Усе навіны

Польская асацыяцыя дзюдо заклікала не дапускаць да спаборніцтваў спартсменаў з Беларусі і Расіі

2 траўня 2023, 19:25

Прэзідэнт Польскай асацыяцыі дзюдо Яцэк Завадка звярнуўся да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі дзюдо Марыюса Візера наконт рашэння дапусціць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх спартсменаў.

«Дазволіць спартсменам з Беларусі і Расіі спаборнічаць у Досе было рашэннем, з якім мы не згодныя. Мы лічым яго няправільным. Прашу перагледзець удзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у спаборніцтвах.

Як дзяржава мы вельмі актыўна дапамагаем Украіне, украінцы знайшлі прытулак у Польшчы. Мы ведаем, што значыць шукаць дапамогі і прытулку перад тварам агрэсіі, таму прашу не дапускаць расійскіх і беларускіх спартсменаў у спаборніцтвы, у якіх хацелі ўдзельнічаць украінскія спартсмены.

Мы ведаем, што многія спартсмены, якія прадстаўляюць краіны-агрэсары, з'яўляюцца прадстаўнікамі войска і сілавых ведамстваў, таму цяжка казаць пра іх незалежнасць, паколькі яны атрымліваюць узнагароду ад войска рэжыму.

Усё праўленне Польскай асацыяцыі дзюдо заклікае не дапускаць да спартыўных спаборніцтваў спартсменаў з Беларусі і Расіі. Мы не можам дапускаць і заплюшчваць вочы на агрэсію», – сказаў Завадка.

Раней Федэрацыя дзюдо Украіны пацвердзіла, што зборная не будзе ўдзельнічаць у ЧС, дзе выступяць беларусы і расіяне.