Tribuna/Футбол/Блогі/Чэмпіёнам АПЛ стаў брамнік, які 18 гадоў таму гуляў супраць Беларусі ў матчы са скандальным голам Кутузава. Помніце?

Чэмпіёнам АПЛ стаў брамнік, які 18 гадоў таму гуляў супраць Беларусі ў матчы са скандальным голам Кутузава. Помніце?

107 хвілін за 5 сезонаў у «Ман Сіці», але ж колькі трафеяў!

Аўтар — bytribuna com
21 траўня, 01:54
Чэмпіёнам АПЛ стаў брамнік, які 18 гадоў таму гуляў супраць Беларусі ў матчы са скандальным голам Кутузава. Помніце?

19 траўня завяршыўся чарговы сезон АПЛ. Перамогшы «Вест Хэм» 3:1, чэмпіёнам стаў «Манчэстэр Сіці» – чацвёрты раз запар, што зʼяўляецца рэкордам лігі. А сярод тых гульцоў, якія былі ў камандзе ўсе чатыры апошнія сезоны, ёсць і 38-гадовы брамнік Скот Карсан. І на наступны дзень пасля ўзятага тытула ўсе брытанскія таблоіды абляцела навіна, што дасведчаны Карсан святкаваў настолькі заўзята, што ў чатыры гадзіны раніцы ахова адной з устаноў проста сілай вывела кіпера (на фота ніжэй у чорным адзенні).

Па чутках, Карсан з кімсьці пабіўся, але ў гэта не верыцца. З «Сіці» не раз паведамлялі, што брамнік – фактычна той, на кім трымаецца распранальня. Асноўны кіпер каманды Эдэрсан называў калегу сваім найлепшым сябрам у камандзе і дадаваў, што менавіта Карсан збірае калектыў разам, падбадзёрвае пасля паражэнняў і да таго падобнае. Галоўны трэнер «Сіці» Пеп Гвардыёла не раз адзначаў, што Карсан – «найважнейшы гулец для каманды, нават не ўяўляеце, наколькі важны», і дадаваў, што брамнік дапамагае «праводзіць якасныя трэнінгі».

Сам Карсан таксама адэкватна ацэньваў сваё месца ў камандзе – практычна памочніка коўча па варатарах Хабі Мансісідора. Непасрэдна на полі кіпер амаль не патрэбны – ён у камандзе толькі трэці. Дасведчаныя англічане – часты выбар топ-клубаў на гэтую ролю: справа ў тым, што рэгламент АПЛ абавязвае з 25 пазіцый у заяўцы на сезон восем запаўняць гульцамі, якія правялі ў англійскіх клубах як мінімум тры гады да свайго 21-годдзя.

Карсана паклікалі ў «Ман Сіці» улетку 2019-га – з тых часоў ён застаецца ў клубе, але за пяць гадоў правёў толькі два матчы: поўны ў 2021-м у АПЛ супраць «Ньюкасала» («Сіці» да таго моманту ўжо гарантаваў тытул, а сустрэчу выйграў 4:3) і 17 хвілін у 2022-м у 1/8 фіналу ЛЧ супраць «Спортынга» (першы матч стадыі «МС» выйграў 5:0, у паўторным Карсан утрымаў 0:0). Агулам 107 хвілін – а ў астатнім кіпер далёка не заўсёды трапляе і ў заяўку на матчы.

Пры гэтым на рахунку брамніка фармальна 11 трафеяў у клубе: акрамя чатырох тытулаў АПЛ ёсць два Кубкі лігі і па адным Кубку і Суперкубку Англіі, трафею Лігі чэмпіёнаў і клубнага чэмпіянату свету, а таксама Суперкубку Еўропы. Ці ёсць у яго медалі за ўсе гэтыя перамогі – пытанне, але, напрыклад, па рэгламенце АПЛ камандзе даецца 40 медалёў: іх абавязаны ўручыць усім, хто правёў мінімум пяць матчаў, а тыя, што застануцца, клуб размяркоўвае на сваё меркаванне. І наўрад ці Карсана з яго статусам у камандзе абдзялілі.

Пацешна, што ў 2023-м перад пераможным для «Сіці» фіналам ЛЧ аказалася, што Карсан – адзіны ў складзе, у каго ўжо ёсць гэты трафей у біяграфіі. Здабыты ён быў у сезоне-2004/05, калі яшчэ юны брамнік у сярэдзіне сезона быў падпісаны ў «Ліверпуль» на перспектыву. І нават атрымаў поўны першы матч чвэрцьфіналу супраць «Ювентуса», выйграны 2:1. Да фіналу тынэйджар не трапляў у заяўку, але траўмаваўся запасны кіпер – і Карсан з лаўкі паглядзеў той самы вялікі фінал з «Міланам» і перамогай пасля 0:3.

Карсан (пазначаны кружком) пасля перамогі «Ліверпуля» ў ЛЧ-2004/05

Далей Карсан таксама амаль не гуляў за «Ліверпуль», але пры гэтым заставаўся асноўным у зборнай Англіі U-21. А ў пачатку 2006-га адправіўся ў арэнду ў «Шэфілд Уэнсдэй» з англійскага Д2. Там з дзевяці матчаў пяць аказаліся «сухімі» – і неўзабаве брамніка паклікалі ў другую зборную Англіі. Яна збіралася ўпершыню з 1998 года – галоўны трэнер асновы Свен-Ёран Эрыксан перад ЧС-2006 хацеў праверыць рэзервістаў і паглядзець на тых, хто не так шмат гуляў у клубным сезоне.

А ў суперніках у англічанаў аказалася зборная Беларусі – вось такія склады былі ў каманд пры 22 тысячах гледачоў у Рэдынгу. У газеце «Прэсбол» тады не разумелі, чаму склад, многія футбалісты з якога рыхтаваліся да паездкі на ЧС, афіцыйна палічылі другім.

Першы тайм скончыўся 1:0 на карысць англічанаў, але яшчэ ў яго канцоўцы іх выратавала штанга. А на другі тайм у іх выйшаў брамнік Роберт Грын – і адразу ледзь не прывёз гол. А на 50-й хвіліне, выбіваючы мяч, упаў і не змог падняцца. Мяч жа трапіў роўна да Віталя Кутузава, які, не марудзячы, падпрацаваў і прабіў па варотах. Потым у медыях разважалі з нагоды «фэйр плэй», але Эрыксан пасля матчу сказаў, што ў яго няма прэтэнзій. Кутузаў жа казаў, што «паступіў па прынцыпе: забіць – а потым разбірацца». А ў той момант лік стаў 1:1 (адзнака 2:13).

Замест Грына на полі зʼявіўся Карсан – і на 81-й хвіліне таксама прапусціў, на гэты раз ад Сяргея Карніленкі. Прычым да таго моманту англічане гулялі ў большасці пасля выдалення Сяргея Амельянчука (адзнака 3:18).

У выніку Карсан, фармальна чацвёрты брамнік асноўнай зборнай, праз траўму Грына зʼездзіў на ЧС – там усе матчы прасядзеў на лаўцы. А зборная Беларусі праз статус матча не атрымала ніякіх пунктаў у рэйтынг FIFA за перамогу, а ўжо 30 траўня сустрэлася з Тунісам – і была разгромленая 0:3.

Са складу англічанаў на матч з Беларуссю карʼеру працягвае толькі Карсан – былі на полі і маладзейшыя гульцы, але нават самы юны Тэа Уолкат скончыў у 2023-м. Затое зусім нядаўна правёў афіцыйны матч самы стары гулец беларускага ростара з 2006-га (усім мінімум 40) – 44-гадовы Віталь Булыга 12 траўня 2024-га вярнуўся на поле ў 1/64 фіналу Кубка Беларусі і аформіў хет-трык. Неўзабаве ж экс-гулец зборнай стане спартыўным дырэктарам «Дняпра».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты