Усе навіны

ITF на пытанне пра Азаранка і Сабаленка: «Пакуль ніхто з тэнісістаў не выключаны з АГ-2024»

25 сакавіка, 17:11

Tribuna.com звярнулася ў міжнародную тэнісную федэрацыю (ITF) з пытаннем, ці адпавядае рэчаіснасці інфармацыя пра неўключэнне Вiкторыi Азаранка і Арыны Сабаленка ў спіс удзельнікаў Алімпійскіх гульняў у Парыжы.

– Дзякуй за ваша пытанне. Пакуль ніхто з тэнісістаў не выключаны з Алімпіяды-2024, – адказаў нам менеджар па сувязях з медыя ITF Крыс Сміт.

Раней ITF заявіла, што дапусціць беларускіх і расiйскіх тэнісістаў да АГ-2024 ва ўсіх разрадах. Пры гэтым усіх патэнцыйных удзельнікаў АГ у тэнісе павінна зацвердзіць асобная камісія ITF. Сярод крытэрыяў – удзел у 2023-2024 гадах у матчах за зборныя, якія ў Беларусі і Расіі не праводзяць з-за міжнароднага бана, аднак камісія можа зацвердзіць гульца і без такіх сустрэч.

МАК лічыць магчымым удзел у АГ спартсменаў з Беларусі і Расіі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) пры выкананні шэрагу патрабаванняў, сярод якіх адсутнасць «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі або Расіі. Магчымасць допуску AIN да Гульняў будзе вызначаць спецыяльна створаная МАК камісія AINERP.

Нагадаем, Сабаленка – падпісантка ліста за рэжым.