Тут нараджаюцца легенды: гандбольнаму клубу «Віцязь» спаўняецца 5 гадоў!
Адзін з самых аўтэнтычных спартыўных клубаў краіны адзначае свой першы юбілей. Займальная гісторыя пра тое, як ствараўся і развіваўся унікальны гандбольны клуб, які ў наступным сезоне выступіць у вышэйшай лізе. Цікавыя факты з біяграфіі каманды, гучныя імёны, храналогія дат і падзей, а таксама шмат, вельмі шмат архіўных фота.
Паводле афіцыйнай гісторыі «Віцязя» клуб сфармаваўся вясной 2012 года на базе студэнцкай каманды Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. Ўвесь папярэдні сезон студэнты бліскуча выступалі на ўсіх «аматарах», бралi кубкі і медалі адзін за адным. Вынікі і перспектывы па-сапраўднаму закружылі галаву. Напэўна, на гэтай пераможнай хвалі ў агульнай вясновай эйфарыі сама па сабе і нарадзілася ідэя стварыць афіцыйны клуб і заявіцца ў чэмпіянат Беларусі. Назваць аўтарам ідэі кагосьці канкрэтнага сёння ўжо немагчыма. Яна ўзнікла стыхійна, зусім сама па сабе. Менавіта 14 чэрвеня 2012 гандбольны клуб «Віцязь» атрымаў рэгістрацыю ў якасці спартовага грамадскага аб'яднання. Заснавальнікамі клуба выступілі самі гульцы.
Менавіта з таго першапачатковага складу за клуб да сённяшняй пары гуляюць браты Іван і Віталь Юркевічы, Яўген Кавальчук, Глеб Ваявода, Дзмітрый Бабкевіч, Антон Ладуцька, Ілля Дударонак і Аляксандр Ланін. Яны таксама з'яўляюцца афіцыйнымі заснавальнікамі клуба.
Першым старшынёй клуба быў абраны тагачасны загадчык кафедры фізкультуры і эканомікі спорту БДЭУ, а сёння рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры і віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Сяргей Рэпкін.
Дырэктарам клуба быў прызначаны Аляксандр Апейкин, які на працягу некалькіх гадоў таксама з'яўляўся заснавальнікам і дырэктарам Дыскусійна-аналітычнай супольнасці «Ліберальны клуб». Аляксандр кіруе «Віцязем» і па сённяшні дзень.
Першым прэс-сакратаром клуба стаў Васіль Корф. Менавіта ён заклаў аснову ўсёй інфармацыйнай працы «Віцязя». Пазней Васіль перайшоў на працу ў БГК імя. Мяшкова. Сёння Васіль Корф з'яўляецца дырэктарам арт-студыі "Сонца ўзыйдзе" і экспертам «Ліберальнага клуба»
Дырэктарам па маркетынгу клуба ў перыяд з 2012 па 2015 гады з'яўляўся былы варатар маладзёжнай зборнай і сын вядомага моладзевага трэнера Мікалая Жука Уладзімір Жук.
Ну і нарэшце галоўным трэнерам той каманды выступіў адзін з лепшых маладзёжных трэнераў краіны і проста каларытная асоба Мікалай Жук. Каманда ў розных складах працавала пад яго кіраўніцтвам аж да лета 2015 года.
Свой першы афіцыйны сезон клуб праводзіць з пераменным поспехам. Каманда выглядае не згулянай, сырой, і відавочна прайграе ў фізічных кандыцыях сваім супернікам. Тым не менш, "Віцязь" выдае некалькі феерычных матчаў супраць "моцных сераднякоў" таго сезона - "Гомеля", "Аркатрона" і "БГК-2". Але ў выніку каманда займае 15-ы радок у чэмпіянаце Беларусі.
Праўда, чэмпіянат у той час быў трохі цікавей, і на матчы "Віцязя" часам збіралася вельмі прыстойная аўдыторыя.
У сакавіку 2013 года "Віцязь» заключыў пагадненне з Рэспубліканскім вучылішчам алімпійскага рэзерву (РВАР). Амаль усе гульцы папярэдняга складу былі заменены маладымі гандбалістамі, большасць з якіх выступалі за юнацкую зборную. Праект «Віцязь-РВАР» праіснаваў два сезона і скончыўся выпускам гульцоў 1996 года нараджэння. Каманда таксама правяла два сезона ў Балтыйскай лізе. З таго пакалення гульцоў у камандзе да сённяшняга дня паспяхова выступаюць Аляксей Баклажэц і Андрэй Васілевіч.
Лідэрамі каманды тых гадоў былі выдатныя гульцы, для якіх «Віцязь» заўсёды будзе іх першым клубам.
Гулец нацыянальнай зборнай Беларусі і лідэр гандбольнага клуба «СКА-Мінск" Аляксандр Падшывалаў. P.S.:фото Антон Сурапін.
Гулец нацыянальнай зборнай Беларусі і БГК ім. Мяшкова Арцём Кулак. У 2017 годзе намінаваны на званне лепшага маладога плэймейкера планеты.
Гулец нацыянальнай зборнай Беларусі і БГК ім. Мяшкова Андрэй Юрынок. У 2017 годзе намінаваны на званне лепшага маладога левага крайняга планеты.
Капітанам каманды тых гадоў быў сённяшні гулец эстонскай «Кехры» і проста добры хлопец Мікіта Ермашэвіч.
Цягам двух гадоў "Віцязь" выступае фактычна двума складамі - каманда РВАР гуляе ў чэмпіянаце Беларусі і Балтыйскай лізе, каманда "ветэранаў" - даволі паспяхова ў аматарскіх турнірах. Але былі і "эксперыментальныя" склады для выездаў у тую ж Балтыйскую лігу.
Пасля сезону 2013/2014 і роспуску гульцоў РВАРа «Віцязь» ўпадае ў перыяд смуты і нявызначанасці. Каманда не знаходзіць сродкаў на заяўку ў чэмпіянат Беларусі і прымае рашэнне ўдзельнічаць толькі ў Балтыйскай лізе і аматарскіх турнірах.У гандбольным асяроддзі распаўсюджваецца меркаванне, што клуб разваліўся.
На справе ж гэта быў перыяд поўнай перабудовы і назапашвання сіл. Менавіта ў той момант і нарадзілася стратэгія, якая дала новы імпульс камандзе. Да "віцязяў" далучаюцца майстры гандбола Арцём Красуцкі, Дзмітры Бабічаў, Антон Бароўскі, Вадзім Котаў. Каманда перамагае ў чэмпіянаце горада Мінска і знаходзіць новыя сілы для развіцця.
Адраджэньне «Віцязя» стала магчымым толькі дзякуючы самаадданасці гульцоў і ўпартай працы капітана і трэнера каманды таго цяжкага сезона Сяргея Радзюкова. Сёння Сяргей лідэр эстонскага клуба «Вільяндзі», за які ён выступае з мінулай восені.
У пачатку 2016 года ў «Віцязь» прыходзіць вопытны спецыяліст і аўтарытэтны трэнер Аляксандр Жыркевіч. Ён аб'ядноўвае вакол сябе каманду, збірае дадатковых гульцоў і выбудоўвае сістэмны трэніравальны працэс. Каманда набірае ход і ўпэўнена заяўляецца ў чэмпіянат Беларусі ў сезоне 2016/2017.
Сезон 2016/2017 становіцца для "Віцязя" вырашальным. Напрацягу ўсяго года каманда дэманструе якасны гандбол і даказвае сваю ўпэўненасць. А перамогі ў асобных матчах і зусім сведчаць аб сталасці і здаровай атмасферы ў камандзе. Сваё высокае майстэрства даказываюць гульцы Глеб Ваявода, Арцём Красуцкі, Іван Юркевіч, Яўген Кавальчук, Вадзім Котаў, Канстанцін Грыбаў і інш.
Сёння «Віцязь» - гэта ўпэўнены і зладжаны калектыў гульцоў з прафесійным стаўленнем да гандбола. У мінулым сезоне каманда даказала свой сур'ёзны ўзровень, заняўшы 6-е месца з 11 каманд у чэмпіянаце Беларусі і прабіўшыся на наступны сезон у групу «А». Каманда працягвае ўзмацняцца новымі гульцамі і будуе важкія планы на бліжэйшую восень.
Спасылкі на афіцыйныя старонкі "Віцязя" у сацыяльных сетках:"Вконтакте" Facebook