Tribuna/Футбол/Блогі/Жонка чэмпіёна Беларусі з футбола па асаблівай нагодзе адвяла 3-гадовую дачку да садыстаў Лукашэнкі, каб даць у рукі зброю

Жонка чэмпіёна Беларусі з футбола па асаблівай нагодзе адвяла 3-гадовую дачку да садыстаў Лукашэнкі, каб даць у рукі зброю

Дзяўчынцы падабаецца маміна праца.

Аўтар — bytribuna com
21 траўня, 14:00
Жонка чэмпіёна Беларусі з футбола па асаблівай нагодзе адвяла 3-гадовую дачку да садыстаў Лукашэнкі, каб даць у рукі зброю

Максім Вітус быў нядрэнным беларускім футбалістам – ездзіў на Алімпіяду-2012 (дзе не гуляў праз траўму), выступаў у групе Лігі Еўропы з мінскім «Дынама» ў 2015-м, а ў 2017-м перайшоў у брэсцкае «Дынама», якое квітнела на грошы «гаманца Лукашэнкі» Аляксандра Зайцава. Там Вітус уліўся ў групу футбалістаў, якім прыдумаў назву «Марскія коцікі», двойчы выйграў Кубак і тройчы Суперкубак Беларусі – а ў 2019-м правёў 21 матч у чэмпіёнскім для клуба сезоне. У канцы 2020-га ва ўзросце 31 года Вітус ціха перастаў гуляць – а праз пару гадоў распавёў, што навучыўся ствараць 3D-графіку і стаў працаваць у IT.

Жонка Вітуса Аляксандра ў дзявоцтве была вядомай пад прозвішчам Сокал і спрабавала пачаць карʼеру футбольнай брамніцы, але не мела поспеху, затое стала адносна паспяховай мадэллю. Вітус прызнаваўся, што ўпершыню ўбачыў абранніцу на білбордзе – дзяўчыну да сваёй кампаніі па прасоўванні жаночага футбола прыцягнула АБФФ. «У мяне было даволі мала шанцаў патрапіць у футбол, даволі мала шанцаў паехаць на Алімпіяду, даволі мала шанцаў пазнаёміцца з дзяўчынай з білборда, але ўсё гэта адбылося. Проста трэба менш скардзіцца і менш сядзець на дупе. Я думаю, што сціплавата, ціхенька, упарта працуючы, можна чагосьці дасягнуць», – потым казаў экс-футбаліст.

Аляксандра Вітус відавочна атрымлівае грошы за рэкламу ў Instagram, дзе ў яе 62 тысячы падпіснікаў. У інтэграцыях перыядычна выкарыстоўваецца і дачка пары Мішэль, якая нарадзілася 1 ліпеня 2020 года – цяжарнасць Вітус таксама падрабязна асвятляла.

Але кантэнт ад дзяўчыны не раз выклікаў здзіўленне – то яна, заяўляючы, што не разбіраецца ў палітыцы, посціла сторыз з прыпісваннем нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга рэжыму Адольфа Гітлера (які зʼявіўся пазней, чым сцяг), то перадавала падпіснікам антынавуковыя заявы пра вірусы, то «раіла» спажываць прарасійскія крыніцы інфармацыі. Дзіўныя розыгрышы і захапленне манархістам дапаўнялі карціну.

Зрэшты, 19 траўня Вітус перабіла ўсё, што было раней. Чарговы пачак сторыз пачаўся са слоў, што дзяўчына ўзяла з сабой дачку «на працу, у вельмі цікавае месца». Пры гэтым у кадры была тэрыторыя вайсковай часткі 3214 – «унутраных войскаў спецыяльнага прызначэння» Лукашэнкі, падраздзялення, якое ўсю рэжымную гісторыю актыўна ўдзельнічала ў жорсткім збіцці беларусаў, якія мелі смеласць пратэставаць.

Як аказалася, жонка экс-футбаліста з дачкой прыйшла на «ўрачыстасці» з нагоды стварэння «дабрачыннага фонду» з савецкай мілітарысцкай назвай «Маладая гвардыя». Гэты фонд мусіць развіваць «ваенна-патрыятычны рух» – то бок дэ-факта рабіць з дзяцей лукашыстаў, якія пойдуць ваяваць за рэжым. Такой «падрыхтоўкай» на базе «ўнутраных войскаў» ужо займаюцца 18 спецыяльных «клубаў». Патрануе іх Мікалай Карпянкоў, які з лета 2021-га ўваходзіць у санкцыйныя спісы ЕЗ, ЗША і шэрагу іншых краін. Сённяшні камандзір «унутраных войскаў» зняславіўся сваім садызмам на чале сумна вядомага «ГУБАЗіК» у 2020-м – асабіста выбіваў дзверы ў кавярні, дзе ўдзельнікі мірных пратэстаў хаваліся ад збіцця, і казаў падначаленым, што ў непажаданых можна страляць.

У першы і галоўны «спецклуб» пад назвай «Рысь» аддала сваё дзіця рэжымная лёгкаатлетка, цяпер сябра «парламента» Лукашэнкі Анастасія Мірончык-Іванова – ды яшчэ сама навучала, што «неабходна быць бязлітасным, абараняючы краіну ад ворагаў», а імі, як вядома, рэжым лічыць усіх нязгодных.

Свежаствораным «фондам» паставілі кіраваць Алу Веруш – прафесарку кафедры філасофіі і ідэалагічнай працы з акадэміі так званага міністэрства ўнутраных спраў. Яна шмат гадоў супрацоўнічае з Карпянкавым, яшчэ ў 2016-м спрабавала выставіць пагалоўна «экстрэмістамі» футбольных фанатаў, супраць якіх прыцэльна працаваў «ГУБАЗіК». У сацсетках Веруш зʼяўляліся прарасійскія і антызаходнія публікацыі, што ніяк не перашкаджала жанчыне ездзіць у Еўразвяз. Пры гэтым у яе «навуковых артыкулах» было заўважанае абзацнае капіяванне з «Вікіпедыі», а яе дачка ў той жа час публікавала ў сацсетках выяву свастыкі.

Што будзе посціць дачка Вітуса – пакажа час. Пакуль жа трохгадовая дзяўчынка, якая дакладна не разумее кантэксту таго, што адбываецца, узяла ў рукі зброю – «дзякуючы» маці, якая сама выклала кадры з дачкой, дадаўшы да іх сексісцкай і мілітарысцкай рыторыкі. Пазней дзяўчына таксама дадала, што цяпер дачка «хоча з мамай на працу часцей» – а значыць, у дзіцяці ўжо сфармаванае першаснае пазітыўнае ўспрыманне рэжымных мерапрыемстваў.

Сама Вітус таксама ўзяла пісталет – паказала, як разбірае яго.

Але яшчэ цікавейшымі апынуліся кадры дзяржТБ, якое актыўна асвятляла «ўрачыстасць». Паведамлялася, што ў апякунскую раду новага «фонду» увайшлі 13 чалавек – канкрэтных прозвішчаў ніхто не назваў, толькі сказалі, што гэта прадстаўнікі «сілавікоў», «урада» Лукашэнкі, дзяржСМІ і бізнесу. Ці толькі яны сядзелі за сталом, на чале якога былі Карпянкоў з Неруш, – незразумела. Але Вітус, начапіўшы значок «Маладой гвардыі», заняла «ганаровае» месца – паміж кіраўніком прапагандысцкай тэлерадыёкампаніі Іванам Эйсмантам і яго падначаленай, «актывісткі» ў прасоўванні рэжымных людаедскіх наратываў, Ксеніяй Лебедзевай.

Таксама рэжымныя крыніцы паведамілі, што сярод тых, хто «сабраўся на свяце», быў і Аляксандр Зайцаў. «Белсат» заявіў, што гэта быў менавіта экс-бос Вітуса ў брэсцкім «Дынама», таксама вядомы як уласнік «Руху» і «гаманец Лукашэнкі». Аднак у арыгінальным паведамленні імя і прозвішча даваліся без якога-небудзь удакладнення, а на кадрах з мерапрыемства нікога падобнага да таго Зайцава нам заўважыць не ўдалося. Затое за сталом знаходзіўся чалавек, які знешнасцю нагадваў цёзку бізнесмена – былога «высокага чынушу» гродзенскай «міліцыі».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты