Tribuna/Футбол/Блогі/Дулуб падняў ЛНЗ з 14-га на 7-е месца, але ва Украіне пішуць, хто можа яго змяніць. Магчыма, справа ў стылі

Дулуб падняў ЛНЗ з 14-га на 7-е месца, але ва Украіне пішуць, хто можа яго змяніць. Магчыма, справа ў стылі

Вынік ёсць, але…

Аўтар — bytribuna com
20 траўня, 11:56
Дулуб падняў ЛНЗ з 14-га на 7-е месца, але ва Украіне пішуць, хто можа яго змяніць. Магчыма, справа ў стылі

За тур да фінішу чэмпіянату Украіны-2023/24 ЛНЗ Алега Дулуба займае пазіцыю, на якой скончыць сезон. Пасля 29 тураў каманда ідзе на 7-м месцы з 38 пунктамі.

Беларус прыняў клуб з Чаркасаў у апошнія дні лета 2023-га. На той момант у навічка лігі было ў актыве тры пункты пасля пяці матчаў і 14-е месца ў зоне пераходных матчаў. ЛНЗ быў адзіным клубам лігі, які абыходзіўся без легіянераў. На зімовы перапынак каманда Дулуба пайшла ўжо дзявятай, падпісала сем іншаземцаў і за вясну ўзнялася яшчэ на два радкі. Прагрэс ЛНЗ дазволіў трэнеру казаць, што ў будучыні сённяшні склад здольны змагацца за зону еўракубкаў ва УПЛ – гэта топ-5 табліцы.

Тым не менш ва ўкраінскім футболе не першы месяц ходзяць размовы, што Дулуб пасля сезона пакіне Чаркасы. Прычыны магчымага расстання з трэнерам не называюцца. Сам Дулуб пасля красавіцкай перамогі над «Александрыяй» (2:1) заявіў, што «вельмі задаволены тым, што кіраўніцтва [клуба] нас падтрымлівае». Два тыдні таму коўч сказаў, што ў каманды была задача заняць сёмае месца, на якім яна па выніку і фінішуе. Пры гэтым пры прызначэнні Дулубу казалі пра выратаванне клуба ад вылету. «Вынік – больш-менш, не добры і не дрэнны», – на мінулым тыдні сказаў трэнер, адзначыўшы, што паказальным павінен стаць наступны сезон. Але ці будзе ён у спецыяліста?

Чаму могуць звольніць Дулуба

Па выніках да беларуса не можа быць пытанняў. Нават пасля зімовай падпісной кампаніі, калі каманду папоўнілі дзесяць навічкоў, а клуб выдаткаваў на трансферы амаль мільён еўра, ростар ЛНЗ усё роўна застаецца адным з самых сціплых у лізе. Паводле ацэнак партала Transfermarkt, сёння сярэдні кошт футбаліста Чаркасаў складае 310 віртуальных тысяч еўра, а гэта 13-е месца ва УПЛ. Па агульным кошце гульцоў ЛНЗ знаходзіцца на той жа пазіцыі – 8,38 мільёнаў еўра.

Пры Дулубе каманда прайграла толькі сем матчаў з 24. Чатыры паражэнні нанеслі будучыя прызёры УПЛ – «Шахцёр» (0:3, 0:3), «Дынама» (2:4) і «Крыўбас» (0:3). У сярэднім калектыў Дулуба набірае за гульню 1,47 пункта. Лепш у мацнейшых дывізіёнах за карʼеру трэнера было толькі ў БАТЭ-2018 (2,5 бала). У папярэдніх украінскіх клубах лічбы былі больш сціплыя: «Карпаты» (1,27), «Чарнаморац» (1,33) і «Львоў» (0,97).

Зімовая падпісная кампанія пры Дулубе не выклікае прэтэнзій. З дзясятка навічкоў за першую каманду не гуляе толькі форвард Італа Магната. ЛНЗ для 19-гадовага бразільца стаў першым прафесійным клубам у карʼеры. Цяпер Італа выступае ў моладзевым першынстве за каманду U-19.

Нейкіх крытычных водгукаў пра Дулуба няма ні ад цяперашніх футбалістаў, ні ад былых. Хтосьці без намёку на прэтэнзіі расказвае, як трэнер у асабістай размове паведаміў, што на яго не разлічвае. А нехта, абмяркоўваючы жорсткі футбол у выкананні ЛНЗ (каманда зʼяўляецца лідарам УПЛ па жоўтых картак, праз гэта гульцы часта аказваюцца на мяжы дыскваліфікацыі), кажа, што Дулуб за фалы не штрафуе, заадно апісваючы філасофію трэнера: «Трэба забіць на адзін гол больш, чым супернік, каб атрымаць перамогу».

Якраз стратэгію гульні можна разглядаць як прычыну гіпатэтычнай незадаволенасці Дулубам. Пры яго папярэдніку Аляксандры Коўпаку каманда спрабавала гуляць у адкрыты футбол – праўда, пунктаў на старце набралася мала, і гэта не задаволіла кіраўніцтва. Дулуб трымаецца больш прагматычнай стратэгіі: ЛНЗ не ідзе наперад вялікімі сіламі, ззаду часта застаецца вялікая колькасць футбалістаў, пры гэтым па колькасці чаканых галоў у свае вароты лепш за ЛНЗ у лізе выглядаюць восем каманд. У сярэднім за гульню супернікі каманды Дулуба найграюць на адзін гол – 1,14 xG. Фактычна пры беларусе чаркасцы прапускаюць 1,13 мяча.

ЛНЗ нячаста дзейнічае першым нумарам, робячы асноўную стаўку на хуткія атакі, – і ў гэтым кампаненце выглядае лепш за большасць клубаў лігі. Для контрвыпадаў патрэбнае хуткае поле, і не проста так Дулуб пасля матчаў дзякуе работнікам хатняга стадыёна за тое, што яны рыхтуюць газон пад стыль гульні каманды.

Як правіла, момантаў у матчах у ЛНЗ не так шмат: падоўгу даводзіцца абараняцца і чакаць свайго шанцу. У сярэднім ЛНЗ за 90 хвілін наносіць 10,4 удара (11-ы паказнік па лізе). Па сумарных чаканых галах падапечныя Дулуба ідуць 13-мі ў лізе, маючы 31,65 xG пры 30 забітых мячах – гэта 6-я рэалізацыя момантаў і ў прынцыпе 9-я выніковасць у чэмпіянаце.

Хто можа змяніць Дулуба

Пакуль што магчымым зменшчыкам адкрыта называецца толькі галоўны трэнер адэскага «Чарнаморца» Раман Грыгарчук, які лічыцца кандыдатам №1 на прыход у ЛНЗ. Украінец у 2020-2021 гадах узначальваў салігорскі «Шахцёр» і станавіўся з ім чэмпіёнам Беларусі. 30 чэрвеня ў Грыгарчука заканчваецца кантракт з «Чарнаморцам». Пры гэтым спецыяліста сватаюць і ў «Палессі», і ў «Колас», якія ў сезоне-2023/24 не дабіліся таго, чаго хацела кіраўніцтва.

«Чарнаморац» Грыгарчука праводзіць сярэдні сезон. Максімум адэсіты могуць фінішаваць восьмымі, аднак для гэтага ў заключным туры трэба абысці «Ворсклу» і «Зару». Пры гэтым склад у «Чарнаморца» паводле ацэнак Transfermarkt мацнейшы, чым у ЛНЗ як па сярэднім кошце футбалістаў (339 тысяч віртуальных еўра), так і па кошце ўсёй каманды (9,15 мільёнаў) – гэта дзясятыя паказнікі па лізе. У снежні 2023-га ЛНЗ абыграў у гасцях «Чарнаморац» 3:1.

Акрамя Грыгарчука ў Чаркасы нібыта разглядаюць некалькіх іспанскіх спецыялістаў, прозвішчы якіх не называюцца.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты