Усе навіны

Міжнародная федэрацыя стральбы з лука не будзе лічыць нейтральнымі тых расійскіх спартсменаў, якія з пачатку вайны былі звязаны з ЦСКА ці «Дынама»

28 ліпеня, 10:37

Міжнародная федэрацыя стральбы з лука на кангрэсе ўзгадніла працэдуру незалежнай праверкі нейтральнасці спартсменаў з Расіі і Беларусі.

Гэтая працэдура запатрабуе ад мясцовых федэрацый падавання персанальных даных пра патэнцыйных удзельніках спаборніцтваў і афіцыйных асобах.

Незалежная кампанія правядзе першасную праверку ўказаных асоб, пасля чаго будзе праведзена паўторная праверка, калі ўзнікне патрэбнасць у далейшым удакладненні інфармацыі.

Таксама было вырашана, што любая асоба, якая з пачатку вайны была звязана з ЦСКА ці «Дынама», не будзе лічыцца нейтральнай.

Ацэнка нейтральнасці патэнцыйных удзельнікаў не пачнецца да таго часу, пакуль Міжнародная федэрацыя стральбы з лука не атрымае афіцыйнай згоды на прапанаваны працэс ад федэрацый Расіі і Беларусі.

Сёлета ў календары засталіся дзве буйныя падзеі – чэмпіянат свету ў Берліне (31 ліпеня-6 жніўня) і чацвёрты этап Кубка свету ў Парыжы (15-20 жніўня).

Паколькі працэдура ацэнкі нейтралітэту яшчэ не ўзгоднена федэрацыямі Расіі і Беларусі, малаверагодна, што спартсмены, якія маюць пашпарт любой з гэтых краін, вернуцца да спаборніцтваў у 2023 годзе.