Усе навіны

Навоша пра Пратасевіча: «Гэта ідэальны беларус для лукашыстаў. Мяне больш хвалюе, дзе Бабарыка, Статкевіч, Лосік»

24 траўня, 16:28

Заснавальнік Tribuna.com Дзмітрый Навоша выказаўся пра памілаванне Рамана Пратасевіча і доўгатэрміновую адсутнасць інфармацыі пра вядомых беларускіх палітзняволеных.

«Гэта ідэальны беларус у вачах лукашыстаў. Яны дэманструюць яго як узор для пераймання. Ты павінен прыйсці, расказаць пра ўсіх, што ведаеш і што не ведаеш, ва ўсім пакаяцца, спрабаваць выглядаць месцамі шчырым, як чалавек са Стакгольмскім сіндромам. Быць пакараным усё роўна, нягледзячы на ўвесь свой дзейны саўдзел, быць прыніжаным, маральна зламаным і дзякаваць Лукашэнку за ўсё, што адбываецца.

Такую мадэль выхаду з крызісу, у якім нашая краіна знаходзіцца, ну як мінімум, з 2020 года нам прапануе рэжым Лукашэнкі. На шчасце, такіх людзей вельмі мала, на паўтары тысячы палітвязняў, па сутнасці, гэта самы яскравы такі выпадак.

Таму спадзяюся, што мы надта шмат затрымлівацца на тэме Рамана Пратасевіча не будзем. Таму што мяне значна больш хвалюе пытанне, дзе Бабарыка, дзе Статкевіч, дзе Ігар Лосік, дзе іншыя людзі, якіх мы не бачылі, сваякі не бачылі, адвакаты не бачылі ўжо месяцамі», – сказаў Навоша.

Па стане на 24 траўня, больш за 100 дзён нічога не вядома пра палітвязняў Мікалая Статкевіча і Максіма Знака, пра Ігара Лосіка – 93 дні, пра Сяргея Ціханоўскага – 76 дзён, пра Алеся Бяляцкага – 30 дзён, пра Віктара Бабарыку – 27 дзён.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 16 траўня памілаваў былога рэдактара Nexta Рамана Пратасевіча.