Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Партызан» быў з'явай у белфутболе. Вось дзе сёння ягоны апошні склад: гулялі ў зборнай, каментуюць, у эміграцыі

«Партызан» быў з'явай у белфутболе. Вось дзе сёння ягоны апошні склад: гулялі ў зборнай, каментуюць, у эміграцыі

Бізнесмены, дальнабойшчык, пара айцішнікаў.

Аўтар — bytribuna com
16 лістапада, 19:00
13
«Партызан» быў з'явай у белфутболе. Вось дзе сёння ягоны апошні склад: гулялі ў зборнай, каментуюць, у эміграцыі

Калісьці мінскі МТЗ-РІПА/«Партызан» уяўляў сабой сурʼёзную моц у беларускім футболе. Каманда двойчы станавілася бронзавым прызёрам вышэйшай лігі (у 2005-м і 2008-м), брала Кубак Беларусі. Пасля сезона-2011 праект, які фінансаваўся літоўскім алігархам Уладзімірам Раманавым, спыніў існаванне, хаця да таго моманту, нягледзячы на фінансавыя праблемы, заваяваў права ўдзельнічаць у вышэйшай лізе.

Расказваем, дзе сёння гульцы той каманды (нехта дарос да зборнай, нехта змагаецца за медалі, а нехта жыве за мяжой).

Як вылецелі і як амаль вярнуліся

Яшчэ ў 2010-м каманда выступала ў вышэйшай лізе, і гэта быў першы год пад назвай «Партызан». Як казаў тагачасны дырэктар ФК Людас Румбуціс, на новым нэймінгу настаялі заснавальнікі (хацелі пазбавіцца занадта доўгай і не зусім зразумелай абрэвіятуры), хоць многія заўзятары былі супраць.

Сезон атрымаўся правальным і выклікаў трэнерскую чахарду. Спачатку калектывам кіраваў Румбуціс, сумяшчаючы пасады дырэктара і трэнера, пасля Уладзімір Геваркян, а затым ізноў Румбуціс. У чэмпіянаце-2010 калектыў заняў апошняе месца (5 перамог, 8 нічыіх, 20 паразаў) і вылецеў у Д2.

Каманду да сезона-2011 (і практычна поўнасцю адпрацаваў яго) рыхтаваў Уладзімір Курнеў. Тады ў першай лізе не аказалася роўных «Славіі», якая датэрмінова выйграла турнір. На другім месцы ж фінішавалі якраз мінчукі з 65 баламі (20 перамог, 5 нічыіх, 5 паразаў пры розніцы мячоў 59:26). У тым чэмпіянаце «Партызан» выдаў 19-матчавую бяспройгрышную серыю, і гэта пры тым, што гульцам, бывала, па два-тры месяцы не выдавалі заробак, а пра прэміяльныя нават гаворкі не ішло.

Мінчукі на 10 пунктаў апярэдзілі «бронзавую» «Гарадзею» і атрымалі права згуляць у стыках за пуцёўку ў вышэйшую лігу – супернікам стаў «Віцебск», 11-я каманда эліты. «Партызан» 1 снежня на «Трактары» абыграў «паўночнікаў» 2:0 дзякуючы галам Віталя Шапятоўскага і Аляксандра Макася, а праз тры дні на ЦСК «Віцебскі» саступіў 1:2 (у мінчукоў вызначыўся ўсё той жа Макась). Да таго моманту калектывам ізноў кіраваў Румбуціс (змяніў Курнева 12 лістапада), які па-ранейшаму выконваў абавязкі гендыра. Найлепшым бамбардзірам калектыву ў тым годзе стаў нападаючы Аляксандр Макась (19 галоў плюс два мячы ў «стыках»). Ва ўсім Д2 больш забіў толькі Юры Каралюк з «Хвалі» (21 гол).

Але заявіцца ў «вышку» мінчукі не змаглі – Раманаў адмовіўся далей спансіраваць клуб, а іншых крыніц фінансавання знайсці не ўдалося. І як ні прасіў Румбуціс дапусціць клуб да ліцэнзавання, федэрацыя аддала перавагу адразу ўвайсці ў сезон-2012 з 11 калектывамі. «Партызан» неўзабаве быў расфармаваны.

Расказваем, дзе сёння футбалісты, якія амаль дацягнулі той калектыў да эліты.

Уладзімір Пяцігорац, 33 гады, брамнік

Чэмпіянат-2011: 24 матчы, 22 прапушчаныя мячы, 10 матчаў на нуль

Дзе гуляў пасля: «Гарадзея», «Тарпеда-БелАЗ», «Тарпеда» (Мінск), «Белшына», «Спадарожнік», ДзЮСШ-2 Рэчыца, «Арсенал» (Дзяржынск), «Дняпро» (Магілёў)

Дзе сёння. У сакавіку-2023 заключыў кантракт з «Мінскам» і стаў самым узроставым гульцом самай маладой каманды ў Еўропе. Не так даўно паўдзельнічаў у перамозе над БАТЭ.

Сяргей Курганскі, 37 гадоў, брамнік

Чэмпіянат-2011: 9 матчаў, 6 прапушчаных мячоў, 6 матчаў на нуль

Дзе гуляў пасля: «Дняпро» (Магілёў), «Слонім», «Ліда», «Нёман»

Дзе сёння. Патрапіў у «чорны спіс» лукашэнкаўскага міністэрства па спорце за ўдзел у відэа супраць гвалту, праз што «Нёману» забаранілі заключаць з ім кантракт. Паўгода галкіпер проста трэнаваўся з камандай, а ў ліпені-2023 падпісаўся з «Макслайнам».

Максім Вітус, 34 гады, абаронца

Чэмпіянат-2011: 31 матч, 3 жоўтыя карткі

Дзе гуляў пасля: «Нёман», «Дынама» (Мінск), «Спліт» (Харватыя), «Дынама» (Брэст)

Дзе сёння. Пасля некалькіх гадоў у Брэсце, дзе стаў чэмпіёнам і ўладальнікам некалькіх Кубкаў і Суперкубкаў Беларусі, хацеў пагуляць за мяжой, але, не дачакаўшыся дастойных варыянтаў, у 2021-м завяршыў карʼеру. Думаў падацца ў трэнаванне, але абраў іншы напрамак – IT, дзе працуе па спецыяльнасці 3D-графіка ў кампаніі, якая распрацоўвае відэагульні.

Дзмітры Шматко, 34 гады, абаронца

Чэмпіянат-2011: 30 матчаў, 3 галы, 4 жоўтыя карткі

Дзе гуляў пасля: «Нёман», «Мінск-2», «Гарадзея»

Дзе сёння. Пасля сезону-2014 завяршыў карʼеру і неўзабаве пераехаў у Маскву, дзе ўладкаваўся ў адну з найбуйнейшых кансалтынгавых кампаній гораду «Першы Дом Кансалтынгу «Што рабіць Кансалт». Аднак апошнія гады Шматко жыве і працуе на Мальце, перыядычна прыязджае ў Мінск. Чым займаецца, даведацца не ўдалося, аднак, як кажуць розныя крыніцы, мае ўласны бізнес.

Раман Гаеў, 34 гады, абаронца

Чэмпіянат-2011: 21 матч, 2 жоўтыя карткі

Дзе гуляў пасля: СКВІЧ, «Іслач», «Крумкачы», «Тарпеда» (Мінск), «Андэрдог», «Крумкачы», «Макслайн», «Глухалазы» (Польшча)

Дзе сёння. Абаронцу затрымлівалі ў 2020-м на акцыях пратэсту ў Мінску (адседзеўшы суткі ў Жодзіне, атрымаў штраф у 10 базавых велічыняў). Пасля пагуляў і ў Беларусі, і ў Польшчы, паралельна працуючы то ў таксі, то на будоўлі. Увесну 2023-га з сямʼёй пераехаў у ЗША, дзе ўладкаваўся кабельшчыкам у кампанію, якая забяспечвае доступ да інтэрнэту.

Сяргей Халецкі, 39 гадоў, абаронца

Чэмпіянат-2011: 27 матчаў, 7 жоўтых картак

Дзе гуляў пасля: «Славія» (Мазыр), «Смаргонь»

Дзе сёння. Адзін з самых загадкавых персанажаў. Былыя аднаклубнікі ўспамінаюць, што ён і ў камандзе асабліва ні з кім не камунікаваў, а пасля сыходу кантакты практычна абарваліся. Вядома, што яшчэ ў 2022 годзе Халецкі працаваў дзіцячым трэнерам у Гродне, а потым, як сцвярджаюць некаторыя крыніцы, перабраўся ў Польшчу.

Дзмітры Харытановіч, 33 гады, паўабаронца

Чэмпіянат-2011: 11 матчаў, 1 жоўтая картка

Дзе гуляў пасля: «Рудзенск», «Слонім»

Дзе сёння. На гэты сезон быў заяўлены за каманду «Слонім-СІЦІ» з роднага гораду, але ў Д3 так і не згуляў. Працуе трэнерам у слонімскай СДзЮШАР №1, дзе вядзе каманды 2013 і 2014 гадоў нараджэння.

Антон Бубноў, 34 гады, паўабаронца

Чэмпіянат-2011: 25 матчаў, 3 галы, 2 жоўтыя карткі

Дзе гуляў пасля: «Гарадзея», «Іслач», «Белшына», «Маладзечна»

Дзе сёння. Пасля сезона-2021 у другой лізе ў складзе «Маладзечна» пакінуў клуб, а праз год завяршыў прафесійную карʼеру. Працуе таксістам у Мінску.

Іван Маеўскі, 35 гадоў, паўабаронца

Чэмпіянат-2011: 29 матчаў, 4 галы, 7 жоўтых картак

Дзе гуляў пасля: «Мінск», «Завіша» (Польшча), «Анжы» (Расія), «Астана» (Казахстан), «Ротар» (Расія), «Цэле» (Славенія)

Дзе сёння. Летам-2023 экс-хаўбек нацыянальнай зборнай завяршыў карʼеру ў Славеніі і застаўся там у структуры «Цэле». Спачатку ўваходзіў у трэнерскі штаб Альберта Рыеры, а калі іспанец пакінуў клуб, стаў дапамагаць расіяніну Раману Піліпчуку. Нягледзячы на тое, што профілю беларуса на афіцыйным сайце клуба ў раздзеле «Трэнеры» няма, вядома, што Маеўскі адказвае за фізпадрыхтоўку футбалістаў.

Абубакар Камара, 35 гадоў, паўабаронца

Чэмпіянат-2011: 23 матчы, 5 галоў, 6 жоўтых картак

Дзе гуляў пасля: «Мінск», «Метлаўі», «Сідзі-Бу-Зід», «Габес» (усе Туніс), «Сундбюберг» (Швецыя)

Дзе сёння. У 2018-м паўабаронца, які ў свой час правёў за «Партызан» больш за 100 матчаў, завяршыў карʼеру і вярнуўся ў Гвінею. Там працаваў у прадстаўніцтве кампаніі PUMA, а цяпер, як удалося даведацца, працуе трэнерам (займаецца як з дзецьмі, так і з дарослымі гульцамі).

Юрый Кендыш, 33 гады, паўабаронца

Чэмпіянат-2011: 27 матчаў, 1 гол, 4 жоўтыя карткі

Дзе гуляў пасля: «Тарпеда-БелАЗ», «Славія» (Мазыр), «Дынама» (Брэст), «Тракай», «Жальгірыс» (абодва – Літва), БАТЭ, «Шэрыф» (Малдова), «Шахцёр» (Салігорск), «Рыга» (Латвія)

Дзе сёння. Са студзеня-2022 ізноў гуляе за мяжой. Спачатку за «Рыгу», а з красавіка-2023 – за «Жальгірыс», якому дапамог узяць срэбра (24 матчы, 4 галы, 6 перадач, 6 жоўтых і 1 чырвоная картка). Таксама знаходзіцца ў «чорным спісе» псеўдаміністэрства.

Аляксандр Таўканіца, 34 гады, паўабаронца

Чэмпіянат-2011: 31 матч, 8 галоў, 1 перадача, 2 жоўтыя карткі

Дзе гуляў пасля: «Белшына», «Дынама» (Брэст), «Граніт», «Смаргонь»

Дзе сёння. Яшчэ ў 2019-м старажыл «Партызана» (117 матчаў ва ўсіх турнірах) завяршыў карʼеру і практычна адразу падаўся ў трэнаванне. Цяпер працуе з дзецьмі ў мінскай прыватнай футбольнай школе «Арсенал».

Арцём Ганчарык, 43 гады, паўабаронца

Чэмпіянат-2011: 29 матчаў, 2 галы, 1 перадача, 3 жоўтыя карткі

Дзе гуляў пасля: «Маладзечна»

Дзе сёння. Пасля сезона-2011 афіцыйна завяршыў карʼеру праз болі ў спіне і паехаў ва Украіну, дзе заняўся бізнесам. Але праз час вярнуўся ў Беларусь і нават бегаў за «Маладзечна» ў другой лізе ў сезоне-2018. Паспеў пабыць і спартовым дырэктарам ФК, а затым канчаткова завязаў з футболам. Цяпер жыве ў Маладзечне і, наколькі нам вядома, таксама займаецца прадпрымальніцтвам. 19-гадовы сын Арцёма Кірыл гуляе за «Астравец» у Д2.

Віталь Шапятоўскі, 40 гадоў, паўабаронца

Чэмпіянат-2011: 14 матчаў, 1 галы, 1 перадача, 1 жоўтая картка

Дзе гуляў пасля: СКВІЧ, «Крумкачы», «Іслач», «Тарпеда» (Мінск), «Промень»

Дзе сёння. Сезон-2018 пачынаў у стартавым складзе «Промня», але з ліпеня перастаў зʼяўляцца на полі і перакваліфікаваўся ў трэнера каманды, фактычна завяршыўшы карʼеру. Цяпер працуе дзіцячым трэнерам у мінскім філіяле школы маскоўскага «Дынама».

Андрэй Місюк, 42 гады, паўабаронца

Чэмпіянат-2011: 29 матчаў, 2 галы, 5 жоўтых картак

Дзе гуляў пасля: «Гарадзея», «Іслач»

Дзе сёння. Пасля заканчэння карʼеры ў «Іслачы» з клуба не сышоў – стаў трэнерам па фізпадрыхтоўцы ў штабе Віталя Жукоўскага. Разам з ім у 2021 годзе працаваў у БАТЭ, а са жніўня 2022-га, зноў жа як памочнік Жукоўскага, працуе ў казахстанскім «Атырау», які ў мінулым чэмпіянаце заняў сёмае месца.

Анатоль Карп, 31 год, паўабаронца

Чэмпіянат-2011: 20 матчаў, 1 жоўтая картка

Дзе гуляў пасля: «Шахцёр» (Салігорск), «Зорка-БДУ»

Дзе сёння. Пасля сезона-2015 у «Зорцы-БДУ» завяршыў карʼеру. Цяпер працуе кладаўшчыком у фірме, якая прадае заатавары.

Міхаіл Гарнак, 34 гады, нападаючы

Чэмпіянат-2011: 22 матчы, 4 галы, 2 жоўтыя карткі

Дзе гуляў пасля: «Граніт», «Бяроза-2010», «Крумкачы», «Сябар» (Мінск, АЛФ)

Дзе сёння. Завяршыў карʼеру ў пачатку 2019-га. Пасля працаваў прадстаўніком кампаніі «Ferrero Rocher». Але з цягам часу вярнуўся ў футбол у ролі каментатара. Супрацоўнічаў з «Крумкачамі», ужо некалькі гадоў працуе на матчах у ролі штатнага каментатара АБФФ. Таксама зʼяўляецца адным са стваральнікаў і вядучым падкаст-праекту «На банцы». У 2023 годзе стаў гульцом DMedia – праекту, які курыруе лукашэнкаўскае міністэрства па спорце.

Аляксандр Макась, 32 гады, нападаючы

Чэмпіянат-2011: 27 матчаў, 21 гол, 4 жоўтыя карткі

Дзе гуляў пасля: «Мінск», «Атырау» (Казахстан), «Тарпеда-БелАЗ», «Дынама» (Мінск), «Іслач», «Судува» (Літва), «Гомель», « Дынама» (Брэст)

Дзе сёння. Памяняў нямала клубаў, у тым ліку пагуляў у Казахстане і Літве. Сёлетні сезон пачынаў у брэсцкім «Дынама», але ў ліпені 2023-га вярнуўся ў «Іслач» і з ёй змагаецца за бронзавыя медалі ЧБ.

Сяргей Корсак, 34 гады, нападаючы

Чэмпіянат-2011: 21 матч, 4 галы, 1 жоўтая картка

Дзе гуляў пасля: «Смаргонь», «Нафтан», «Слуцк», «Гарадзея», «Узда», «Крумкачы», «Ліда», НФК, «Макслайн»

Дзе сёння. Усю карʼеру правёў у Беларусі і фактычна завяршыў яе ў жніўні-2020, калі атрымаў дыскваліфікацыю на два гады за ўдзел у дагаворных матчах у перыяд выступлення за «Ліду» ў 2018-м. Пасля працаваў у Мінску ў адной са службаў дастаўкі, а цяпер, паводле нашых звестак, заняты ў IT.

Дзмітрый Юзвовіч, 34 гады, нападаючы

Чэмпіянат-2011: 10 матчаў, 1 гол, 1 жоўтая картка

Дзе гуляў пасля: «Нёман», «Баранавічы», «Слонім», «Смалявічы»

Дзе сёння. Завяршыць карʼеру нападаючага прымусіла траўма, якую ён атрымаў у верасні 2015-га, выступаючы за «Смалявічы». Цяпер працуе дальнабойшчыкам.

Людас Румбуціс, 67 гадоў, гендырэктар, галоўны трэнер

Дзе працаваў пасля: моладзевая зборная Беларусі, асістэнт галоўнага трэнера «Дняпро» (Магілёў)

Дзе сёння. Ужо некалькі год нікога не трэнуе. Зʼяўляецца амбасадорам букмекерскай кампаніі, выступае як эксперт у СМІ, сочыць за фізічнай формай. Да нядаўняга часу меў прыбытак з аптэчнага бізнесу, але, як стала вядома, ужо згарнуў яго. Цяпер развівае новую справу.

Уладзімір Курнеў, 73 гады, галоўны трэнер

Дзе працаваў пасля: «Дынама» (Брэст), «Мінск», асістэнт галоўнага трэнера ЖФК «Мінск»

Дзе сёння. Галоўны моднік беларускага футбола зрабіў шмат для вяртання ў эліту, але ў лістападзе быў звольнены, бо каманда пасыпалася і прапусціла наперад «Славію». Цяпер Курнеў уваходзіць у трэнерскі штаб жаночай зборнай Беларусі U-17.

Фота: Іван Уральскі, Якаў Церашэнкаў, Юлія Бруёва, fcisloch.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты