Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Боль Корзуна: штраф замест палiграфа па справе «Шахцёра» i матч-фантом, што нiбыта пераканаў сысцi

Боль Корзуна: штраф замест палiграфа па справе «Шахцёра» i матч-фантом, што нiбыта пераканаў сысцi

Цяпер павiнны ўзрасцi не толькi заробак футбалiста, але i наведвальнасць яго гульняў.

Аўтар — Pam-pam
18 лютага, 06:00
Боль Корзуна: штраф замест палiграфа па справе «Шахцёра» i матч-фантом, што нiбыта пераканаў сысцi

У вераснi 2020-га Мікіта Корзун стаў гульцом салiгорскага «Шахцёра», падпicаўшы кантракт на 3,5 сезона. Клуб з гульцом штампаваў чэмпiёнствы, але ў 2023-м сталi хадзiць чуткi пра арганiзацыю «гарнякамi» «дагаварнякоў», а 11 траўня ў АБФФ абвясцiлi, што пазбаўляюць «Шахцёр» чэмпiёнства-2022, а таксама ачкоў у ЧБ-2023 (канчатковы «штраф» склаў 35 балаў) i ЧБ-2024 (мiнус 20 балаў).

Атрымаў i асабiста Корзун – яму далi штраф у 11,1 тысячы рублёў (тады 4,4 тысячы долараў), у выпадку нявыплаты якога пагражалi дыскваліфікаваць на год (такога не здарылася – гэта значыць гулец знайшоў грошы). У рэжымным «МУС» заявілі, што Корзун па просьбе функцыянера «Шахцёра» Уладзіміра Нідэргауса ў 2022-м нібыта перадаў у «Гомель» «прапанову за пэўную суму грошай адабраць ачкі ў «Энергетыка-БДУ». На дзяржТБ таксама прывялі нібыта паказанні гульца «Шахцёра», не называючы яго імя, дзе футбаліст прызнаў, што просьба ад Нідэргауса была, але «не памятаў», ці звязаўся з кімсьці з «Гомеля».

На днях гулец даў iнтэрв’ю, дзе iзноў паднялi тэму справы «Шахцёра». Корзун на конт «Гомеля» цяпер заявiў адназначна: нi з кiм адтуль не звязваўся, ды i, маўляў, увогуле «не быў у курсе, што недзе там нешта здаецца» (чыi ж тады паказаннi прыводзiў рэжым – у гульца не запыталiся). А яшчэ паскардзiўся на АБФФ – маўляў, паверылi Нiдэргаусу на слова i не далi сябе абаранiць.

«Мяне выклікалі на КДК. Кажуць: «Ты вінаваты». Адказваю: «Я не вінаваты». Пытаюся, як я магу даказаць сваю невінаватасць. «Ты гатовы прайсці дэтэктар хлусні?» – «Ды хоць зараз, любыя тэсты, давайце». Кажуць: акей, маўляў, чакай, мы цябе выклічам. А праз некаторы час чытаю: Мікіта Корзун пакараны. Дзякуй, выклікалі, не схлусілі» – iранiзаваў футбалiст.

Корзун распавёў, што астатак сезона з барацьбой за выжыванне быў для яго «суцэльнай пакутай», а ўлетку не пакінуў «Шахцёр» толькі таму, што хацеў дапамагчы трэнеру Аляксею Багу. Аднак у футбаліста дадаткова ўдакладнілі, калі менавіта ён вырашыў дакладна растацца з клубам – адразу пасля абвесткi з АБФФ ці пазней. І Корзун выдаў невідавочную версiю.

«Напэўна, калі з’ездзіў на кубкавую гульню з «Маладзечнам». Сядзеў тады на замене, глядзеў на трыбуны. Палічыў: 97 чалавек. Зразумеў, што гэта край, што трэба старацца некуды з’ехаць», – так быў прыведезны адказ футбаліста.

Адна праблема – ездзiць на кубкавую гульню з «Маладзечнам» «Шахцёру» не даводзiлася ажно з 2003-га. У 2023-м жа адзiны кубкавы выезд пасля абвяшэчэння пра пакаранне ў клуба быў у Івацэвічы на матч супраць аднайменнай каманды. Згодна з пратаколам, наведалі гульню 1200 чалавек, ды i па фота бачна, што людзей было шмат – дакладна не той варыянт.

Цалкам магчыма, што цi Корзун, цi iнтэрв’юер, цi яны разам крыху пераблыталi сiтуацыю. Таму што ў Маладзечна «Шахцёр» у 2023-м усё ж ездзiў – там 4 лістапада 2023-га гасцей з Салiгорска прымала «Іслач». Корзун да 58-й хвіліны як раз сядзеў на лаўцы. Праўда, паводле афіцыйных звестак матч наведала не 97 гледачоў, а 340 – але i Корзун мог палiчыць не ўсiх, таму што хтосьцi ў Маладзечне глядзiць футбол над скамейкамi каманд, а фан-сектары знаходзяцца па баках ад iх.

А на той трыбуне, якую Корзуну было добра вiдаць, сапраўды ўсё было сумна.

Па афіцыйных даных, менш гледачоў – 273 чалавекі – было ў вераснi 2023-га на матчы «Шахцёра» ў «Гарадзеi», дзе салігорскую каманду прымаў «Мінск». Але там Корзун правёў усю гульню на полi, таму наўрад цi яму было зручна лiчыць людзей на пуставатых трыбунах.

Адзначым, што быў у ЧБ-2023 матч, якi нават афiцыйна наведалi менш гледачоў, чым дзесьцi налiчыў Корзун. 77 чалавек запiсалi ў пратакол гульнi «Энергетык-БДУ» – «Смаргонь» у Барысаве.

Цяпер Корзун, які лічыць, што ў еўрапейскіх чэмпіянатах беларусаў бачыць не жадаюць (цікава, што на гэты конт сказалі б, напрыклад, Шкурын, Шыкаўка ці Марозаў), будзе выступаць у чэмпіянаце Казахстана – у студзені падпісаў кантракт з казахстанскім «Елімаем». Там з навдвальнасцю як раз добра – у мiнулым сезоне на дамашнiя матчы клуба ў Д2 прыходзiла ў сярэднiм 5200 гледачоў. Але трэба ўлiчваць, што клуб у 2023-м выйграў Д2 без адзiнага паражэння – у Д1, калi пачнуцца праблемы з вынiкамi, гледачоў можа i паменьшыць.

Але тады Корзун зможа суцешыцца зарплатай – па звестках «Трыбуны», экс-капiтану «гарнякоў» у «Елiмае» пакладзена каля 15 тысяч долараў на месяц. Такую яму б цяпер дакладна не далi ў лiмiтным белфутболе – «столь» ужо складае менш за 5 тысяч долараў, а па сваiм кантракце (ён не ўваходзiў у лiмiты, таму што быў падпicаны да iх увядзення) у «Шахцёры» гулец атрымлiваў 12 тысяч.

Іншыя пасты блога

Усе пасты