Усе навіны

Квартальнаў пра легіянераў мінскага «Дынама»: «Трэба больш адказнасці мець перад камандай, кіраўніцтвам, краінай»

24 верасня, 21:27

Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Дзмітрый Квартальнаў падзяліўся меркаваннем аб матчы з «Тарпеда» (3:4).

– Застаюцца праблемы пры гульні ў меншасці. Прапусцілі двойчы ў няроўных саставах. Але далей вярнуліся ў гульню [з ліку 0:3]. Нажаль, адразу ж пасля нашага трэцяга гола прапусцілі. Звычайна такія матчы [пасля камбэка] выйграюцца. Але ўсё перавярнулася.

Можа ёсць і мая памылка. Мы гулялі ў тры звяна. Але пры ліку 2:3 чацвёртае звяно выйшла і нядрэнна згуляла. Папярэджвалі іх. Але адразу пасля ўкідвання пайшла атака, яна і вырашыла зыход матчу – з ліку 3:4 мы не адыграліся.

– Праблемы з дысцыплінай: непатрэбныя выдаленні ў зоне атакі, у сярэдняй зоне. Як збіраецеся іх рашаць? Чаму штрафы хапаюць легіянеры, якія павінны быць лідарамі каманды?

– Вы маеце рацыю на сто адсоткаў. Але сёння крыху іншая сітуацыя. У нас было шмат гульні ў большасці. Калі пры гульні 5 на 3 гулец [суперніка] выходзіць сам-насам з брамнікам. Гэтыя рэчы мы можам кантраляваць? Калі пры гульні 5 на 4 яшчэ два такія выхады… Гэтыя рэчы мы можам кантраляваць? Мы не можам рабіць такія падарункі суперніку. Трэба самім забіваць. А ў нас усяго адзін гол у большасці. Гэта мала.

– Першы матч правёў Ягор Вельмакін. Як ацаніце яго гульню?

– Было пяць выхадаў сам-насам з варатаром. Прапусціў толькі аднойчы. Лічу, што Ягор добра дзейнічаў, трымаў нас у гульні. А каманда дапускала дурныя памылкі. Брамнік падцягнуў. Калі хлопец толькі пачынае, яму трэба дапамагчы. Нам ён дапамог. Мы яму не памаглі. У гэтым і розніца.

– Ці будуць меры ў адносінах да легіянераў, якія павінны быць лідарамі, але…

– Якія меры? Я заўсёды кажу: гульнявы час – самы каштоўны для хакеіста. Яго трэба шанаваць. І гуляць. А не так ставіцца да большасці... Трэба больш адказнасці мець перад камандай, кіраўніцтвам, краінай. Тут ёсць пытанні.

– Перад гульнёй гаварылася, што «Тарпеда» гуляе ў хуткі хакей, і трэба навязаць ім свой стыль, таксама хуткі. Але атрымалася, што часта памыляліся. Чаму?

– Мы вельмі хочам забіваць першымі. Але ў апошніх гульнях прапускаем першымі. Некаторыя хлопцы, на жаль, пасля прапушчанай шайбы плывуць. Трэба ўмець забывацца на памылкі і гуляць далей. Наступная змена павінна быць яшчэ мацнейшай. Калі трэба – згуляць вельмі проста. Часам трэба быць дурнем, і проста выкінуць шайбу, каб не стаць дурнем у канчатковым выніку.

І, вядома, хакей – гэта гульня ў адзін. Стыкавая барацьба важная. Можна любую тактыку ставіць. Але патрэбен характар, – сказаў Квартальнаў.