Tribuna/Футбол/Блоги/Пойди поставь сторожа/Брытанцы глядзяць беларускі футбол і робяць пра яго падкаст! Кайфуюць ад каларыту, хваляць Лісаковіча, моцна хвалююцца праз падзеі ў краіне

Брытанцы глядзяць беларускі футбол і робяць пра яго падкаст! Кайфуюць ад каларыту, хваляць Лісаковіча, моцна хвалююцца праз падзеі ў краіне

Фанацеюць ад Сцяпанава і Лісаковіча.

8 июня 2021, 16:04
3
Брытанцы глядзяць беларускі футбол і робяць пра яго падкаст! Кайфуюць ад каларыту, хваляць Лісаковіча, моцна хвалююцца праз падзеі ў краіне

«Вельмі шмат салдатаў і паліцэйскіх на трыбунах, гэта нешта незвычайнае».

Ліям і Джон

49-гадовы англічанін Ліям Бамбрыдж і 48-гадовы шатландзец Джон Блэквуд жывуць у розных кутках Брытаніі і ніколі не бачыліся ўжывую. Яны працуюць у сферы адукацыі, але Джона і Ліяма аб’ядноўвае і нешта больш экзатычнае – цікаўнасць да беларускага футбола. Як і многія замежнікі, брытанцы пазнаёміліся з ім у першую хвалю пандэміі. Тады беларуская вышэйшая ліга аказалася адным з нешматлікіх чэмпіянатаў, які не спыніўся на кавідны каранцін.

З цягам часу цікаўнасць брытанцаў да белфутбола перарасла ў жаданне рабіць пра яго ўласны прадукт. Так з’явіўся падкаст Belpod, у якім Ліям і Джон распавядаюць пра беларускі футбол, а таксама пра тое, у якіх абставінах ён існуе зараз. Слухачоў у падкасцераў не надта багата (усяго некалькі дзясяткаў), але гэта іх не бянтэжыць: яны сочаць за падзеямі, распавядаюць пра іх – і атрымліваюць ад гэтага асалоду.

Здаецца, гэтыя людзі (Джон выкладае мастацтва, а Ліям – іспанскую мову) часам разумеюць пра беларускі спорт больш, чым самі беларусы.

- Як футбол з’явіўся ў вашым жыцці?

Ліям: Я пачаў сачыць за футболам у дзяцінстве, 43 гады таму. Можна сказаць, гляджу футбол усё сваё жыццё. Мае бацькі былі сапраўднымі фанатамі, і аднойчы тата ўзяў мяне на гульню. Мы жылі на поўдні Брытаніі, і ў тамтэйшага клуба былі тыя ж самыя колеры, што і ў гродненскага «Нёмана». Таму, калі я пачаў сачыць за беларускім футболам, заўважыў гэтае супадзенне.

Пры гэтым я заўсёды сачыў па тэлебачанні за іншымі камандамі. На працягу жыцця пераязджаў у розныя гарады Брытаніі, бачыў шмат рознага футбола. Зараз жыву ў Манчэстары, і мой шлях з дома на працу палягае міма «Олд Трафарда», стадыёна «Манчэстар Юнайтэд», і таксама міма «Этыхада», дзе гуляе «Манчэстар Сіці». Ёсць у гэтым нешта дзіўнае :).

Думаю, у Беларусі людзі больш сочаць за вялікімі клубамі, але гэта не наш выпадак. Магчыма, гэта адна з прычын таго, чаму мы сапраўды закахаліся ў беларускі футбол. Канешне, у Беларусі ёсць вялікія каманды, але сам чэмпіянат не такі ўжо і вялікі, і гэта нам падабаецца. Таму, хаця многія людзі і перасталі сачыць за беларускай лігай, мы працягваем гэта рабіць.

Ліям

Джон: Я сачу за футболам, думаю, на працягу 35 гадоў, наведваў гульні ў розных кутках Брытаніі. Зараз жыву ў Абердыне, гэта горад на паўночным усходзе Шатландыі.

Калі мне было каля дзесяці год, тата ўзяў мяне на маю першую гульню, і я памятаю той матч у дэталях. Быў студзень, гуляла завіруха, стаяў моцны мароз. Гэта была гульня шатландскай прэм’ер-лігі паміж клубамі «Матэруэл» і «Харт оф Мідлотыян», сапраўды добры матч.

Я вырас у Глазга, там ёсць дзве вялікія каманды – «Рэйнджэрс» і  «Сэльцік». Мой бацька бачыў, што футбол мне цікавы, і не хацеў, каб я ўдзельнічаў у суперніцтве паміж фанатамі гэтых клубаў, таму я заўсёды сачыў за маленькімі клубамі. Потым, калі я пачаў жыць на паўночным усходзе Шатландыі, стаў сачыць за камандай «Арброат», яна гуляе ў другой лізе шатландскага футбола. Да пандэміі я хадзіў на футбол кожныя выходныя, думаю, Ліям таксама. Ніколі не глядзеў футбол у трансляцыях або па тэлебачанню, аддаваў перавагу жывой гульні. Калі прыйшоў кавід, зразумела, гэта стала немагчыма. У выніку, думаю, шмат брытанцаў пачалі глядзець беларускі футбол, бо гэта была адзіная даступная ліга падчас пандэміі.

 - Як для вас пачыналася пандэмія?

Джон: Мастацкая школа ў Абердыне, дзе я працую, зачынілася на працягу тыдня. Раней вясна была самым загружаным часам для нас, а цяпер школа апусцела і мы завязлі дома. Канешне, было страшна захварэць на кавід, але нашмат мацней на цябе ўплываў сам факт таго, што раптам ты робішся зняволеным у сябе дома, ты ў зусім незнаёмай сітуацыі, адарваны ад сяброў і родных. Думаю, для нас усіх гэта быў вельмі цяжкі час.

Ліям: Я выкладаю ў сярэдняй школе. Памятаю, як тым вучням, што павінны былі заканчваць школу ў канцы года, сказалі: «Заўтра ваш апошні дзень у школе». І гэта былі 16-гадовыя дзеці, якія збіраліся здаваць экзамены і ладзіць вечарыну ў канцы навучальнага года.

У канцы канцоў усе проста пачалі працаваць дома, і, калі з’явіўся беларускі футбол, гэта прынесла сапраўдную палёгку. Мы і так суткамі глядзелі дома ў манітор па працы, так што цяпер мы проста сядзелі перад маніторам яшчэ і для таго, каб паглядзець вышэйшую лігу Беларусі, але як мінімум гэта была справа, якая нам падабалася. Раней мы кожны тыдзень наведвалі гульні і ўжо не маглі гэта рабіць падчас пандэміі, але як мінімум мы маглі глядзець трансляцыі матчаў. То бок хоць нешта працягвала нас звязваць са спортам, які мы любім столькі год.

 - Вы памятаеце першую беларускую гульню, якую ўбачылі?

Джон: Так, памятаю вельмі добра. Гэта быў матч «Энергетыка-БДУ» супраць БАТЭ ў пачатку сезона. Тады Джасурбек Яхшыбоеў забіў два галы, гэта была яго гульня. Хаця я не ўпэўнены, што ў камандзе ведалі, як працаваць з такім футбалістам :). З таго часу я зацікавіўся беларускай лігай. Даведаўся, што «Энергетык» – гэта вельмі маленькі клуб, у якога амаль няма фанатаў. Ім пашчасціла атрымаць такога гульца, як Яхшыбоеў. Гэтак сама ім пашчасціла з Ільёй Шкурыным у папярэднім сезоне.

Джон з Кубкам шатландскай Прэм’ер-лігі.

Ліям: Першы мой беларускі матч аказаўся на самой справе даволі нядрэнным. Гэта была гульня паміж салігорскім «Шахцёрам» і гродненскім «Нёманам», думаю, яна праходзіла на пару тыдняў пазней, чым матч, пра які кажа Джон.

 - Што першае вы адзначылі для сябе ў беларускім футболе?

Джон: Гэта даволі прыземленае назіранне, але я заўважыў старыя грузавікі ў задняй частцы стадыёна – проста люблю старыя машыны. Думаў: што гэта такое? На брытанскіх стадыёнах такое не ўбачыш! Таксама заўважыў вельмі шмат салдатаў і паліцэйскіх на трыбунах стадыёнаў, гэта нешта незвычайнае.

Але што датычыцца падзей на полі, лічу, што беларуская ліга даволі добрая. Думаю, яна падобная да гульняў каманд з ніжняй часткі табліцы шатландскай прэм’ер-лігі, або да лепшых каманд англійскага Чэмпіяншыпа. Яшчэ я заўважыў, што ў беларускім чэмпіянаце вельмі вялікі разрыў паміж лепшымі і горшымі камандамі. Калі ў АПЛ, напрыклад, будуць гуляць «Уэст Бромвіч Альбіён» і «Ман Сіці», яны будуць на адным узроўні. А калі «Энергетык» гуляе з «Шахцёрам» ці БАТЭ, гэта нібыта маленькая каманда ў Кубку сустракаецца з клубам з АПЛ.

Ліям: Разрыў сапраўды ёсць. Але, думаю, тыя намаганні, якія прыкладаюць маленькія каманды, змяншаюць яго. Вялікія каманды часцей перамагаюць, але маленькія клубы настолькі аддаюць сябе гульні, што, здаецца, і ў іх ёсць шанс узяць матч. Магчыма, таму мы глядзім больш гульняў, чым трэба, бо мы чакаем цудаў :).

У беларускім футболе за межамі поля адбываюцца цікавыя рэчы. Маю на ўвазе розныя забавы ў перапынках паміж таймамі, музыку – напрыклад, памятаю трактар, з якога гучаў хэві-мэтал. Гэта ўсё вельмі сваеасаблівае і цікавае. Думаю, у сучасным футболе шмат падабенства. Ты ўключаеш Ла Лігу ці АПЛ, а там усё аднолькавае – афармленне трансляцый, перапынкі паміж таймамі ды іншае. Але ў Беларусі на кожным стадыёне ёсць нешта сваё. І, канешне, я заўважыў пажарныя машыны і хот-догі, якія прадавалі з вялікіх машын.

 - Што наконт падзей на полі?

Ліям: Мне падабалася, што каманды спрабавалі гуляць у сапраўдны футбол, што большасць з іх спрабавала рабіць пасы, а не проста выносіць мяч наперад. Гэта датычыцца нават такіх каманд, як «Белшына» і  «Смалявічы», якія былі паніжаныя ў класе ў мінулым сезоне. Было цікава за гэтым назіраць. Адчуў, што гэта сапраўды самабытная ліга, дзе людзі вераць у сваю справу і захапляюцца ёй.

Мы гэтага і хочам ад футбола. Мы хочам, каб людзі верылі ў сваю справу і любілі яе, а не проста атрымлівалі па 50 тысяч фунтаў заробку ў тыдзень і былі гэтым задаволеныя. У выпадку з беларускімі гульцамі я адчуў, што яны цалкам адданыя сваёй справе.

Джон: Я заўважыў яшчэ адну рэч, якую не пабачыш у шатландскім футболе. Калі адзін гулец фаліць на іншым і той падае, гулец, які здзейсніў фол, дапамагае падняцца, паціскае руку і просіць прабачэння. Гэта нагадвае мне гісторыю з чэмпіяната свету-1974, калі зборная ФРГ гуляла з камандай ГДР і гульцы ГДР некалькі разоў фалілі на суперніках. Яны тады рабілі гэтаксама, як і беларускія гульцы – прасілі прабачэння. Але зборная ФРГ не магла гэтага зразумець, бо гэта ж іх ідэалагічныя праціўнікі. Думаю, такія паводзіны беларускіх гульцоў – элемент спартыўных паводзін, які даўно знік у англійскім і шатландскім футболе, дзе важна проста выйграваць любой цаной.

 - Можаце адзначыць любімых беларускіх гульцоў?

Ліям: Мне падабаецца Раман Сцяпанаў з брэсцкага «Дынама», думаю, ён фантастычны галкіпер. Я вельмі здзіўлены, што яго не выклікаюць у нацыянальную зборную. У мінулым годзе Паўлючэнка чамусьці выйграў у яго канкурэнцыю і дагэтуль застаецца ў нацыяналцы. Але Сцяпанаў, на мой погляд, цудоўны кіпер. Спадзяюся, ён атрымае шанс праявіць сябе і яго заўважаць.

Люблю глядзець на ігру Сяргея Кісляка з мінскага «Дынама», ён сапраўдны прафесіянал, сачыць за ім – цудоўна. Яшчэ адзначу Віталя Лісаковіча, хаця ведаю, што наконт яго ёсць розныя меркаванні :). Калі такі гулец ёсць у тваёй камандзе, гэта цудоўна, але наўрад ці яго любяць абаронцы каманд, супраць якіх ён гуляе. Але гэта фантастычны гулец, і я разумею, чаму ён пакінуў краіну, каб гуляць на больш высокім узроўні. Думаю, ён здольны знайсці сябе нават у лепшым чэмпіянаце, чым РПЛ.

Джон: Ніколі не бачыў больш апантанага футбаліста, чым Віталь Лісаковіч. Ён заўсёды жадае дамагчыся поспеху, а яшчэ, думаю, у яго вельмі складаны характар у тым, што датычыцца гульні. Але з такіх людзей часта атрымоўваюцца неверагодныя гульцы. А якая звязка была ў яго з Кендышам у «Шахцёры» ў мінулым сезоне!..

Але я пачаў сачыць і за малодшым братам Віталя, Русланам, які зараз іграе ў «Іслачы». Магчыма, яму трэба час, каб прызвычаіцца да больш высокага ўрозўню футбола, чым у яго папярэднім клубе. Але ўжо бачна, што з Руслана атрымаецца вельмі добры гулец.

Мне вельмі падабаецца гульня Жана Марэля По. Думаю, у «Смалевічах» ён паказаў сябе як выбітны футбаліст, да таго ж у яго там быў правільны трэнер, Аляксандр Бразевіч, які здольны натхняць маладых і садзейнічаць іх развіццю. На жаль, Ліям ужо назваў Рамана Сцяпанава, мне таксама падабаецца гэты гулец, як і Леанід Ковель. У такіх камандах, як «Белшына» і «Смаргонь», Ковель вельмі дапамагае маладым футбалістам. Калі паглядзець на яго кар’еру, бачна, што ён мог дасягнуць нашмат большага, але чамусьці не склалася.

 - Мяркуючы па вашых ведах, вы не толькі глядзіце белфутбол, але і шмат пра яго чытаеце.

Джон: У мінулым годзе шмат чыталі аналітыку Мікалая Хадасевіча, але зараз, як я разумею, ён больш канцэнтруецца на сваім ютуб-канале і піша менш тэкстаў. Таксама чытаем Татура ў Тэлеграме. Гэта такі журналіст сапраўднага класічнага фармату, які ўсіх ведае і з усімі камунікуе.

Мы з Ліямам вельмі-вельмі любім чытаць тэксты Андрэя Маслоўскага. Мне падабаюцца яго тэксты, таму што ён заўсёды вельмі паглыбляецца ў тэму. Памятаю яго тэкст пра праблемы БАТЭ, гэта адна з лепшых рэчаў, што я чытаў пра гэты клуб. Ён вельмі добра ўсё патлумачыў, распавёў пра даўнія этапы з жыцця клуба.

Ліям: На жаль, нам прыходзіцца карыстацца Google Translate, і ў выніку мы часам атрымліваем трохі дзіўнаватыя пераклады :). Але мы хаця б бачым ідэю тэкста, стыль напісання, чытаем цікавую інфармацыю.

Джон: Без гэтых людзей мы б нічога не ведалі пра беларускі футбол. Яны і старонкі накшталт «Честнок» і  «Беларускі мінор» у Інстаграме і Тэлеграме для нас сапраўды важныя.

***

 - Вы жывёце ў розных частках краіны. Як вы пазнаёміліся?

Джон: Мы ніколі не сустракаліся асабіста і ведаем адзін аднаго толькі праз цікаўнасць да беларускага футбола. Праз гэта мы і пазнаёміліся ў мінулым годзе. Не ведаю, калі здолеем нарэшце сустрэцца асабіста.

Магчыма, калісьці мы прыедзем на нейкі час у Беларусь. Будзем наведваць гульні, гутарыць са спартоўцамі, журналістамі, фанатамі. Можа, да гэтага часу мы і не сустрэнемся, пазнаёмімся ўжывую толькі ў залі аэрапорта :).

- Як узнікла ідэя рабіць падкаст пра беларускі футбол?

Ліям: Спачатку ў нас з’явілася думка рабіць падкаст толькі пра «Энергетык-БДУ», бо мы пачалі глядзець гульні гэтай каманды. Але потым зразумелі, што нас цікавіць уся ліга, і канцэнтравацца толькі на адным клубе было б няправільна. Таму мы вырашылі рабіць падкаст пра ўвесь беларускі футбол, так і атрымалася на працягу сезона. Потым думалі зрабіць перапынак, але дзякуючы тым журналістам, якіх я пералічыў раней, мы здолелі сачыць за зімовымі гісторыямі з беларускага футбола, напрыклад, за гісторыямі пра «Спутнік» ці пра Зайцава. Таму мы рабілі падкаст і ўзімку.

Запіс падкасту Belpod.

Хочацца і далей расказваць пра беларускі футбол, знаёміць з ім тых, хто не карыстаецца Google Translate, але ўсё ж такі атрымлівае асалоду ад беларускага футбола. Магчыма, у такіх людзей няма часу вывучаць ваш футбол, таму мы жадаем зрабіць крыніцу інфармацыі пра яго для тых, хто не гутарыць па-руску. Хочацца, каб, калі людзі глядзяць трансляцыі беларускіх матчаў або нарэзкі галоўных момантаў, яны лепей разумелі, што адбываецца.

Джон: Для нас важна даваць доступ да інфармацыі людзям, якія не разбіраюцца ў кантэксце беларускага футбола, не ведаюць пра сувязь палітыкі і футбола ў Беларусі, пра гісторыі асобных клубаў. У нашага падкаста ёсць старонка ў Твітары і Тэлеграме, а мая жонка, мастачка і графічная дызайнерка, стварыла для нас лагатып.

У нас ёсць каля 50-60 англамоўных карыстальнікаў, якія дастаткова цесна сочаць за нашым каналам. Нам з Ліямам вельмі прыемна, што некаторыя беларусы пачалі заўважаць нашу актыўнасць і дастаткова добра пра яе выказвацца.

 - Вядома, што вы не прафесійныя падкасцеры. Наколькі цяжка ў тэхнічным плане было пачаць рабіць такую працу?

Ліям: Ёсць бесплатная праграма Microsoft Audacity, яна вельмі простая ў выкарыстанні. Мы запісваем выпуск, а потым я выдаляю розныя словы-паразіты. Спачатку было цяжкавата, але мы хутка зразумелі, што і як рабіць. Хаця і дагэтуль часам узнікаюць цяжкасці, напрыклад, з падборкай музыкі.

Апошні выпуск падкаста.

Джон: Мы проста запісваем нашу размову праз Zoom, і Ліям апрацоўвае яе. То бок гэта вельмі спантанная размова.

***

 - Вы сочыце за палітычным крызісам, у якім апынулася Беларусь?

Джон: Так, яшчэ з мінулага сакавіка вельмі сачу за падзеямі ў Беларусі. Насамрэч, яшчэ да таго, як я зацікавіўся вашым футболам, мне было цікава вывучаць беларускую культуру і грамадства. Калі я знаёміўся з гісторыяй мастацтва, я чытаў пра шмат мастакоў з Віцебска – пра Малевіча, Шагала і іншых. Мне таксама цікавыя сучасныя мастакі – Алесь Пушкін, Аляксей Кузьміч.

Ведаў пра грамадзянскую супольнасць, што вырасла ў адказ на праблемы, прынесеныя пандэміяй, ведаў пра тое, што дзяржава не так актыўна адрэагавала на пандэмію. А потым, канешне, з’явіліся паслявыбарныя праблемы, пра якія пісалі ва ўсім свеце. Памятаю, як мінулым летам у Твітары брытанскія фанаты шмат перапісваліся пра беларускія пратэсты, пыталіся зразумець, што адбываецца. Насамрэч, якраз пасля жнівеньскіх пратэстаў я да канца сезону перастаў глядзець беларускі футбол. Мне проста падалося, што так больш правільна, але, канешне, у кожнага была свая пазіцыя.

Таму мы з Ліямам вельмі сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі. І, канешне, нам вельмі сумна і цяжка ад падзей у вашай краіне.

Ліям: Беларускі футбол зрабіўся вялікай часткай нашага жыцця, і мы не можам проста глядзець гульні і не звяртаць увагі на тое, што адбываецца ў краіне, мы не такія людзі. Але ці варта зараз глядзець футбол? У нечым гэта ганебнае задавальненне.

 - Алесь Пушкін, якога вы, Джон, згадалі, – зараз адзін з беларускіх палітвязняў.

Джон: Ён вельмі катэгарычны беларускі нацыяналіст, які раней змагаўся з савецкай сістэмай, а зараз змагаецца з дзеючай уладай. Я шмат думаў пра адзін з яго найбольш вядомых перформансаў, калі ён вываліў тачку з гноем перад рэзідэнцыяй Лукашэнкі і ўваткнуў вілы ў яго партрэт. Вельмі сумна чуць, што Алесь зноў за кратамі, жадаю яму ўсяго найлепшага. Але я не здзіўлены такімі навінамі пра яго.

Алесь Пушкін.

Ліям: Ёсць адчуванне, што не ўсе разумеюць, як на самой справе працуе сістэма, у якой існуе беларускі футбол. Брытанскаму фанату цяжка ўявіць, як асноўнай крыніцай фінансавання клуба можа быць дзяржава, у Англіі няма такіх клубаў.

Вядома, некаторыя людзі цікавяцца беларускім футболам, бо для іх гэта спосаб збегчы ад дрэнных падзей. У Брытаніі таксама шмат людзей, якія існуюць «па-за палітыкай». Яны галасуюць за Борыса Джонсана, хаця ён не надта добра сябе праяўляе.

Таму, калі мы ствараем падкаст і вядзем сацсеткі да яго, мы стараемся захоўваць баланс. Вядома, не ўсе людзі так цікавяцца Беларуссю як краінай, як мы. Але мы адчуваем, што яны павінны разумець, што ў Беларусі заканчваюцца грошы і шмат каманд з беларускага чэмпіяната маюць вельмі сур’ёзныя праблемы. Магчыма, роўна праз год ужо не будзе, напрыклад, гродненскага «Нёмана», «Спутніка» ці  «Смалявічаў», і такія рэчы трэба тлумачыць. Можна зразумець і тых, каму нецікавая беларуская палітыка. Магчыма, яны ніколі ў жыцці не прыедуць у вашу краіну, і яны не разумеюць, з чым маюць справы беларусы. Гэта іх выбар.

Джон: Мне гэта нагадвае падзеі ў Брытаніі 1980-х гадоў, калі існаваў «Рух супраць апартэіду» (расавай сегрэгацыі – прым.). Шмат брытанцаў тады выступала за канец апартэіду для Паўднёвай Афрыкі, і спорт удзельнічаў у гэтых падзеях. Тады шмат казалі пра тое, што лепей не прымешваць палітыку ў спорт, што яны не спалучаюцца. Зараз таксама шмат пра такое кажуць. Але, наколькі мы бачым сітуацыю ў Беларусі, тут нельга зразумець спорт, калі ты не будзеш разбірацца ў палітыцы, – яны звязаныя.

 - Што думаеце пра рэакцыю беларускіх футбалістаў на пратэставыя падзеі?

Ліям: Здаецца, беларускі футбол – адзін з тых відаў спорту, якія аказаліся зусім не гатовыя да паслявыбарных падзей. Гульцы проста нічога не казалі – не падтрымлівалі ні рэжым, ні пратэст. Праз гэта яны трапілі пад крытыку з абодвух бакоў, і гэта вельмі цяжкая сітуацыя, бо гэта проста гульцы, якія зарабляюць сабе на жыццё. У Англіі, калі футбаліст пачне выражаць палітычныя погляды, да яго будуць прыслухоўвацца, але беларускі гулец наўрад ці разумее, навошта яму выказвацца і нажываць сабе праблемы. У беларускіх гульцоў, здаецца, няма выбару, не ведаю, што тут можна зрабіць.

Джон: Можна прывесці прыклад Маркуса Рэшфарда. Ён вырас у вельмі беднай сям’і і, наколькі я разумею, часта ў дзяцінстве адчуваў голад. Рэшфард пачаў грамадскую кампанію за тое, каб падоўжыць на час канікул праграму бясплатных абедаў для дзяцей з бедных сем’яў. Урад краіны гэтага не жадаў, але праз паспяховую кампанію Рэшфарда чыноўнікі былі вымушаныя працягнуць фінансаванне школьных абедаў.

Маркус Рэшфард

Канешне, у нашай краіне няма АМАПу ці КДБ, таму Рэшфард мог свабодна выказваць сваё меркаванне. У ідэальным свеце спартоўцы свабодна выказваліся б, але я цалкам разумею, чаму беларускія спартоўцы гэтага не робяць. У дадатак нам вельмі лёгка сядзець ва ўтульным пакою ў Англіі ці Шатландыі і выдаваць меркаванні наконт краіны, у якой мы ніколі не былі. Невядома, як бы мы сябе паводзілі, калі б працавалі на беларускім заводзе і нам трэба было б плаціць па рахунках, або калі б трапілі ў беларускі суд. Таму мы не маем права крытыкаваць людзей, якія яўна знаходзяцца ў вельмі цяжкай сітуацыі.

 - Давайце скончым размову на нечым добрым. За што вы любіце беларускі футбол?

Ліям: Мне падабаецца, што вашы гульцы проста працягваюць гуляць, што б не здарылася.

Джон: Мы памятаем гульню мінулага года паміж «Славіяй» і  «Слуцкам», фота з якой з велізарнымі лужынамі сталі шалёна папулярнымі ў англамоўным інтэрнэце. Памятаю, Глеб Шаўчэнка так бег за мячом сярод лужын, нібыта ён катаўся на водных лыжах :).

Ліям: А ў канцы сезона ў БАТЭ была гульня, калі нават ішоў снег, прычым вельмі моцны. То бок гэта такая непераборлівая ліга, дзе людзі проста спраўляюцца з усім. Ніхто сябе не шкадуе, не плача. Ідзе снег? Давайце яго прыбярэм і будзем гуляць! Кагосьці гэта шакуе, але нам здаецца, што ў гэтым ёсць нешта крутое.

Але нам цяжка зразумець тое, што ў фанатаў мала магчымасцяў сабе нешта купіць, тую ж клубную атрыбутыку. Беларускія клубы проста у гэтым не зацікаўленыя, і гэта вельмі дзіўна, бо продаж атрыбутыкі прынёс бы карысць самім клубам. Мы жадаем заплаціць вам грошы, чаму ж вы не даеце такую магчымасць?

Яшчэ нас турбуе недахоп інфармацыі. Напрыклад, мы глядзім матч. Нейкага важнага гульца няма ў складзе, і мы не ўяўляем, чаму так. Можа, у яго траўма, але што гэта за траўма? Колькі часу яго не будзе?

Джон: Думаю, праблема ў дзяржаўным фінансаванні, людзям проста няма сэнсу прыкладаць намаганні, каб зарабляць грошы. Напрыклад, ты адсылаеш у «Віцебск» ліст з просьбай дапамагчы купіць футболку, а чалавек, што яго чытае, думае – гэта не мая праца. Але мне цікава сачыць за цалкам прыватнымі клубамі, такімі як «Крумкачы», або за клубамі з часткова прыватным фінансаваннем, як «Іслач». Яны ўжо зараз нашмат больш камерцыйна арыентаваныя. У той жа «Іслачы» шмат фанатаў за мяжой проста таму, што прэс-сакратар клуба Аляксандр добра гаворыць па-англійску і ідзе на кантакт. Ён адсылае футболкі ў Канаду, Аўстралію – ніякіх праблем. Аналагічная гісторыя з «Крумкачамі».

 фота: архіў суразмоўцаў, belta.by, sportarena.by, budzma.by, theatreofdreams.ru

Другие посты блога

Все посты