Tribuna/Іншыя/Блогі/На АГ-2024 такi пусцяць людзей з белспорту (а могуць і наўпрост ад Лукашэнкі) – заадно МАК забараніў БЧБ-сцяг і «патрыятычны манікюр»

На АГ-2024 такi пусцяць людзей з белспорту (а могуць і наўпрост ад Лукашэнкі) – заадно МАК забараніў БЧБ-сцяг і «патрыятычны манікюр»

І нагадаў пра ліцэнзіi, узятыя насуперак яго ж абмежаванням.

Аўтар — bytribuna com
8 снежня, 23:59
1
На АГ-2024 такi пусцяць людзей з белспорту (а могуць і наўпрост ад Лукашэнкі) – заадно МАК забараніў БЧБ-сцяг і «патрыятычны манікюр»

8 снежня выканкам МАК афіцыйна абвясціў, што дапусціць на АГ-2024 у статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (абрэвіятура AIN) беларускіх (роўна як і расійскіх) спартсменаў, якія пройдуць кваліфікацыю ў адпаведнасці з дзейнымі сістэмамі міжнародных федэрацый алімпійскіх відаў спорту. Да гэтага рашэння ўсё ішло ўжо даўно, чарговы сігнал быў некалькі дзён таму – на «алімпійскім саміце» былі масавыя просьбы па допуску ад розных функцыянераў.

Цяпер МАК на гэта і спаслаўся -а таксама заявіў, што нібыта «пераважная большасць» спартсменаў свету лічаць, што іх калег нельга «караць за дзеянні іх урадаў», а спецдакладчыкі ААН патрабавалі забяспечыць «адсутнасць дыскрымінацыі па прыкмеце грамадзянства». Зрэшты, дапускаць на АГ па-ранейшаму гатовыя далёка не ўсіх. А каго гатовыя – МАК апісаў у шасцістаронкавым дакуменце з доўгай назвай «Прынцыпы ў дачыненні да рэалізацыі ўдзелу індывідуальных нейтральных атлетаў і іх дапаможнага персаналу з расійскім або беларускім пашпартам на Алімпійскіх гульнях у Парыжы 2024 года». Што ж там напісана?

Галоўнае – усё вырашае толькі МАК: там могуць дапусціць на Гульні любога спартсмена, а потым адмяніць допуск – абсалютна ў любы момант. Распісаны і крытэрыi допуску – у прыватнасці, нейтральнасць статусу спартсменаў. Так, МАК забараняе AIN на АГ прадстаўляць у прынцыпе якую-небудзь арганізацыю з Беларусі – гэта значыць у спартсменаў наогул не павінна быць ніякіх эмблем не толькі ад дзяржавы, але і любых беларускіх кампаній. Ды і ў цэлым уся форма і трэніровачная «кіпа» атлетаў павінна быць «цалкам белай або аднакаляровай». Праўда, наўрад ці грамадзянам Беларусі дазволяць, напрыклад, цалкам зялёную форму, што відавочна задаволіла б рэжым – МАК забараніў і любыя рухі, якія «маюць прамы ці ўскосны палітычны падтэкст», што дае шырокае поле для трактовак. Якую музычную кампазіцыю ўключаць у выпадку ўзяцця AIN залатога медаля, яшчэ не вырашылі, а вось што заменіць ім сцяг – вызначана: гэта будзе белае палатно са спецэмблемай.

Пры гэтым МАК настолькі перастрахаваўся наконт дзяржсімволікі, што прапісаў забарону для ўсіх, уключаючы гледачоў, прыносіць на стадыёны Гульняў не толькі цяперашнія дзяржсцягі краін-агрэсараў, але і «гістарычныя» – а значыць, пад забаронай апынуўся і бел-чырвона-белы сцяг, які, безумоўна, гістарычны, а ў мінулым і дзяржаўны для Беларусі. Таксама вельмі падрабязна апісана, дзе не павінна быць ніякіх «дзяржаўных» і «палітычных» сімвалаў – для спартсменаў гэта не толькі форма, але і «ўпрыгожванні, стужкі, налепкі, нашыўкі, фарба для валасоў, ювелірныя вырабы, лакі для пазногцяў і гэтак далей» (здаецца, татуіроўка – не выйсце). Апошні пункт можа асобна ўсхваляваць шаставічку Ірыну Жук – яна як раз рабіла чырвона-зялёны манікюр, называючы яго «патрыятычным парывам».

Шмат тэксту прысвечана і таму, што атлеты «павінны ўстрымлівацца ад любых паводзін, несумяшчальных з іх нейтральным статусам». А тут забаронаў вельмі шмат – «да, падчас і пасля АГ» (наколькі доўга – не прапісана) нельга дапускаць ніякіх выказванняў і нават «рэпостаў і гэтак далей» у сацыяльных сетках, калі заява неяк звязана з «сімволікай дзяржавы, яе спартыўных федэрацый і «НАК» (а з-за таго, што сімволіка федэрацый лагічным чынам размешчаная на аватарках іх акаўнтаў у сацсетках, пад забаронай аказваецца больш-менш любы рэпост). Нельга і падтрымліваць вайну ва Украіне – і асобна прапісаныя як забароненыя не толькі сімвал «Z», але і георгіеўскія стужкі, так што 9 траўня прарэжымнікам трэба быць асабліва акуратнымі. МАК абяцае «дабівацца незалежнай ацэнкі прымальнасці» кожнага AIN, а не спадзявацца толькі на праверкі міжнародных федэрацый.

Пры ўсім гэтым МАК спакойна дапускае, што на гульнях будзе прадстаўнік алімпійскага камітэта Лукашэнкі, які так старанна пазбягаецца ў іншых пунктах. З Расіі МАК функцыянераў запрашаць не гатовы, таму што адхіліў тамтэйшы алімпійскі камітэт за «ўключэнне» ў свой склад структур, утвораных на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны. Затое ў адносінах да лукашэнкаўскага «НАК» санкцыі ўведзеныя толькі да канкрэтных людзей – у прыватнасці, непрызнаным застаецца як яго кіраўнік Віктар Лукашэнка. А вось з генсакам «НАК» абяцаюць «працягнуць падтрымліваць сувязь» – і «пакідаюць за сабой права запрасіць» на АГ-2024 чалавека з гэтай пасады. Яе зараз у статусе в. а. займае вядомая рэжымніца Ксенія Санковіч – у гэтым у МАК, падобна, не бачаць праблемы.

Ну а што да спартсменаў з беларускім пашпартам на АГ, то ў МАК падкрэслілі, што іх чакаюць зусім няшмат. У прэс-рэлізе знаходзіцца такая фраза: «Сярод 4600 спартсменаў з усяго свету, якія прайшлі кваліфікацыю ў Парыж-2024, толькі восем з расійскім пашпартам плюс тры з беларускім, для параўнання, кваліфікавалася больш за 60 украінскіх спартсменаў». Навошта патрэбныя такія параўнанні – пытанне асобнае, мы ж звернем увагу на іншае. МАК у сваім дакуменце яшчэ раз заявіў – для допуску на АГ нельга «дзейнічаць супраць мірнай місіі Алімпійскага руху», а «ў адпаведнасці з гэтым прынцыпам не могуць удзельнічаць у АГ-2024 AIN з кантрактамі з расійскімі або беларускімі ваеннымі структурамі або «органамі нацыянальнай бяспекі». А двое з трох грамадзян Беларусі, якія паспелі ўзяць ліцэнзіі на АГ, у «спісачных складах» ад «мінспорту» на 2023-ы якраз звязаныя са згаданымі «ведамствамі»: барчыха Ванеса Каладзінская адносіцца да «сілавога» БФСТ «Дынама», а вясляр Яўген Залаты – да рэжымных узброеных сіл. Куды глядзелі міжнародныя федэрацыі, дапускаючы гэтых спартсменаў за ліцэнзіямі на ЧС, застаецца загадкай, але, падобна, каб патрапіць на АГ, ім проста дастаткова застацца на 2024-й пад апекай «мінспорту» – МАК нідзе не прапісаў забароны за кантракты, якія, хай нават фармальна, завяршыліся.

Напрыканцы адзначым, што трэці ліцэнзіят – барэц грэка-рымскага стылю Абубакар Хаслаханаў, а кваліфікацыйныя патрабаванні па паказаных выніках дэ-факта выканалі яшчэ тэнісістка Арына Сабаленка, плыўчыха Анастасія Шкурдай і і шэраг спартсменаў з лёгкай атлетыкi, пра якіх мы яшчэ пагаворым як-небудзь асобна.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты