Усе навіны

Дзяржтрэнер па грэка-рымскай барацьбе Казоўскі: «Актыўна рыхтуемся да ЧС у верасні. Якія канкрэтныя крытэры допуску, сказаць цяжка»

26 траўня, 20:16

Дзяржаўны трэнер зборнай Беларусі па грэка-рымскай барацьбе Аляксандр Казлоўскі выказаўся пра допуск нацыянальнай каманды на міжнародныя спаборніцтвы.

– Старт у Расіі стаў для нашай зборнай першым, пасля таго як Міжнародная федэрацыя барацьбы дапусціла беларусаў да спаборніцтваў, няхай у нейтральным статусе. Яго вынікамі задаволены?

– Цалкам, калі памятаць пра значную паўзу, якую прыйшлося вытрымаць пасля студзеньскага чэмпіянату Беларусі і яшчэ аднаго ўнутранага турніру. Пасля яны нікуды не выязджалі. Выйгрыш трох узнагарод у алімпійскіх вагавых катэгорыях – гэта добры вынік, улічваючы вялікі ўзровень канкурэнцыі.

– Ці можна параўнаць яго з тым, які быў на чэмпіянаце Еўропы-2023 у Заграбе?

– Безумоўна. Любыя спаборніцтвы ў Расіі, якая лічыцца заканадаўцай мод у нашым выглядзе адзінаборстваў, па ўзроўні майстэрства выканаўцаў дадуць фору тым, які дэманструюць удзельнікі чэмпіянатаў Еўропы, а то і свету. У суседняй краіне шмат змагароў высокага класа, можна сфарміраваць тры-чатыры паўнавартасныя каманды, і кожная ў роўнай ступені будзе прэтэндаваць на самыя высокія месцы.

– Спаборніцтвы ва Уладзімірскай вобласці не стануць адзінымі для нашых «грэка-рымлян»?

– Канечне не. Зараз актыўна рыхтуемся да галоўнага старту сезона, вераснёўскага чэмпіянату свету ў Бялградзе. Нашых дарослых спартсменаў трэба падтрымаць і вярнуць у фазу адбору на Гульні – 2024, важнай часткай якой будзе маючы адбыцца планетарны форум. Ужо 29 траўня каманда адправіцца ў Арменію, дзе таксама будзе праходзіць прадстаўнічы міжнародны турнір. Узровень канкурэнцыі зноў абяцае быць вельмі сур’ёзным. Так што будзе цікава.

– Цяпер у іншых відах спорту ідзе працэс адабрэння кандыдатур спартсменаў, якім будзе дазволена выступіць на планетарных форумах, алімпійскім адборы. Як справы ў «грэка-рымлян»?

– Што тычыцца нашага віду спорту, то спісы атлетаў, якія будуць адпавядаць патрабаванням МАК, стануць вядомыя бліжэй да чэмпіянату свету ў Сербіі. Міжнародная федэрацыя барацьбы стварыла адмысловую камісію, якая займаецца вывучэннем прэтэндэнтаў. І толькі потым будзе вынесены нейкі вердыкт. Якія крытэры допуску або нядопуску спартсменаў, сказаць цяжка. Мы са свайго боку можам гарантаваць толькі тое, што інфармацыя будзе пададзена максімальна карэктна і аператыўна, – сказаў Казлоўскі.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.