Усе навіны

У Віцебску правялі дзіцячы турнір па дзюдо ў гонар узяцця горада Расійскай імперыяй, удзельнікам далі сцяг з Iсусам

24 кастрычніка, 21:41

У Віцебскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву 21 кастрычніка прайшоў «адкрыты абласны турнір па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 2012-2013 гадоў нараджэння», у якім удзельнічалi 125 дзяцей з розных рэгіёнаў Беларусі і двух расійскіх гарадоў.

Як паведамляе Віцебская епархія Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы, спаборніцтвы праводзіліся ў гонар хрысціянскага велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага, які жыў і памёр у Грэцыі, і «вызвалення Віцебска», пад якім маецца на ўвазе ўзяцце горада войскам Расійскай імперыі 7 лістапада 1812 года падчас названай епархiяй «Айчыннай» вайны супраць напалеонаўскай Францыі.

Перад пачаткам турніру былі праведзеныя благаслаўленне ўдзельнікаў ад епіскапа Друцкага Яўсевія і іх акрапленне святой вадой.

На фота, апублікаваным сайтам епархіі, дзеці паказаныя з вымпеламі з выявамі Салунскага і сцягам з выявай Ісуса з іконы, вядомай як Спас Нерукатворны. У залі, дзе праходзіў турнір, пры гэтым быў размешчаны вялікі чырвона-зялёны сцяг беларускага рэжыму.