Tribuna/Футбол/Блогі/Virus Spartovy/Праз паводку на Віцебшчыне стадыён у райцэнтры пераўтварыўся ў сапраўдны басейн. Недалёка на надзіманым фламінга плаваў блогер

Праз паводку на Віцебшчыне стадыён у райцэнтры пераўтварыўся ў сапраўдны басейн. Недалёка на надзіманым фламінга плаваў блогер

Вясновая нечаканасць.

Блог — Virus Spartovy
Аўтар — Alex Zagorski
2 красавіка 2023, 13:00
Праз паводку на Віцебшчыне стадыён у райцэнтры пераўтварыўся ў сапраўдны басейн. Недалёка на надзіманым фламінга плаваў блогер

Вясновая паводка крочыць па Беларусі – у шэрагу гарадоў краіны рэкі павыходзілі з берагоў і затапілі значныя тэрыторыі. У Крычаве нават давялося абвяшчаць рэжым надзвычайнай сітуацыі.

А вось каго сапраўды здзівіла прырода – так гэта жыхароў 11-тысячнага Гарадка у Віцебскай вобласці. Вельмі хутка падняўся ўзровень вады ў мясцовай рэчцы Гараджанка, праз што затопленымі апынуліся бліжэйшыя дамы. Насельніцтва давялося эвакуіраваць на лодках.

Таксама ад наступстваў прыроднай з'явы пацярпеў мясцовы стадыён. Вось як ён выглядае зараз.

«Сёння стадыён выглядае не найлепшай выявай і нагадвае вялікі басейн. Поле практычна цалкам аказалася пад вадой. Толькі часам можна разглядзець зялёныя астраўкі. Таксама затопленай аказалася і прылеглая да стадыёна тэрыторыя.

Звычайна ціхая, спакойная і стройная Гараджанка разышлася на ўсю моц і распаўнела за мінулыя выхадныя – так можна было б пачаць інтрыгуючы і захапляльны аповед пра рэчку ў Гарадку, заснаваны на рэальных падзеях.

Магчыма, па ім і не знялі б паўнаметражны фільм-катастрофу, але для жыхароў райцэнтра апісаны выпадак і так стаў блокбастарам мясцовага значэння. Непрадказальная Гараджанка паднесла сюрпрыз нават старажылам, у зоне падтаплення апынуліся дамы, падворкі і гаспадарчыя пабудовы. Мясцовымі жыхары з падобнай з'явай не сутыкаліся вельмі даўно», – піша «Наш футбол. Витебский регион».

Гарадоцкі стадыён знаходзіцца фактычна на беразе Гараджанкі.

Застаецца толькі здагадвацца, ці паспеюць аднавіць поле да старту другой лігі, у якой гуляюць мясцовая «Гарадоцкія львы». У мінулым сезоне каманда заняла чацвёртае месца з дзесяці ў дывізіёне Віцебскай вобласці.

Вада дайшла і да Віцебска, дзе сталічны блогер bulbanews скарыстаўся капрызамі прыроды і паплаваў па затопленай частцы горада на надзіманым ружовым фламінга. Ролік ужо набірае ў сеціве прагляды і лайкі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты