Усе навіны

Кікбаксёр Ганін: «Магчымасць валодаць стрэльбай – прышчэпка для захавання правоў чалавека»

22 студзеня 2023, 11:36

Срэбны прызёр чэмпіянатаў свету па кікбоксінгу Іван Ганін у інтэрв’ю тэлеграм-каналу «О, спорт, ты – мир! распавёў пра будучыя рэформы ў Беларусі, а таксама выказаў сваё стаўленне да правілаў валодання зброяй.

– Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе захавана смяротная кара. На яе, па-твойму, трэба ўводзіць мараторый?

– Адназначна. Проста цана памылкі вельмі высокая, калі ёсць смяротнае пакаранне. Рана ці позна, гэтая памылка ўсплыве, калі яна ёсць. Дык навошта чалавека пазбаўляць жыцця праз яе? Так, многія заслугоўваюць такога пакарання, але нават яны павінны раскайвацца астатняе жыццё, разумець, што зрабілі. А смяротнае пакаранне – гэта занадта лёгкі для іх шлях.

– Дарэчы, па-твойму, ці талерантныя беларусы, у тым ліку да прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі?

– Мне здаецца, што беларусы адзін з самых талерантных народаў у свеце да ўсяго і ўсіх, акрамя прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Чаму так? А хто яго ведае...

– Ці гатовыя беларусы выбіраць кіраўнікоў гарадоў, вобласцей, ці ўсё варта пакінуць так, як ёсць зараз, калі гэтыя пытанні вырашае адзін чалавек?

– Мне здаецца, яшчэ не гатовыя, але пачынаць ужываць гэта трэба адразу, як будзе магчымасць. І мая мара – каб у маіх родных Міханавічах выбары мясцовага кіраўніка былі больш значныя, чым выбары прэзідэнта краіны.

– З чаго пачынаць адбудову Беларусі?

– У маім разуменні, калі будзе новая Беларусь, жыць прасцей, чым цяпер, не атрымаецца. Прынамсі спачатку. Таму што зараз Беларусь цалкам завязана на Расіі, яна залежыць ад гэтай краіны. Калі знікне падтрымка Расіі, людзей будзе хваляваць, што есцi, як пражыць, што рабіць далей. Мне здаецца, трэба будзе спачатку вырашыць менавіта гэтыя пытанні, неяк аблегчыць жыццё народа ў сацыяльным плане. А потым ужо вырашаць наступныя пытанні. Якасная сістэма стрымлівання і супрацьваг – прышчэпка ад дыктатуры. Магчымасць валодаць стрэльбай – прышчэпка для захавання правоў чалавека. Вельмі шмат вызаваў будзе, – сказаў Ганін.