Tribuna/Адзінаборствы/Блогі/Стала чэмпіёнкай па таэквандо і адбылася як мама, медык і грамадзянка – у Беларусі за гэта саджаюць

Стала чэмпіёнкай па таэквандо і адбылася як мама, медык і грамадзянка – у Беларусі за гэта саджаюць

Гісторыя Алены Церашковай.

Аўтар — bytribuna com
22 траўня, 13:39
Стала чэмпіёнкай па таэквандо і адбылася як мама, медык і грамадзянка – у Беларусі за гэта саджаюць

У Мінску затрымалі Алену Церашкову. Лукашэнкаўскія носьбіты формы вінавацяць яе ў так званым грубым парушэнні грамадскага парадку (за гэта пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі). Праваабаронцы не выключаць, што цяпер жанчына знаходзіцца ў СІЗА.

Церашкова мае прамое дачыненне да спорту: калісьці двойчы выйгравала чэмпіянат Беларусі па таэквандо ў алімпійскай версіі WTF. Праўда, інфармацыю пра тыя поспехі складана адшукаць, бо ўсё гэта было яшчэ ў «даінтэрнэтную» эпоху. Але ж інтарэсы Церашковай і блізка не абмежаваныя спортам.

Прыйшла ў адзінаборствы дзякуючы фільму з КНДР

Церашкова нарадзілася ў 1977 годзе ў Мінску, дзе скончыла школу №44 Якуба Коласа на Нямізе. З дзяцінства ўдзельнічала ў розных гуртках. Настаўніца ў першым класе адправіла на шахматы (так удалося атрымаць другі разрад). А яшчэ былі заняткі на віяланчэлі.

Церашкова расла са стрыечнымі братамі, і гэта абумовіла яе цікавасць да фізічна актыўнага спорту. У канцы 80-х у кінатэатрах круцілі паўночнакарэйскі прыгодніцкі фільм «Хон Гіль Дон», у якім прысутнічала шмат элементаў усходніх баявых мастацтваў. «Паглядзела на Хон Гіль Дона ў фільме – і мне хацелася ў нечым адпавядаць яму. Неўзабаве я ўбачыла абʼяву пра набор на таэквандо – і патрапіла туды», – успамінала будучая чэмпіёнка.

У дзясятым класе дзяўчыне выбілі зубы. Дзеянні медыкаў настолькі ўразілі, што Церашкова і сама вырашыла стаць доктарам.

Працуе хірургам

У 22 гады дзяўчына скончыла медуніверсітэт і атрымала дыплом стаматолага. Пасля працавала ў сталічных паліклініках і нейкі час у Валожыне. Апошнія гады Церашкова была лекарам аддзялення сківічна-тварнай хірургіі 11-й гарадской клінічнай лякарні ў Мінску.

Жанчына замужам за былым пажарным, сямʼя выхоўвае чацвярых дзяцей, прычым на беларускай мове.

«Нашыя дзеці ад нараджэння гавораць па-беларуску. У нас дзве бабулі, якія камунікуюць з дзецьмі, таму яны таксама не сумуюць па рускай мове і растуць двухмоўнымі. Але ў нашай сямʼі ўстаноўлена, што 95% часу дзеці размаўляюць па-беларуску, за выключэннем школы – ходзяць у рускамоўную школу», – дзялілася Церашкова.

Пісьменніца і перакладчыца

Церашкова піша вершы і прыгодніцкія апавяданні для дзяцей. Перакладае дзіцячыя кнігі з рускай, англійскай і ўкраінскай на беларускую мову. Яе творы выпускала выдавецтва «Мастацкая літаратура». Захапленне перакладамі пачалося на пачатку «нулявых», калі маладая маці звярнула ўвагу на дэфіцыт беларускамоўнай дзіцячай літаратуры.

Церашкова – аўтарка зборніка паэзіі «У поўны рост ці ўстану», кніг для дзяцей «Вершыкі-загадкі», «Сакрэты кветак для дарослых і дзетак» (у суаўтарстве з Палінай Грынчанка), «Самыя звычайна-незвычайныя». Жанчына выдавалася ў часопісах «Гарбузік», «Вясёлка», пісала ў «Нашу Ніву», «Настаўніцкую газету», а таксама публікавала артыкулы на медычную тэматыку.

У 2014-м пісьменніца запусціла бясплатныя курсы для дзяцей дашкольнага ўзросту ад чатырох да сямі гадоў па беларускай мове ў межах праекту «Мова нанова». Праз два гады вучні Церашковай паўдзельнічалі ў запісе кавера на песню гурта BRUTTO «Родны край», які рабілі ў Лошыцкім парку.

Балатавалася ў дэпутаты

У 2019-м Церашкова ў статусе сябра партыі БНФ і актывісткі кампаніі «Еўрапейская Беларусь» пайшла на выбары ў парламент Лукашэнкі. Балатавалася па Каменнагорскай выбарчай акрузе №101. У перадвыбарнай праграме кандыдаткі значыліся пяць пунктаў:

1. Вярнуць уладу народу.

2. Спыніць будаўніцтва АЭС.

3. Годны ўзровень жыцця.

4. Адраджэнне нацыянальнай культуры і адукацыі. Вяртанне беларускамоўнай адукацыі.

5. Даступнасць медыцыны.

Па выніку ў рэжымны парламент не патрапіў ніводны апазіцыйны кандыдат. Заходнія назіральнікі прыйшлі да высновы, што выбары не адпавядалі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Па падліках ЦВК Лукашэнка ў сваёй выбарчай акрузе Церашкова набрала 7,08% галасоў.

Ужо затрымлівалі да і пасля выбараў-2020

Церашкова – родная сястра асуджанага на пяць гадоў калоніі актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага. У 2009-м брат і сястра ўваходзілі ў ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Праз сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю Церашкова не раз трапляла пад рэпрэсіі. У 2016-м атрымала дзесяць базавых велічыняў штрафу за ўдзел у пікеце салідарнасці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай, якая патрапіла ў палон падчас вайны з Расіяй. На пытанне суддзі, чаму Церашкова ўдзельнічала ў несанкцыянаванай акцыі, тая адказала, што як медык выдатна разумее шкоду сухой галадоўкі, якую напярэдадні абʼявіла Саўчанка. «Яе трэба было тэрмінова ратаваць, часу чакаць дазволу на пікет не было», – патлумачыла Церашкова.

У жніўні 2021-га Церашкову разам з мужам затрымалі носьбіты формы. Першыя суткі ад затрыманых не было ніякай інфармацыі. Увесь гэты час чацвёра дзяцей знаходзіліся дома.

Муж і жонку адшукалі ў Фрунзенскім РУУС. Там Церашковых асудзілі па скайпе за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Мужу далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Церашкова атрымала штраф у 100 базавых велічыняў (2900 рублёў).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты