Tribuna/Баскетбол/Блоги/Rock the Tsmok/За крок да плэй-оф

За крок да плэй-оф

У чацвёртым туры Еўрачэленджа «Цмокі» зноў разграмілі фінскую «Котку». Пры гэтым шмат у чым вырашальным аказаўся зачын, здабыты яшчэ ў стартавай 10-хвілінцы. Менавіта ў гэтым перыядзе гаспадары набралі 38 ачкоў, забяспечылі 23-ачковую перавагу і ў далейшым кантроль над ходам супрацьстаяння не гублялі. Тым самым здабылі важную перамогу і амаль вырашылі пытанне з выхадам у чвэрцьфінал.

Блог — Rock the Tsmok
Автор — Tsmoki-press
13 февраля 2014, 11:08

Патэнцыйная вікторыя над "Коткай" практычна гарантавала нашай камандзе ўдзел у чвэрцьфінале Еўрачэленджа. Завышаная ж матывацыя, памножаная на аб'ектыўную розніцу ва ўзроўні паміж калектывамі, дала ў выніку ўражлівы старт мінчукоў - пасля трох хвілін са стартавага ўкідання на табло "Мінск-Арэны" красаваліся лічбы 15:3. Пры гэтым 9 ачкоў на гэтым адрэзку набраў Харпер. Усяго ж за першую чвэрць абаронца настраляў аж 16 балаў - і прычыну падобнай выніковасці адшукаць нескладана. Так, госці надавалі асаблівую ўвагу "вялікім" гаспадароў. З-за гэтага даводзіць мяч да Бэнсана і іншых волатаў атрымоўвалася нячаста (у дэбюце). Але пры гэтым скандынавы зусім забыліся пра абарону перыметра, пра што не раз шкадавалі.

 

Варта аддаць настаўніку гасцей належнае - склаўшы рукі ён не сядзеў і ўсяляк спрабаваў вывесці падапечных з крызісу. Тасаваў склад, як круп'е - картачныя калоды (аж да пераходу на лёгкі варыянт пяцёркі), перастаўляў абарону з "персаналкі" на "зону" - усё дарэмна. У выніку толькі ўдалы праход няўрымслівага Кары пад заслону першага перыяду перашкодзіў "драконам" сысці на перапынак з трохразовай перавагай. Зрэшты, скардзіцца на гэта не варта было. Бо падапечныя Кайрыса ў дэбютнай 10-хвілінцы і без таго пераўзышлі апанента на галаву - 38:15.

 У другой чвэрці фінскі калектыў усяляк спрабаваў акрыяць ад адчувальнага ўдару - і на нейкі час яму гэта ўдалося. Некалькі страт гаспадароў, якія прывялі да поспеху індывідуальныя ініцыятывы Кары - і госці вымусілі літоўскага галаўкама мінчукоў браць два тайм-аўты з нязначным інтэрвалам, а заадно і скарацілі адставанне да "-19". Пры гэтым апрабавалі часова дзейсную ахоўную тактыку, згодна з якой скандынавы маментальна здвойваліся на гульца мінчукоў, які валодае мячом. Зрэшты, і гэты арэх наша каманда хутка раскусіла. Ульянка, Харпер і іншыя некалькі разоў каралі апанента за тое, што той пакідаў візаві ў ганарлівай адзіноце на слабым боку (як правіла - у вугле). Як вынік, на вялікі перапынак беларускі клуб сыходзіў з перавагай у 20 ачкоў. 

Пры гэтым у трэцяй чвэрці гаспадары хватку не аслабілі. Наадварот, нават прымудрыліся давесці перавагу да "24". Што, у прынцыпе, і нядзіўна, калі ўлічыць, што да таго моманту "драконы" адправілі ў мэту аж 11 (!) трохачковых - прычым усяго з 19 спробаў. Пры гэтым "дальнабойную прыладу" расчахліў нават Бразелтан, які адзначыўся парачкай далёкіх трапленняў у канцы перыяду. 

У выніку перад заключнай чвэрцю беларускіх заўзятараў даймалі толькі два пытанні: ці дабяруцца мінчукі да сотні і ці выйдзе на паркет Раман Рубінштэйн? У выніку абедзве падзеі аказаліся ўзаемазвязанымі. Да канца матчу заставалася крыху менш трох хвілін, калі Павел Ульянка далёкім трапленнем давёў асабовы рахунак нашай каманды да 102 ачкоў. Пры гэтым кідок той стаў вынікам падбору ў нападзе, здабытага пасля промаху менавіта Рубінштэйна (той у сваю чаргу выйшаў на пляцоўку за 3.38 да сірэны). Балаў, праўда, Раман так і не набраў, але наўрад ці засмуціўся з гэтай нагоды. Як-ніяк, у найважнейшым матчы "драконы" здабылі ўпэўненую перамогу - і, дарэчы, па суме двух сустрэч пераўзышлі "Котку" з перавагай у "67"!

Абаронца "Цмокі-Мінск" Віталь ЛЮТЫЧ:

- Змайстравалі зачын яшчэ ў першай чвэрці, у якой Харпер рэалізоўваў ці ледзь не кожны кідок. У далейшым жа добра атакавалі што з-за дугі, што з "фарбы". Акрамя таго, на мой погляд, нядрэнна згулялі ў абароне - амаль кожную спробу госці здзяйснялі праз руку.

Галоўны трэнер "Цмокі-Мінск" Данальдас КАЙРЫС:

- Каманда была добра зараджаная на гэты матч. Пасля серыі крыўдных паразаў у мінулым месяцы хлопцы сабраліся, усвядомілі важнасць паядынку. Яны даказалі гэта яшчэ і на апошніх трэніроўках, якія мяне парадавалі. Ну і, вядома, нельга не адзначыць добрую абарону. Акрамя таго, кантралявалі падбор. У тым ліку і за кошт гэтага набралі больш за 100 ачкоў. 

ЦМОКІ-МІНСК - КОТКА - 104:73 (38:15, 22:25, 22:18, 22:15)

Мінск. 11 лютага

ЦМОКІ-МІНСК: Міркавіч (13 + 6 пас), Харпер (20), Ульянка (8), Коршук (8), Бэнсан (18 + 10 пад); Лютыч (14), Бразелтан (10 + 6 пас), Хантэр (9 + 8 пад), Лашкевіч (4), Мешчаракоў (0), Трасцінецкі (0), Рубінштэйн (0).

КОТКА: Кары (15 + 8 пас + 3 пер), Хейнанен (11), Оуэнс (9 + 4 пер), Эйрс (8), Маціна (0); Акпаса (10), Паўндс (9), Вантая (7), Лехтаранта (4), Кілпяляйнен (0).

Другие посты блога

Сербскі падарунак
11 апреля 2015, 22:47
1
Все посты