Tribuna/Барацьба/Блогі/Падобна, барцы не здольныя адужаць рэкамендацыі МАК: палова беларусаў, якіх пусцілі на Еўра, звязаныя з «сілавікамі» Лукашэнкі

Падобна, барцы не здольныя адужаць рэкамендацыі МАК: палова беларусаў, якіх пусцілі на Еўра, звязаныя з «сілавікамі» Лукашэнкі

Фармальна гэта забаронена, але...

Аўтар — bytribuna com
24 студзеня, 18:00
Падобна, барцы не здольныя адужаць рэкамендацыі МАК: палова беларусаў, якіх пусцілі на Еўра, звязаныя з «сілавікамі» Лукашэнкі

З 12 па 18 лютага ў Румыніі пройдзе чэмпіянат Еўропы па барацьбе. На ім не разыгрываюцца алімпійскія пуцёўкі, але гэта і сам па сабе прэстыжны турнір, і этап падрыхтоўкі да еўрапейскага алімпійскага кваліфікацыйнага турніру (пройдзе на пачатку красавіка ў Азербайджане).

22 студзеня Міжнародная федэрацыя барацьбы (UWW) апублікавала спіс дапушчаных да ЧЕ спартсменаў – былі сярод іх і заяўленыя ў статусе «індывідуальных нейтральных атлетаў» (AIN). З іх 30, па адным на кожную катэгорыю, расійскія. Беларускія барцы ў адной катэгорыі не прадстаўленыя – іх на турнір паедзе 29.

Толькі вось статус AIN – гэта не ўсе рэкамендацыі МАК па такіх спартсменам падчас вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Ёсць і быццам бы «строгія» крытэры допуску – на ўзроўні UWW павінна працаваць камісія, якая ацэньвае адпаведнасць пэўных спартсменаў. Але ў барцоў яна відавочна ці то шмат чаго прапускае, ці то заплюшчвае вочы. Так, дапушчаныя да ЧЕ расійскія спартсмены Віталь Кабалоеў і Сяргей Сямёнаў ставілі лайкі ў сацсетках пастам у падтрымку вайны – а гэта канкрэтна забаронена ў дакументах ад МАК, якія UWW абяцаў узяць за аснову.

Беларускія барцы ў падобным не заўважаныя. Але ў іх ёсць іншая супярэчнасць з правіламі МАК – там забароненыя кантракты з беларускімі вайсковымі структурамі ці «органамі нацыянальнай бяспекі». А адна з рэжымных крыніц ужо ветліва апублікавала зацверджаныя «мінспортам» спісачныя склады зборных Беларусі на 2024-ы – і ў барцоў, якія едуць на ЧЕ, выяўляецца мноства сувязяў з названымі структурамі.

Сярод 10 «грэка-рымлян» да спорткамітэта ўзброеных сілаў Лукашэнкі адносяцца прызёр юнацкага ЧЕ-2019 Максім Ступакевіч і чэмпіён Еўропы-2020 Максім Нягода. Віцэ-чэмпіён свету-2021 Кірыл Маскевіч (двое апошніх падпісаліся за рэжым) і срэбны прызёр моладзевага ЧС-2019 Аляксандр Лявончык звязаны з таварыствам «сілавікоў» «Дынама».

У вольнай барацьбе з 10 мужчын з «сілавікамі» звязаныя шасцёра. «Дынама» прадстаўляюць натуралізаваныя якуцкія барцы Арыйан Цютрын (бронза ЧС-2021) і Нюргун Скрабін і дагестанец Магамедхабіб Кадзімагамедаў (срэбра АГ-2020). Да «СК ВС» адносіцца яшчэ адзін спартсмен з Якуціі Андрэй Бекранёў, які з таварышамі стаў часткай вялікага правалу «вольнікаў» на ЧС-2023 (Бекранёў, Скрабін і Кадзімагамедаў яшчэ і падпісанты за рэперсіі).

Таксама да арміі Лукашэнкі маюць дачыненне Яраслаў Іядкоўскі (бронзавы прызёр Гульняў краін СНД, дзе ўдзельнікі былі 2000 года нараджэння і маладзейшыя) і Дзяніс Храмянкоў (на згаданым ЧС-2023 стаў 11-м, найлепшым з беларускіх прадстаўнікоў).

Сярод жанчын з дзевяці ўдзельніц ЧЕ да «СК ВС» адносяцца трое – бронзавая медалістка ЧЕ 2019 і 2020 гадоў Ксенія Станкевіч, Вераніка Іванова з аналагічнымі поспехамі ў 2018-м і 2021-м і віцэ-чэмпіёнка Еўропы-2018 Анастасія Зімянкова.

Да «Дынама» ж адносяцца прызёркі АГ-2020 падпісантка за рэжым Ірына Курачкіна (срэбра) і Ванэса Каладзінская (бронза). Апошняя срэбрам ЧС-2023 ужо ўзяла ліцэнзію на Гульні-2024 – але пытанне, ці паедзе туды. У канцы 2023-га ёй далі прэмію ад Лукашэнкі, а ў дакуменце наўпрост назвалі інструктарам спартыўнай каманды «МУС». А ў пачатку 2024-га Каладзінская схадзіла да Лукашэнкі на «навагодні прыём», адкуль апублікавала фота з віншаваннем з абвешчаным рэжымам «годам якасці».

Агулам: 8 спартсменаў са складу на ЧЕ адносяцца да войска Лукашэнкі, 7 – да «Дынама». 15 з 29 – больш за палову. Відавочныя праблемы ў «двухступневай праверцы» – застаецца паглядзець, што перад АГ вырашыць МАК.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты