Tribuna/Хакей/Блогі/Яе сэрца разрываў гвалт пасля выбараў, ён падтрымаў рэпрэсіі і гуляе з Лукашэнкам у хакей – у белспорце новая сямʼя

Яе сэрца разрываў гвалт пасля выбараў, ён падтрымаў рэпрэсіі і гуляе з Лукашэнкам у хакей – у белспорце новая сямʼя

Інь і Ян.

Аўтар — bytribuna com
13 лютага, 16:22
2
Яе сэрца разрываў гвалт пасля выбараў, ён падтрымаў рэпрэсіі і гуляе з Лукашэнкам у хакей – у белспорце новая сямʼя

2 лютага ў белспорце здарылася чарговае вяселле – здаецца, ціхае. Вядомая трэнер па АФП Таццяна Лавец выйшла замуж за хакейнага трэнера Дзмітрыя Філіповіча. Першыя пасты з абраннікам у Instagram-акаўнце Лавец на 36 тысяч падпісчыкаў сталі зʼяўляцца каля года таму. У Філіповіча пасты ў профілі даступныя з красавіка – і амаль усе прысвечаныя Лавец. Прапанову абранніцы ён зрабіў у снежні, далучыўшы шыкоўны букет да пярсцёнка.

Пара нярэдка піша адзін аднаму мілыя каментары, звяртаючыся па ініцыялах.

А яшчэ за Лавец у каментарах пад пастом аб прапанове парадавалася баскетбалістка Кацярына Сныціна.

Мы ж нагадаем біяграфіі мужа і жонкі – у кожнага яна па-свойму вельмі цікавая.

Лавец нарадзілася ў Мінску 19 траўня 1982-га. Пабудавала прафесійную карʼеру ў баскетболе – абаронца з 1998-га па 2001-ы гуляла за «РШВСМ-Гарызонт», з якім стала чэмпіёнкай Беларусі ў 2000-м – у сезоне, калі за каманду гулялі Сныціна і Алена Леўчанка. Тады ж выступала за моладзевую зборную Беларусі. У сезоне-2001/02 Лавец выйграла чэмпіянат Харватыі за «Госпіч», потым зʼехала ў Бельгію, дзе ўзяла срэбра з «Бразер Дэерлік». Потым выступала ў Польшчы, зноў у Бельгіі, у Швецыі. Аднак у 2009-м карʼера скончылася праз траўму калена і няўдалую аперацыю.

Зрэшты, яшчэ да гэтага Лавец зацікавілася прафесіяй трэнера па агульнафізічнай падрыхтоўцы – вяла канспекты, запісалася ў шведскі каледж, толькі меркавала, што гульнявая карʼера будзе даўжэйшай. Ну а, вымушана вярнуўшыся ў Беларусь, у 2010-м вырашыла прапанаваць свае паслугі футбольнаму «Мінску» і хакейнаму мінскаму «Дынама». З другога не адказалі, а вось «гараджане» хутка ўзялі Лавец працаваць з юнацкімі камандамі.

Праз год паслугі Лавец парэкамендавалі выкарыстаць Яну Цігараву – футбаліст зборнай Беларусі сам аднаўляўся ў Мінску пасля цяжкай траўмы. Праца з трэнерам спадабалася гульцу – ён параіў яе знаёмым. Тыя спрабавалі, перадавалі далей – і база індывідуальных кліентаў Лавец толькі шырылася. Ад метадаў трэнера многія знемагалі і пляваліся, але ў выніку адчувалі эфект.

Сёння спіс тых, хто працаваў з трэнерам, можа заняць пару старонак. Леўчанка і Сныціна, Арцём Мілеўскі, Аляксей Калюжны, Ягор Шаранговіч – гэта толькі самыя вядомыя прыклады з дзясяткаў, а можа, і сотняў. Таксама Лавец працавала ў мужчынскай баскетбольнай зборнай Беларусі і там, дзе хацела першапачаткова – у хакейным «Дынама». Аднак у клубе дзейнасць Лавец не падабалася канадскаму калегу Бары Брэнану, які скардзіўся на яе кіраўніцтву. Тады спецыялістку ўзяў пад абарону Калюжны.

Праз некалькі дзён пасля выбараў-2020 Лавец запісала ў сторыз Instagram відэа, у якім казала пра шок ад гвалту. «Людзі, якія мусяць абараняць нашую краіну, нас бʼюць, бяззбройных. Ты глядзіш у акно, як нападаюць на мірных грамадзян, якія проста гуляюць па вуліцы ці проста нешта выказваюць абсалютна мірна. Не разумею, як можна нападаць на мірных бяззбройных людзей і біць іх з такім азвярэннем, наносячы калецтвы. Мая галава і маё сэрца разрываюцца на кавалачкі ад таго, што ты нічога не можаш зрабіць», – казала трэнер.

У 2021-м Лавец, якая паспяхова прадавала свае семінары, выйшла кніга «Як выгадаваць здаровага чэмпіёна».

А ў сакавіку 2023-га трэнер, яшчэ працуючы ў «Дынама», абʼявіла пра адкрыццё ў Мінску сваёй школы агульнафізічнай падрыхтоўкі для дзяцей. Лавец таксама давала франшызу для ахвотных – ужо хапала коўчаў, якія вучыліся АФП па яе праграмах і курсах. У кастрычніку Лавец распавядала пра атрыманне заявак на філіялы ў Еўропе і ЗША і наракала, што «працэс ускладняюць санкцыі». Зрэшты, і без гэтага ў школы ўжо хапае філіялаў: пяць у Мінску, па адным у Бабруйску і Фаніпалі, два ў Казастане і яшчэ 16 у Расіі.

Даступныя для пакупкі і вэбінары Лавец па фізічным развіцці дзяцей розных узроставых груп – доступ да аднаго каштуе каля 70 долараў. Коштаў непасрэдна на заняткі дзяцей у школах у адкрытым доступе не адшукаць. Вядома, што заняткі там два разы на тыдзень па 55 хвілін. Таксама Лавец казала пра тое, што ў яе бок «шмат хейту», але яна «шкадуе» яго адрасантаў.

Лавец – пятая злева, Філіповіч – першы злева.

Філіповіч у сацсетках школы Лавец называецца «кіраўніком праекта» – справа, атрымліваецца, сямейная.

Дзмітрый маладзейшы за сваю жонку – яму 31 год. Будучы брамнік нарадзіўся 3 верасня 1992 года і выхоўваўся ў школе «Юнацтва», а ў сезоне-2009/10 дэбютаваў у беларускім Д2 за фарм-клуб «Юніёр», але правёў усяго шэсць матчаў. У верасні 2010-га Філіповіча адправілі ў каманду «Юнацтва» ў расійскай моладзевай хакейнай лізе, аднак кіпер толькі пасядзеў на лаўцы ў чатырох матчах і вярнуўся ў Д2. Там за сезон-2010/11 правёў толькі 10 сустрэч, у якіх паспеў прапусціць 44 шайбы. У наступным сезоне засвяціўся ў фарме ўжо жлобінскага «Металурга», аднак і там згуляў няшмат – 14 матчаў. На гэтым карʼера брамніка скончылася.

З хакеем Філіповіч не расстаўся – ва ўзросце ледзь за 20 перакваліфікаваўся ў трэнера брамнікаў у СДзЮШАР «Дынама». Там паспеў папрацаваць з некалькімі вядомымі на сёння кіперамі. Адным з першых сустрэў Мікіту Талапілу, які цяпер спрабуе прабіцца ў «Ванкувер» з НХЛ праз фарм.

У некалькіх інтэрвʼю ўклад Філіповіча ў сваю карʼеру адзначаў на сёння асноўны брамнік мінскага «Дынама» Аляксей Коласаў.

«Сяброўскія размовы ў рэжыме абмеркавання» захаваў Філіповіч з Іванам Жыгалавым, які пакуль абіваецца ў амерыканскіх юнацкіх лігах, будучы задрафтаваным «Каларада».

З 2017-га Філіповіч трэнаваў каманду СДзЮШАР у такім знаёмым Д2 Беларусі. У 2018-м перайшоў у інстытут зборных – каманду U-17, якая неўзабаве стала U-18 (тады гуляла нібы асобны клуб у сістэме беларускіх ліг). З юніёрскай зборнай Філіповіч у 2020-м мусіў ехаць на ЧС, але яго адмянілі праз каранавірус.

Пасля выбараў-2020 выступіў супраць рэжымнага гвалту галоўны трэнер зборнай Аляксандр Румо. Вынік – ужо ў верасні Румо пакінуў каманду, напрыканцы пачуўшы ад рэжымніка, тады кіраўніка ФХБ Дзмітрыя Баскава, што праз сваю пасаду нібыта «павінен падтрымліваць генеральную лінію партыі». Філіповіч жа застаўся ў штабе прызначанага на месца Румо сябра Баскава Андрэя Міхалёва, а ў канцы 2020-га падпісаўся за беззаконне – яго сэрца відавочна не балела.

Росквітам трэнерскай карʼеры Філіповіча стаў сезон-2021/22. 4 чэрвеня 2021-га коўч брамнікаў увайшоў у штаб Крэйга Вудкрафта ў мінскім «Дынама», а 7 чэрвеня ФХБ абʼявіла, што гэты ж штаб прызначаны і ў зборную Беларусі. Праўда, тая каманда ўжо ў жніўні прайграла алімпійскую кваліфікацыю – затое запісала віншаванне для Аляксандра Лукашэнкі. Філіповіч размясціўся ў правым куце кадра – не на пярэднім плане, але цалкам заўважны.

У снежні 2021-га трэнер брамнікаў Філіповіч зʼездзіў на ЧС у Д2 з моладзевай зборнай Беларусі, якая здолела выйграць турнір і атрымаць павышэнне.

У КХЛ мінскае «Дынама» з Філіповічам звыкла стала восьмым у канферэнцыі і без шанцаў прайграла ў першым раўндзе плэй-оф СКА. У кастрычніку 2022-га трэнер расстаўся з клубам – яго дырэктар Сяргей Сушко тады заявіў, што Філіповіч «захацеў паспрабаваць сябе ў іншай сферы, нешта змяніць у жыцці, вырашыў адпачыць ад хакея – пайшлі яму насустрач».

У снежні 2022-га Філіповіч яшчэ заставаўся ў штабе зборнай на Кубку Першага канала (вялікіх турніраў у каманды не засталося праз бан у адказ на вайну ва Украіне), але далей згадкі пра яго канчаюцца і ў ФХБ. Дарэчы, у красавіку 2022-га акаўнты федэрацыі паведамілі, што Філіповіч «не ўпусціў магчымасць зрабіць фота» з расіянінам Аляксандрам Карэліным, які прыйшоў на трэнінг зборнай і своеасабліва паспрабаваў яе матываваць.

Увогуле, у апошні год адзінай вядомай хакейнай актыўнасцю Філіповіча застаецца гульня за каманду Лукашэнкі. Там брамнік выступае з 2018-га – з камандай двойчы выйграў Калядны турнір (потым яго проста перасталі праводзіць), і пастаянна перамагае ў рэспубліканскім турніры з камандамі абласцей, а ў 2022-м нават быў прызнаны найлепшым брамнікам сезона. Але запомнілася больш за ўсё, як у 2019-м Лукашэнка перад матчам клюшкай пастукаў Філіповічу па галаве – у сэнсе, па шлеме. Філіповіч тады сказаў, што гэта не рытуал, а разавая акцыя, а далей ад каментароў адмовіўся.

У гэтым аматарскім сезоне Філіповіч, як звычайна, увесь час значыцца ў складзе каманды Лукашэнкі – праўда, асноўны там экс-кіпер зборнай Беларусі Сцяпан Гарачэўскіх, але, прынамсі, у свежым матчы 20 студзеня Філіповіч на пляцоўцы заканчваў сустрэчу з камандай Магілёўскай вобласці.

Таксама прозвішча мужа Лавец можна знайсці ў складзе каманды «Сталіца» – яна лідаруе ў Д1 аматарскага чэмпіянату Мінска сіламі ўсё тых жа гульцоў Лукашэнкі, у тым ліку Андрэя Касціцына. Праўда, у «Сталіцы» Філіповіч згуляў толькі шэсць з 14 матчаў сезона – астатнія на сябе ўзяў усё той жа Гарачэўскіх.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты