы, латышы, якія не стаяць на месцы. Вось каго Башко жадае выкінуць з топ-8? Заяўляць, вядома, можна ўсё, што заўгодна. Захараў таксама ехаў на ЧС за медалямі, а ў выніку каманда заняла перадапошняе месца.

– Увогуле, такі аптымізм не падзяляеце.

– Так. Нават на фоне таго, што з'яўляюцца нейкія маладыя гульцы, змянілася сістэма працы з імі, гэта ўсё роўна не тое, што трэба для вяртання ў лік васьмі найлепшых зборных свету. Тут трэба прыкладаць куды больш намаганняў. Ды і пытанне яшчэ, калі мы вернемся ў сусветны хакей, – сказаў спецыяліст.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.