Все новости

Меліціна Станюта: «Я не разумею, калі нехта кажа, што «Пагоня» ня наша. Прабачце, а чыё?»

11 ноября 2016, 13:45
15

Беларуская гімнастка Меліціна Станюта распавяла пра сваё станаўленне да герба «Пагоня»

— Гісторыя Беларусі для многіх пачынаецца дзесьці ад 1991 году, ад здабыцьця незалежнасьці. Для пэўнай часткі — ад 1917-га, «пралетарскай рэвалюцыі». Для прасунутай публікі — ад Вялікага Княства Літоўскага, нехта нават узгадае Полацкае княства. Вашы інтарэсы наколькі глыбока сягаюць у глыбіню вякоў?

— Калі зыходзіць з такой храналёгіі, то, мабыць, якраз ад часоў ВКЛ. Пэрыяд княства Літоўскага мне цікавы нават зь нейкіх асабістых памкненьняў. Магу сказаць, што ў маёй матулі Іны Гецэвіч таксама няпростыя карані. Гецэвічы — гэта шляхетны род. Адзін зь яе продкаў браў удзел у пераможнай бітве на рацэ Геч, ёсьць родавы герб, карацей, усе атрыбуты. Зноў жа, дзякуючы бацькам, дзякуючы іх настойлівасьці я атрымлівала досыць шырокія веды. Яны выдатна разумелі, што спорт — добра, а кругагляд дзіцяці павінен быць максымальна шырокі.

— Якраз ад таго часу бярэ адлік і нацыянальная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Сёньня на дзяржаўным узроўні яны не асабліва «каціруюцца», але ж супраць фактаў, як кажуць, не папрэш...

— Так, гэта наша гісторыя, гэта было, і не адну сотню гадоў. Ну, а як яшчэ ставіцца да гісторыі? Я не разумею, калі нехта кажа, што гэта ня наша. Прабачце, а чыё? Першыя homo sapiens таксама быццам ня нашы, бо мы да іх не падобныя, але ж яны сталі падмуркам чалавечай цывілізацыі. Гэтыя сымбалі былі, чаму іх трэба выкрэсьліваць? Кажуць, што ў 1991-м былі ўжо іншыя герб і сьцяг, яны хіба толькі зьнешне нагадвалі свае прататыпы. Але сутнасна — гэта вяртаньне да каранёў. Тое, што было прапісана ў Канстытуцыі, што столькі гадоў працавала, узяць і выкінуць немагчыма. Спрабаваць выкрэсьліваць факты з гісторыі — дзеля чаго? Не разумею. Асабіста я веру, што гісторыя ўсё ж нечаму вучыць... – сказала Станюта.

Показать еще 15