Усе навіны

Дзюдаіст Вахавяк: «Матывацыя беларускіх спартоўцаў падчас бана? Трэба ў іх пытацца. Павінна быць мэта, а не проста плысці за вадой»

15 жніўня, 21:58

Беларускі дзюдаіст і падпісант ліста за сумленныя выбары Аляксандр Вахавяк у інтэрв'ю «Зеркалу» паразважаў пра матывацыю беларускіх спартоўцаў ва ўмове міжнароднага бана.

– У чым сёння матывацыя атлетаў, трэнераў у Беларусі, калі ва ўмовах санкцый у шэрагу відаў спорту няма міжнародных стартаў?

– Трэба ў іх пытацца. Павінна быць мэта, а не проста плыць па цячэнні. Памятаю, калі з-за каранавіруса сталі адмяняць турніры за мяжой, не ўяўляў, як сябе матываваць. Ты накшталт трэніруешся, але незразумела, дзеля чаго. Не ведаеш, ці паедзеш некуды, ці будзе зноў чэмпіянат свету. Цяжкі перыяд, – сказаў Вахавяк.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.