Усе навіны

Павел Шурмей: «Заклікаю МАК не дапускаць спартсменаў з Расіі і Беларусі да міжнародных спаборніцтваў, калі яны адкрыта не асуджаюць вайну»

9 лютага 2023, 17:42

Удзельнік двух Алімпійскіх гульняў і экс-грэбец Павел Шурмей выказаўся пра магчымасць допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

«Вітаю. Мяне клічуць Павел «Дзядзька» Шурмей. У мінулым я член зборнай Рэспублікі Беларусь па акадэмічным веславанні, удзельнік некалькіх Алімпійскіх гульняў, чэмпіён Кубка свету, чэмпіён і рэкардсмен свету ў веславанні ў памяшканнях.

Зараз я ваюю ў Палку імя Кастуся Каліноўскага ў шэрагах ЗСУ. Я таксама заклікаю міжнародны алімпійскі камітэт не дапускаць спартсменаў з Расіі і Беларусі да міжнародных спаборніцтваў, калі яны адкрыта не асуджаюць агрэсію Расіі супраць незалежнай Украіны», – сказаў Шурмей.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.