Усе навіны

Экс-трэнер зборнай Беларусі па кікбоксінгу Сцяпанаў: «Без удзелу расіян і беларусаў чэмпіянаты сталі вельмі сціплымі. Увесь патэнцыял быў у Беларусі»

9 траўня 2023, 19:11

Былы галоўны трэнер зборнай Беларусі па кікбоксінгу Міхаіл Сцяпанаў падзяліўся меркаваннем пра ўзровень міжнародных турнірах у якіх не бяруць удзел беларускія баксёры.

– За апошнія дзесяцігоддзі як і ў які бок змяніўся кікбоксінг і муай тай? У свеце, і ў нас у краіне?

– Узровень кікбоксінга і муай тай, вядома, змяніўся. І стаў ніякі... У плане сусветным, без удзелу расейцаў і беларусаў чэмпіянаты сталі вельмі сціплымі. Што казаць, калі байцы Літвы і Эстоніі, якія вельмі рэдка сустракаліся ў прызёрах, раптам пачалі станавіцца чэмпіёнамі. Можна ўявіць які ўзровень кікбоксінга і тайскага бокса стаў у гэтых відах спорту.

Я не хачу сказаць, што ён стаў дрэнны, проста ён стаў больш сціплым, скажам так. Любы спартовец, які выходзіў на беларуса ці расіяніна, разумеў, што ён не проста выйшаў, а трапіў! Таму што такія баі сапраўды відовішчныя, цяжкія і трэба мець вялікі патэнцыял, моц волі, тэхнічныя і тактычныя дадзеныя. Такія перамогі надаюць прэстыж байцу!

Скажу так, увесь патэнцыял быў у нашай краіне, у Беларусі. У якой усё і пачыналася, і кікбоксінг і тайскі бокс. Мы памятаем цудоўна, як прыязджалі да нас на зборы і расіяне, і ўкраінцы. Мы вучылі іх і стваралі сабе канкурэнтаў. У цэлым гэта працавала, і цягам трынаццаці гадоў мы канкуравалі.

Што да развіцця гэтых відаў спорту ў Беларусі. Я не спрачаюся, мы недзе разгубілі кадры. Гэта непрыемна, але на гэта былі важкія прычыны. Але я бачу, што «маладзёжка» падрастае перспектыўная. І юніёры, і юнакі. Мы кудысьці выязджаем, імкнемся, працуем.

Спадзяюся, маладое пакаленне нешта пакажа. Думаю, Віталя Цішураў робіць усё правільна і спадзяюся, што ён справіцца з задачай, – сказаў Сцяпанаў.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.