Усе навіны

Кіраўнік беларускага тхэквандо Бержац: «Зборная паўтара года без галоўнага трэнера, яго пажадана мець з Паўднёвай Карэі ці Расіі»

12 чэрвеня, 10:24

Старшыня Беларускай федэрацыі тхэквандо Вячаслаў Бержац расказаў аб сітуацыі з галоўным трэнерам у зборнай Беларусі.

– Каго са спецыялістаў па выніках чэмпіянату ў сталіцы Азербайджана хацелі б адзначыць?

– Атрымалася так, што па пэўных прычынах нацыянальная каманда паўтара года знаходзіцца без старэйшага і галоўнага трэнераў. Так што спартсмены рыхтаваліся пад кіраўніцтвам асабістых настаўнікаў. Асабліва адзначыў бы працу тых з іх, хто браў удзел у падрыхтоўцы нашых медалістаў Георгія Гурцыева і Арцёма Плоніса. Гэта найперш Анатоль Ліхадзіеўскі, які працуе як з адным, так і з іншым спартоўцам.

Таксама аддам належнае маладому спецыялісту Кліму Шрубаву. Нядрэнны ў мінулым атлет знайшоў з Плонісам агульную мову і дапамагае яму рыхтавацца да спаборніцтваў. Дарэчы, нядрэнна выступіў яшчэ адзін іх вучань - Ягор Казлоў, які выйграў два баі.

– Прыадкрыйце сакрэт: каго з настаўнікаў хацелі б бачыць на чале трэнерскага штаба нацыянальнай каманды?

– На пазіцыі галоўнакамандуючага пажадана мець спецыяліста з Паўднёвай Карэі ці Расіі... Што тычыцца старэйшага трэнера, то тут робім стаўку на айчыннага спецыяліста. Ягоная кандыдатура знаходзіцца на ўзгадненні ў [рэжымным] Мінспорту. Хто гэта будзе, дазвольце раней часу пра гэта не казаць.

Хочацца, каб наш настаўнік мог павучыцца ў замежнага калегі, і яны ў тандэме маглі рухацца да заваявання алімпійскіх медалёў. Як паказаў чэмпіянат свету, дастойныя атлеты ў нас ёсць. Цяпер галоўнае, каб іх дапусцілі да кваліфікацыі на Гульні, – сказаў Бержац.