Tribuna/Хакей/Блогі/Сябрук Баскава, якому аддалі «Дынама», любіць пустасловіць. Месца ў табліцы, селекцыя, «шыкоўны» расіянін – не так сталася, як гадалася

Сябрук Баскава, якому аддалі «Дынама», любіць пустасловіць. Месца ў табліцы, селекцыя, «шыкоўны» расіянін – не так сталася, як гадалася

Але ён не сумуе.

Аўтар — bytribuna com
11 студзеня, 14:00
Сябрук Баскава, якому аддалі «Дынама», любіць пустасловіць. Месца ў табліцы, селекцыя, «шыкоўны» расіянін – не так сталася, як гадалася

У студзені 2024-га спаўняецца год, як пасаду гендырэктара мінскага «Дынама» займае Арцём Каркоцкі. Экс-гулец зборных Беларусі і ААЭ стаў «кіраванцам» белхакея ў канцы 2020-га – прыкладна тады ж, калі пачаў гуляць за каманду Лукашэнкі пад кіраўніцтвам свайго вялікага сябра, вядомага рэжымніка Дзмітрыя Баскава. Сяброўства аказалася моцным – на прасоўванне Каркоцкага не паўплывала і тое, што гэта ён у пачатку 2021-га выклаў фота сябе ў кампаніі Баскава і тагачаснага кіраўніка ІІХФ Рэнэ Фазеля, і публікацыя здымка відавочна паспрыяла таму, што рэжым быў пазбаўлены ЧС-2021.

У канцы 2021-га Каркоцкага прызначылі кіраўніком СДзЮШАР БФСТ «Дынама», а праз год з невялікім ён стаў в.а. гендырэктара мінскага клуба КХЛ (паўнавартасна зацвердзілі на пасадзе ў жніўні 2023-га). Усе гэтыя пасты некалі займаў Баскаў – таго і глядзі, Каркоцкі і ФХБ узначаліць.

На днях Каркоцкі вызначыўся забаўнай пераменай пазіцыі. У пачатку сезона КХЛ-2023/24 функцыянер заяўляў, што мэта клуба на «рэгулярку» – «заняць месца вышэй за восьмае і ўвайсці ў плэй-оф». Вось толькі да цяперашняга моманту «Дынама» ідзе якраз на восьмым месцы, і вялікіх шанцаў на лепшае не праглядаецца. І цяпер Каркоцкі кажа ўжо не пра мэту, а пра тое, што каманда «можа падняцца вышэй» – але гэта нібыта зусім неабавязкова: маўляў, «кожная каманда можа абгуляць любога суперніка, таму восьмае месца або шостае – гэта не мае значэння». Ну-ну.

Наогул Каркоцкі не першы раз выступае з заявамі, якія аказваюцца пшыкам. Напрыклад, вясной функцыянер спрабаваў адначасова прынізіць ЧС – яго нібыта было «нецікава глядзець» праз адсутнасць зборных Беларусі і Расіі, якіх ІІХФ адхіліла ў адказ на вайну ва Украіне – і ўзвысіць серыю беларуска-расійскіх хакейных матчаў. «Добра, што мы можам цяпер спаборнічаць з моцнымі камандамі, як зборная Расіі», – заяўляў Каркоцкі пра сустрэчы з камандай «Расія 25», дзе былі сабраныя далёка не самыя топавыя нават па расійскіх мерках гульцы.

Перад сезонам Каркоцкі сцвярджаў, што ў «Дынама» «да працэсу камплектавання падыходзім педантычна і старанна ўзважваем кожны крок, аналізуючы, як упішацца ў каманду патэнцыйны навічок». Аднак нават калі забыцца пра актуальнае восьмае месца, якое прыносіць цяперашняя камплектацыя, без адкрытых няўдач не абышлося. Так, канадзец Джэмэл Сміт, які прыйшоў у клуб у ліпені, ужо ў лістападзе пакінуў «Дынама», правёўшы ўсяго 15 матчаў. А ягоны суайчыннік Мэдысан Боўі наогул праляцеў ракетай – 31 жніўня падпісаў кантракт, а ўжо 1 кастрычніка быў абмяняны, што потым назваў «найлепшай падзеяй, якая магла адбыцца». Пры гэтым Боўі ў васьмі матчах за «Дынама» выглядаў абсалютна разабраным – як «узважвалі» яго падпісанне, застаецца загадкай Каркоцкага.

Яшчэ функцыянер улетку заяўляў пра «стратэгію развіцця маладых беларускіх гульцоў» праз іх падпісанне ў сістэму «Дынама». Гэтая методыка таксама не без пытанняў, але больш тады здзівіў выкуп у СКА 22-гадовага (у кастрычніку споўнілася 23) расіяніна Арсенія Брынкмана, які да таго пару гадоў гуляў толькі ў ВХЛ, расійскім Д2. Аднак Каркоцкі каментаваў трансфер з захапленнем – маўляў, «добрае стратэгічнае падпісанне» «моцнага абаронцы» з «жаданнем і самааддачай», які нібы «будзе ствараць высокую канкурэнцыю». У рэальнасці Брынкман ужо ў лістападзе страціў давер расійскага трэнера Дзмітрыя Квартальнава і быў адпраўлены ў ЧБ, адкуль ненадоўга вярнуўся ў канцы снежня і зноў зʼехаў. За 18 матчаў у КХЛ расійскі абаронца набраў два (1+1) пункты. Завошта плаціла «Дынама» – пытанне рытарычнае.

У снежні Каркоцкі расхваліў ФХБ – убачыў, што «планамерная і карпатлівая праца федэрацыі ў частцы дзіцяча-юнацкага хакея прыносіць свой плён». Як функцыянер гэта вызначыў? Не паверыце – па тым, што зборная Беларусі U-14 «паднялася ажно на чацвёртае месца» у першынстве федэральных акруг Расіі! Гэта сапраўды гістарычнае дасягненне (а што, раней беларускія прадстаўнікі ў такіх спаборніцтвах былі ніжэй) Каркоцкі ўзмацніў заявай, што расійскі турнір нібыта «можна параўнаць з сусветным першынством, калі б яно праводзілася». Зрэшты, такая рыторыка ў функцыянера даўно – ён яшчэ ў 2022-м радаваўся, што бан ад ІІХФ дапамог дамовіцца аб гульнях беларускіх юніёраў у Расіі, і бачыў у гэтым «адны станоўчыя моманты».

Застаецца дадаць, што пры гендырэктары Каркоцкім у «Дынама» адбываюцца і вельмі своеасаблівыя актыўнасці. Напрыклад, «тэматычныя матчы» – то з «аграўхілам», то ў гонар рэжымнага «парламента».

А на дзяржТБ у праекце рэжымніцы Ганны Эйсмант, які ідзе ў фармаце «рэаліці-гісторыі», Каркоцкі заключыў заклад: за пахудзенне і набор фізічнай формы функцыянер дазволіць выйсці на лёд з «Дынама» 15-гадоваму хлопцу. Яго ў гісторыі прадстаўляюць як «выпадковага хлопца», проста школьніка з марай – праўда, цітры ўсё ж выдаюць: ягоная маці – намеснік генпрадзюсара прапагандысцкай БТРК. У свежай серыі яна нават выхваляецца набыццём кватэры ля «Мінск-Арэны», якую, маўляў, абраў сын праз блізкасць свайго захаплення – вось табе і «проста школьнік».

Ну а сам Каркоцкі паспеў адзначыцца ўдзелам у «шоу» дзяржТБ з унучкай Лукашэнкі ў ролі вядоўцы (трэба адзначыць, каманда функцыянера перамагла) і апрананнем джэрсі «Дынама» на вывезеных з Украіны ў Беларусь дзяцей – ганебны факт датычнасці да генацыду.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты